35 васількоў, дзве імянныя зоркі, больш за 200 яркіх імпрэз, безліч радасных усмешак і сустрэч. XXXV Міжнародны фестываль мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” аб’яднаў вядомых майстроў сцэны, маладых талентаў і тысячы ўдзячных гледачоў з розных краін свету. Чым яшчэ адзначыўся форум? Згадаем некаторыя адметныя падзеі.
УРАЧЫСТАЕ АДКРЫЦЦЁ

Цырымонія адкрыцця юбілейнага фестывалю адбылася 16 ліпеня ў Летнім амфітэатры. Ва ўрачыстасці традыцыйна паўдзельнічаў Прэзідэнт Беларусі.

Павітаўшы гасцей, Аляксандр Лукашэнка ўручыў спецыяльныя ўзнагароды “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення” Герою Працы Расійскай Федэрацыі, народнаму артысту Расіі Аляксандру Зацэпіну і народнаму артысту Беларусі Леаніду Захлеўнаму — аўтару гімна “Славянскага базару”, кампазітару.

Прэміяй Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва ўшанаваны галоўны дырыжор Нацыянальнага Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь Віталь Кульбакоў за стварэнне канцэртных праграм, якія садзейнічаюць умацаванню сяброўства і ўсебаковага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі.

Гран-пры XXIV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск” атрымала юная спявачка з нашай краіны Лізавета Цупрык.

Завяршыўся святочны вечар вялікім гала-канцэртам, на якім выступілі зоркі сцэны, пераможцы і лаўрэаты Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” розных гадоў.

Яркія нумары, прэм’еры і незабыўныя эмоцыі аб’ядналі тысячы гледачоў у Летнім амфітэатры і мільёны — ля экранаў.

УЗВЫШАНЫ МОМАНТ

Сцяг фестывалю паднялі 15 ліпеня. Ён узвіўся ў неба на алеі мабільных флагштокаў з дзяржаўнымі сімваламі краін-удзельніц, увасабляючы творчасць, сяброўства і натхненне.

Гэта заўсёды адметны момант: з яго пачынаецца вялікае свята, якога цэлы год чакаюць тысячы артыстаў і гледачоў.

Цырымонію дапоўнілі выступленні калектываў і маляўнічы салют.
ДЗВЕ ЗОРКІ

На “Плошчы лаўрэатаў” упершыню за ўсю гісторыю “Славянскага базару ў Віцебску” заззялі адразу дзве імянныя зоркі — уладальнікаў спецыяльнай узнагароды Прэзідэнта “Праз мастацтва— да міру і ўзаемаразумення” Героя Працы Расійскай Федэрацыі, народнага артыста Расіі Аляксандра Зацэпіна і народнага артыста Беларусі Леаніда Захлеўнага.
ТАНЦАВАЛЬНАЯ ЎВЕРЦЮРА

Галоўную сцэну форуму адкрыла ўверцюра “Танцуй, славянская душа!”, што аб’яднала найлепшыя традыцыі народнай харэаграфіі розных краін. Гучная падзея вечара — выступленне легендарнага Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля народнага танца імя І. Маісеева, які захоплена сустракаюць ва ўсім свеце.

Разам са славутымі расійскімі артыстамі майстэрства прадэманстравалі найлепшыя беларускія калектывы, каб падарыць публіцы яркі, маштабны і па-сапраўднаму святочны пачатак фестывалю.
ЮБІЛЕЙНЫ КАЛЯНДАР
Дні Саюзнай дзяржавы на “Славянскім базары ў Віцебску” — адзін з найбуйнейшых праектаў, які штогод здзіўляе размахам і разнастайнасцю.

Сёлета ключавое мерапрыемства — гала-канцэрт “Юбілейны каляндар Саюзнай дзяржавы”. Шматтысячную залу Летняга амфітэатра прывітаў Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Сяргей Глазьеў.

Па традыцыі былі ўручаны спецыяльныя дыпломы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы за творчае ўвасабленне сяброўства паміж народамі Беларусі і Расіі ўстановам, дзеячам культуры і мастацтваў дзвюх краін.

Сярод узнагароджаных — Цэнтр культуры “Віцебск”, а таксама заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Жанет і народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін.

Імпрэза прайшла ў суправаджэнні Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Фінберга (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Максім Расоха) і калектыву “Фанограф-Сімфа-Джаз” на чале з народным артыстам Расіі Сяргеем Жыліным.

Прагучалі хіты мінулых гадоў.
НА СЯМІ ВЯТРАХ
XII Фэст вулічнага мастацтва “На сямі вятрах” зрабіў Віцебск вялізнай сцэнай пад адкрытым небам.

Артысты з розных краін напоўнілі горад музыкай, танцамі, пастаноўкамі, паэзіяй і перформансамі. Цэнтральная тэма — творчасць Марка Шагала.

Галоўнай падзеяй было тэатралізаванае шэсце “Шагал-карнавал”. Яно ахапіла больш за тысячу ўдзельнікаў і расцягнулася ад плошчы Леніна да Пушкінскай.
ДЖАЗ У ГОРАДЗЕ
Яркім акцэнтам у багатай палітры фестывалю сталі джазавыя дні Саюзнай дзяржавы.

