Залатая “Лялька”

Праект “Лялечны квартал” на “Славянскім базары ў Віцебску” адкрываўся спектаклем гаспадароў — “Ох і залатая табакерка”. Далейшая прэм’ера “Сцяжынкі добрых сустрэч” таго ж Беларускага тэатра “Лялька” сабрала самых маленькіх.

 

Золата “Табакеркі” атрымалася папраўдзе вышэйшай пробы — цёплае, сонечнае, нацыянальна саламянае. Спектакль быў пастаўлены ў 2021 годзе колішнім заснавальнікам і мастацкім кіраўніком тэатра — заслужаным дзеячам мастацтваў Рэспублікі Беларусь Віктарам Клімчуком. За гэты час падрасла новая публіка, змяніўся акцёрскі склад, а работа ўспрымаецца прэм’ернай. Што ні кажыце, вечна жывая класіка. Тут няма суперадкрыццяў, рэзкага змянення эстэтыкі ці чагосьці звышкасмічнага, а ёсць вельмі беражлівае захаванне і памнажэнне найлепшага з нацыянальнай спадчыны — на ўсіх узроўнях.

Пастаноўку “Ох і залатая табакерка” можна глядзець безліч разоў, не шкадуючы охаў-ахаў шчырага задавальнення. І будзе цікава. Бо ў творы ледзь не ў кожнай сцэне ўзнікаюць моманты здаровай непрадказальнасці (а добрая імправізацыя, як вядома, тая, што добра адрэпеціравана). Дарэчы, жанр так і акрэслены — спектакль-імправізацыя па матывах беларускай народнай казкі. Гэта і апора на мастацтва гусляроў-апавядальнікаў, вандроўных артыстаў, і меседж бацькам, каб так жа прыдумлялі казкі сваім дзецям — у дыялогу, дзе кожны выступае і аўтарам, і слухачом-гледачом, а сярод прапаноў вылучаюцца найлепшыя, найбольш цікавыя. Праца ў камандзе!

Фальклорны пачатак відавочны не толькі ў сюжэце, дзе спляліся казачныя павевы розных славянскіх народаў. Ён практычна ва ўсім. У музыцы Алены Пеле скарыстаны беларускія песні, найгрышы. Акцёры заўзята выконваюць “Чаму ж мне не пець”, іграюць на дудцы, дудзе, скрыпачцы, барабане, трашчотцы, старадаўніх трубах — штосьці імітуюць, а штосьці гучыць і жыўцом.

У харэаграфіі Дзіны Юрчанка ёсць і полечкі, і паланэз, які заставаўся ў беларускай шляхты прыкметай ліцвінскай культуры, што бярэ пачатак у часах Вялікага Княства Літоўскага. Не толькі танцы, але і бег, хадзьба, “плаванне”, іншыя рухі зроблены кідка, разнастайна, з асаблівым імпэтам.

А галоўная адметнасць спектакля — у працы мастака Дзмітрыя Гаралевіча. Дэкарацыі, лялькі, касцюмы — усё вырашана як адраджэнне народных рамёстваў і найперш саломапляцення. Ледзь падымаецца заслона, зала напаўняецца ні з чым не параўнальным пахам саломкі, ільну. Пачынаецца дзея таямніча, са з’яўлення вялізнага саламянага змея. Пры ўсёй яго ваяўнічасці — недаўгавечнасць, крохкасць матэрыялу, з якога выраблены персанаж, адразу ўтрымлівае своеасаблівую падказку: зло будзе пераможана.

Яшчэ адзін такі “спойлер” чытаецца ў роставай ляльцы гэтага героя. Маска змея нагадвае казу, што вадзілі на Каляды. А тая хаця і бывае хітрай ды рогі выстаўляе, захоўвае беларускую памяркоўнасць і гумар: калі трэба, можа і “памерці”. Сярод сцэнічных прылад — посцілкі, ператвораныя ў насценныя дыванкі, куфар, саламяныя павукі-абярэгі.

Лялькі Янкі, Каралеўны — планшэтныя. Але многія выявы — плоскія, што вымушае ўспомніць і праваслаўныя каноны, і некаторыя традыцыі батлейкі, дзе падобны прыём выкарыстоўваўся ў больш позні перыяд, і сучасныя аплікацыі, нават магніцікі. Такая вось непарушная повязь даўніны з цяперашнім днём. А ці ж не прыклад беларускай талерантнасці — сяброўства коткі з мышкай, убранай у нацыянальнае адзенне? Котка нават садзіць мышку сабе на спіну, пераплываючы мора. Ды і гумар вельмі беларускі — мяккі, спагадлівы, добразычлівы. І сапраўды смешна — дзецям і бацькам. Усёй сям’і!

***

Прэм’ерныя “Сцяжынкі добрых сустрэч” было вырашана пазней, у новым сезоне, перайменаваць у “Грузавічок”. Спектакль пазначаны 0+, і такая назва мэтавай аўдыторыі больш зразумелая. У аснову пакладзены модны сёння жанр роўд-муві, бо дзеянне разгортваецца ў дарозе. Грузавічок, фары якога мігцяць, бы вочкі, едзе шукаць сяброў. Вядома, знаходзіць — зайку, вожыка, ягня. З’яўляюцца сябры і ў хлопчыка, што прыйшоў у дзіцячы сад з тым грузавічком і пачынае гуляць з ім. Разам яны пераадольваюць маленькія непрыемнасці — бо якая вандроўка без прыгод?

Пры ўсёй універсальнасці сюжэтнай лініі пастаноўка не толькі прывівае дзецям найлепшыя этычныя якасці, але і нязмушана настройвае іх на сучасную эстэтыку. У афармленні кубікаў, домікаў, сцэнічных строяў Дзмітрый Гаралевіч працягвае традыцыі супрэматызму з яго квадратамі, кругамі, трыкутнікамі, простымі базавымі колерамі. Фантазійныя галіны дрэў нагадваюць чупа-чупсы. А вялізныя кубы выкарыстоўваюцца і як зэдлікі, і як куфры-сховішчы.

Героі размаўляюць і па-беларуску, і па-дзіцячы: літаратурная норма натуральна суседнічае з няўцямным лепетам, гукавыяўленчасцю. Малады рэжысёр Марыя Кавалёва ўдала падтрымлівае атмасферу гульні, дапамагае і музыка. Хатняя ўтульнасць малой залы патрабуе асаблівай шчырасці. Бо артысты іграюць то хлопчыкаў і дзяўчынак з усімі адметнасцямі іх характараў і розных тэмпераментаў, то цацкі.

Такія імгненныя ператварэнні, частая змена настрою персанажаў, іх то адкрытасць, то крыўдлівасць, жаданне быць у цэнтры ўвагі ці, наадварот, інтравертна хавацца ў цені — усё гэта адпавядае дзіцячай псіхалогіі. І становіцца своеасаблівым майстар-класам для дарослых, як ім зразумець унутраны стан малых сыноў і дачок і паразмаўляць пра гэта на прыкладзе ўбачанага.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва тэатра

MAX TikTok