Юбілейны ХХХV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” прынёс нашай краіне адразу некалькі значных узнагарод. Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” атрымаў знакаміты кампазітар Леанід Захлеўны. Гран-пры дзіцячага конкурсу — у нашай Лізаветы Цупрык. Алена Кузняцова стала лаўрэатам другой прэміі дарослага творчага спаборніцтва.

ЛІЧБЫ, ЛІЧБЫ
“Славянскі базар” нараджаўся найперш як конкурс эстрадных выканаўцаў, але з цягам часу распаўсюдзіўся і на юных спевакоў, і на прадстаўнікоў іншых відаў мастацтва. Штогод форум спаборнічае яшчэ і сам з сабой — развіваецца, пашыраецца, паглыбляецца.
Сёлета ён сабраў 8350 удзельнікаў з 52 краін. Гэта найбольшы геаграфічны ахоп за ўсю гісторыю. Упершыню да праграмы далучыліся М’янма і Катар. Трансляцыі ж глядзелі ўвогуле ў 119 дзяржавах — таксама прырост, бо ў мінулым годзе іх было 118.
Традыцыйна хутчэй за ўсё раскупілі квіткі на адкрыццё фестывалю — за 1 гадзіну 27 хвілін. Некаторыя праз электронную пошту пачалі ўжо браніраваць месцы на канцэрты наступнага, 36-га форуму, хаця дакладныя даты яго правядзення яшчэ невядомыя.

Сярод акрэдытаваных СМІ расце колькасць блогераў. Самаму малодшаму з іх сёлета было ўсяго восем гадоў — і гэта дзяўчынка. Агулам жа ў горад на Дзвіне прыехала 600 журналістаў з дзевяці краін. Яны асвятлялі больш як 200 падзей на 33 пляцоўках. Здавалася б, усе асноўныя мерапрыемствы ладзяцца ў цэнтры горада. Але фестывальныя службы падлічылі: калі скласці тую адлегласць, што пераадолелі журналісты за сем святочных дзён, атрымаецца прыблізна 47 250 кіламетраў.
Да “Славянскага базару ў Віцебску” было высаджана звыш 1,5 мільёна кветак, арганізавана безліч фотазон, у тым ліку ва ўсіх гатэлях. Артысты Маскоўскага драмтэатра імя М. Ярмолавай нават прызналіся, што як заўзятыя дачнікі падгледзелі многа кветкава-дызайнерскіх ідэй і ў далейшым паспрабуюць рэалізаваць іх у сябе.
ДЗЕЦІ І ПЕСНІ

Гран-пры дзіцячага конкурсу — цалкам безумоўнае. Са 130 магчымых балаў наша Лізавета Цупрык набрала ўсе 130: кожны член журы паставіў ёй заслужаную дзясятку і ніяк не менш.
Астатнімі лаўрэатамі сталі прадстаўнікі Румыніі, Ізраіля, Казахстана, Расіі, Балгарыі. Зладжанасць працы, аднагалоснасць у прыняцці рашэнняў, якая бывае далёка не заўсёды, адзначыла старшыня журы Ілона Бранявіцкая (Расія).

— На конкурсах, — заявіла яна, — ацэньваецца не столькі само дзіця, колькі ўзровень яго падрыхтоўкі. Таму часцей перамагаюць тыя, хто больш навучаны, мае большы досвед. І Лізавета — чарговы доказ гэтага: яна патрапіла на форум толькі з пятай спробы.
— Удзел у фестывалях загартоўвае, — дадала Вікторыя Алешка. — Перамога акрыляе. А пройгрыш павінен стаць стымулам для далейшых заняткаў, узмацніць эмацыйнае здароўе, баявую вытрымку. Бо ў творчай кар’еры важнейшыя не цяперашнія спаборніцтвы, а тое, як артыста будзе прымаць публіка.

Усе гаварылі пра надзвычай высокі конкурсны ўзровень. І суправаджалі канстатацыю гэтага факта заўвагамі: “Зараз дзеці спяваюць вельмі крута, мы ў сваім маленстве так не маглі”, “Кожны з іх — ужо гатовы артыст” (бо выступае з Нацыянальным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі імя М. Фінберга).

Разам з тым гучала і занепакоенасць, што ў некаторых канкурсантаў песні не па ўзросце. І хаця на адзнаках журы гэта не адбівалася, суддзі шкадавалі, што дзеці так спяшаюцца пасталець. Праўда, з залішняй даросласцю рэпертуару пагадзіліся не ўсе. І аргументавалі гэта не толькі акселерацыяй, але і сутнасцю самой прафесіі артыста — паказваць тое, што табе, магчыма, не ўласціва, увасабляць таго, кім ты не з’яўляешся.
ГОЛАС ВЫРАШАЕ ЎСЁ
Дарослы конкурс, які па традыцыі праходзіць у амфітэатры, стаў яшчэ больш захапляльным і па інтрызе, і па відовішчнасці. Нягледзячы на сур’ёзнасць грашовых узнагарод і балы, што выстаўляліся ў рэжыме рэальнага часу ў жывым эфіры, спаборніцтва рушыла ў бок святочнага канцэрта. Нават лёсаванне сёлета было незвычайным: удзельнікі маглі выцягнуць толькі першы, апошні і 13-ы нумары. Астатнюю паслядоўнасць выступленняў вырашалі рэжысёры.
Пры ўсёй парадаксальнасці такое рашэнне яшчэ больш наблізіла канкурсантаў да звыклай для іх канцэртнай практыкі. Выкананне сусветнага хіта аздаблялася сапраўдным шоу, прычым былі прадстаўлены не толькі балет або цырк, але і шматлікія сцэнаграфічныя прылады: і вялізны карабель, і аўто, і байк. А ў другі конкурсны дзень, які адначасова робіцца закрыццём фестывалю і ідзе ў суправаджэнні Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Беларусі, удзельнікі спявалі падрыхтаваны славянскі хіт, каб атрымаць адзнаку, і для душы, разам з залай — па адным куплеце самых вядомых у нас твораў.
Мы пачулі шмат моцных, прыгожых, адметных па тэмбры галасоў. Узровень спаборніцтва аказаўся такім высокім, што ўсё вырашаў адзін бал некага з членаў журы на чале са знакамітым Анатолем Ярмоленкам. Гран-пры паехаў у Італію. Розі Альфана, што выступае пад сцэнічным імем Soraya, набрала 135 балаў са 140 магчымых. Амалят з Казахстана — 134 (першая прэмія).

Наша Алена Кузняцова — 133, што дазволіла ёй падзяліць другую прэмію з Аляксеем Осічавым з Малдовы (134), які здабыў таксама прэмію імя У. Мулявіна. На трэцім месцы апынуліся прадстаўнікі Кыргызстана і Грузіі, набраўшы 132 і 131 бал адпаведна. Розніца паміж уладальнікамі гран-пры і трэцяй прэміі ўсяго ў чатыры пункты — такога яшчэ не бывала.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА,
Святланы ЧЭКАЛАВАЙ, Ангеліны САРОКА