“Рабіце сваю справу, радуйце людзей”

Апублiкавана: 17 лiпеня 2026 Стужка Афіцыйна Віцебск і воблась Фестывалі

Аўтар: Аўтары

Такі наказ Кіраўнік дзяржавы даў артыстам і творчым работнікам падчас ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Сам форум беларускі лідар назваў “больш чым культурнай падзеяй”,“люстэркам нашай гісторыі” і “асновай шчырай і моцнай дружбы краін і народаў”. Чаму?

 

Аляксандр Лукашэнка 16 ліпеня паўдзельнічаў ва ўрачыстым адкрыцці ХХХV Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Перадусім Прэзідэнт прыгадаў, як нараджаўся культурны брэнд Беларусі, якому сёлета споўнілася 35 гадоў.

— Для святочнай традыцыі гэта толькі пачатак. Для нас з вамі, жыхароў горада і гасцей, арганізатараў, творчай каманды, артыстаў, рамеснікаў, — гэта цэлая эпоха, — падкрэсліў лідар. — “Славянскі базар” заўсёды быў больш чым культурная падзея. Ён — як люстэрка нашай гісторыі. Гісторыі не толькі суверэннай Беларусі, але і гісторыі ўсяго свету.

Кіраўнік дзяржавы распавёў, што ідэя форуму з’явілася тады, калі свет мяняўся:

— У перыяд, калі, мякка кажучы, было не да песень. Народы, якія яшчэ нядаўна былі адной сям’ёй, тады вучыліся жыць паасобку. Не ўсе разумелі наша жаданне займацца арганізацыяй такога маштабнага свята. Занадта шмат было сур’ёзных нявырашаных пытанняў — палітычных, эканамічных, сацыяльных. І ў нас, беларусаў, і ў нашых найбліжэйшых суседзяў — перш за ўсё расіян, украінцаў. Але фестываль быў патрэбны вам — людзям.

У 2000 годзе “Славянскі базар у Віцебску” паставіў рэкорд, сабраўшы прадстаўнікоў абсалютна ўсіх славянскіх народаў. Усяго за час правядзення форуму ў ім паўдзельнічалі прадстаўнікі 85 краін.

Прэзідэнт заўважыў, што гісторыю свята не перапынялі ні крызісы, ні пандэмія.

— Увесь свет быў у лакдаўне, але пазыўныя “Славянскага базару” гучалі з Віцебска. Віцебск гаварыў і паказваў, што сапраўднае мастацтва ніколі не мела і не будзе мець перашкод. Толькі ўявіце: за ўвесь час на сцэне амфітэатра выступіла больш за 18 тысяч артыстаў, — паведаміў Кіраўнік дзяржавы. — У дні “Славянскага базару” да нас прыязджае столькі людзей, што горад павялічваецца ў два разы. Усё гэта не проста лічбы. Кожны наш госць, кожны ўдзельнік — стваральнікі гісторыі фестывалю. Гэта нашы традыцыйныя сябры, і сябры назаўсёды.

Звяртаючыся да гледачоў, артыстаў і арганізатараў “Славянскага базару ў Віцебску”, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што без іх не было б форуму.

— Ведаю, што сёння, як і шмат гадоў таму, у зале знаходзяцца і беларусы, і палякі, рускія, украінцы, прадстаўнікі дзясяткаў іншых краін, якія прыехалі да нас па бязвізе. Ваша прысутнасць тут — гэта тое непарушнае, у чым мае патрэбу наш свет, такі крохкі, нестабільны і абсалютна незразумелы ў сваім развіцці. Мы шмат зрабілі і будзем рабіць для таго, каб “Славянскі базар” заставаўся асновай шчырай і моцнай дружбы краін і народаў. Гэта так патрэбна сёння, — распавёў лідар.

Ён выказаў упэўненасць, што з падтрымкай сяброў і са шчырай любоўю гледачоў далейшая гісторыя фестывалю будзе доўгай і яркай.

— Сцэна “Славянскага базару” з году ў год адкрывае новыя таленты і імёны. Але запаленыя тут зоркі павінны помніць, што прадаўжаюць шлях найвялікшых майстроў. Тых, у каго можна і трэба вучыцца. Сувязь пакаленняў, пераемнасць — гэта тое, што робіць сапраўднае мастацтва вечным, — канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

У час цырымоніі адкрыцця лідару паднеслі памятны падарунак у сувязі з юбілеем форуму — кампазіцыю з 35 васількоў. На экране Летняга амфітэатра паказалі кадры 1995 года, на якіх Аляксандр Лукашэнка абвясціў, што бярэ пад сваё патранаванне віцебскі Міжнародны фестываль мастацтваў. Вядучая форуму Алена Спірыдовіч адзначыла:

— Тады, у 1995 годзе, мы ўручалі вам сімвалічны падарунак за вырашальны ўклад у лёс нашага фестывалю. Тады гэта быў усяго адзін васілёк, а сёння гэта цэлы букет “славянскага адзінства”. У ім распусцілася 35 васількоў. Роўна столькі, колькі споўнілася нашаму фестывалю!

Прэзідэнт успомніў, як творчыя работнікі ў тыя першыя гады вельмі прасілі не загубіць “Славянскі базар”, каб ён застаўся.

— І я паабяцаў, што наша гэтае дзейства мы павінны захаваць, чаго б нам ні каштавала. І дажджом залівала нас, і пякло сонца. Усякае тут было. Мы вымушаны былі дах тут (пабудаваць над Летнім амфітэатрам. — Заўв.) — узяць пад дах наша творчае мерапрыемства. Але мы яго захавалі, — прыгадаў лідар. — І я шчаслівы. У маёй доўгай прэзідэнцкай службе гэта адна з важных старонак.

Аляксандр Лукашэнка гарантаваў, што ў нашай краіне заўсёды знойдуцца магчымасці для рэалізацыі талентаў.

— Творча працуйце, стварайце. Наколькі магчыма, мы будзем вам дапамагаць. Ведайце, дзе б вы ні былі — у Афрыцы, Амерыцы, Еўразіі, што Беларусь — гэта мірны астравок, дзе вы заўсёды знойдзеце “прытулак”. Заўсёды знойдзеце пляцоўку для таго, каб на ўвесь свет заявіць, што мастацтва — гэта і ёсць мір, — адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што мастацтва “так сёння патрэбнае ў нашай славянскай сям’і, у нашай садружнасці”.

Звяртаючыся да артыстаў і творчых работнікаў, Прэзідэнт сказаў:

— Рабіце сваю справу! Ды не лезьце вы ў гэтую палітыку, чорт бы яе ўзяў. Рабіце сваю справу, радуйце людзей. Радасных дзён у вас, у нас не так ужо і шмат. Таму тое, што будзе адбывацца на гэтым маленькім пятачку ў Віцебску, з’яўляецца абнадзейлівым. Гэта — наша жыццё. Гэта — наша будучыня.

Падрабязней — на партале president.gov.by

MAX TikTok