Ліпеньскі нумар часопіса “Мастацтва” чакае чытачоў.

Адно з найвышэйшых цывілізацыйных стварэнняў чалавецтва — тэатр. Так лічыць дырэктар Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Святлана Навуменка. У інтэрв’ю Анастасіі Васілевіч яна распавядае пра свой шлях у мастацтва, што распачаўся яшчэ ў дзяцінстве. Гераіня згадвае, як некалі прабіралася ў Дом афіцэраў на спектаклі “Таганкі”, каб убачыць Юрыя Любімава, як разам з сяброўкамі ставіла ўрыўкі з оперы “Кармэн” і гастралявала па школах раёна, як усвядоміла сілу сцэны…
Тэму тэатра працягвае агляд “Лета? Вядома, з балетам!”. Эмацыйныя фотаздымкі дапаўняюць аналітычны тэкст Надзеі Бунцэвіч — карысць і задавальненне атрымаюць і аматары, і прафесіяналы.
Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі сёлета выпусціла двух кампазітараў — Уладзіслава Кірчанку і Соф’ю Чабатарову. На дзяржаўным экзамене маладыя творцы выступалі са студэнцкімі хорам і сімфанічным аркестрам. Ацэнку работам даў дэкан аркестравага факультэта Ігар Комар. Кантату “Восеньскі дзень” С. Чабатаровай можна пачуць, адсканіраваўшы QR-код пад публікацыяй.
Дарэчы, яшчэ адзін QR-код адсылае да неафіцыйнага гімна “Славянскага базару” — песні “Все цветы июля” ў трох розных выкананнях: Ларысы Долінай, аўтарскім — Леаніда Захлеўнага, а таксама Ірыны Дарафеевай — голасу кампазіцыі.
Аматарам культурнай спадчыны будуць цікавыя матэрыялы, прысвечаныя слуцкаму поясу, які з’явіўся ў Нацыянальным мастацкім музеі, маляванцы Алены Кіш і традыцыйнай пісанцы. Рэцэнзію на кнігу па роспісе велікодных яек прадставіла доктар гістарычных навук Таццяна Валодзіна.
Завяршае ліпеньскі нумар часопіса “Мастацтва” праект “Музыка жаночага хараства”. Гэтым разам загучала карціна Барыса Аракчэева: палатно “Хлеб” увасобіла ў музыцы трэцякурсніца Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Яўгенія Сцянько.
Служба інфармацыі “К”