Калектывы з Беларусі і Расіі выступалі на шматлікіх пляцоўках Віцебска. Адбыўся парад дыксілендаў і як фінал — грандыёзны гала-канцэрт зводнага міжнароднага джазавага аркестра.
УТУЛЬНЫ ШАЦЁР
Упершыню канцэртная зала “Віцебск” ператварылася ва ўтульны шацёр вялікага сямейнага цырка — тут прадставілі праграму “Цыркалета”.

Так працягнулася добрая традыцыя: у рамках Дзён Саюзнай дзяржавы на “Славянскім базары” зладзілі паказы для дзяцей, у тым ліку сацыяльна ўразлівых катэгорый. Выступалі гімнасты, акрабаты, жанглёры, фокуснікі Беларускага дзяржаўнага цырка. Разыначка праграмы — зорнае клоўнскае трыа “Без шкарпэтак” з Расіі.
РАСКОША АРТЭФАКТАЎ
У Музеі гісторыі прыватнага калекцыянавання зладзілі выставу “Веліч аманскага срэбра”. Адкрыццё наведалі міністр культуры Беларусі Марат Маркаў і генеральны сакратар Нацыянальнага музея Султаната Аман Джамаль аль-Мусаві.

У экспазіцыі — ханджары (мастацтва вырабу гэтых кінжалаў уключана ў Спіс нематэрыяльнай спадчыны ЮНЕСКА), ювелірныя ўпрыгожанні, старажытныя амулеты, традыцыйныя строі ды іншыя артэфакты.
ВЫСТАВАЧНАЯ ПРАСТОРА
Жывапіс, графіка, фота, гісторыя, тэатр, музычная спадчына — выставачная праграма сёлетняга “Славянскага базару ў Віцебску” зрабілася адной з самых маштабных за апошнія гады.

У Мастацкім музеі адкрыўся праект, галоўным экспанатам якога паслужыла знакамітая карціна Марка Шагала “Над горадам” са збору Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі. Шэдэўр упершыню патрапіў на радзіму слыннага майстра. Экспазіцыю дапоўнілі партрэт Марка Шагала, выкананы Юдэлем Пэнам, і аўтапартрэт першага настаўніка знакамітага жывапісца з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Праект стаў яркім прыкладам культурнага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі, сапраўдным падарункам для жыхароў і гасцей Віцебска.

Выстава “За мяжой бачнага. Сусветы Нікаса Сафронава” пазнаёміла гледачоў з работамі вядомага расійскага творцы, прысвечанымі памяці, сучаснасці, душы чалавека і бясконцасці Сусвету.

Праект “Ілья Рэпін. Жывапіс са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь” упершыню прадэманстраваў у Віцебску амаль усю айчынную калекцыю спадчыны вялікага аўтара.
БІБЛІЯТЭКА І ТЭАТР
Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла праект “Бібліятэчны атлас”, прысвечаны 20-годдзю “алмаза ведаў”.

Цэнтральным экспанатам стаў сімвалічны ключ, уручаны Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Да 100-годдзя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа адкрылася выстава “Унікальны свет Коласаўскага тэатра” з легендарнымі касцюмамі, рэквізітам, афішамі ды іншымі рэліквіямі.
АСОБНЫ СУСВЕТ

Калі сцэны Віцебска — яго гучнае сэрца, то “Горад майстроў” — утульная душа. Шэпт лёну, пах дрэва і гліны…

Тут пераплятаюцца традыцыі розных народаў, суседнічаюць старажытныя ўзоры і сучасны аўтарскі погляд, а кожны экспанат зберагае цяпло рук свайго стваральніка.

Гэтыя майстры — захавальнікі кода нацыі, якія перадаюць нам пасланне продкаў.
СІМВАЛІЧНЫ ПРАЕКТ

Выстава Расійскага нацыянальнага музея музыкі распавяла пра шматвяковыя музычныя сувязі Беларусі і Расіі праз унікальныя дакументы, народныя інструменты і спадчыну Пятра Чайкоўскага, Анатоля Багатырова, Мікалая Мяскоўскага, Васіля Залатарова, іншых кампазітараў. Сярод найбольш каштоўных прадметаў — рукапісы “Славянскага марша” Пятра Чайкоўскага і “Славянскай рапсодыі” Мікалая Мяскоўскага.

Праект асабліва сімвалічны на “Славянскім базары”, бо адлюстроўвае галоўную ідэю фестывалю — “Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення”.
ЯРКАЕ ЗАКРЫЦЦЁ
Цырымонія закрыцця “васільковага фестывалю” таксама была аздоблена ўшанаваннем найлепшых.

Спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі “Славянская надзея” атрымала ўдзельніца XXXV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск” Нафіса Акіева з Азербайджана. Узнагароду ўручыла намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Наталля Пяткевіч.
Гала-канцэрт расквецілі айчынныя і замежныя зоркі. Тут жа вырашылася галоўная інтрыга сёлетняга конкурсу выканаўцаў эстраднай песні.

Уладальнікам гран-пры стала Розі Альфана (Soraya) з Італіі.

Алену Кузняцову з нашай рэспублікі ўдастоілі другой прэміі ды спецыяльнага прыза Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота з сайта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,
аўтара, Уладзіміра ШЛАПАКА, Ангеліны САРОКА,
Інстаграм-акаунта "festivalvitebsk",
Уладзіміра АНДРЭЙЧАНКІ, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі