Адзін крок да студэнцкага білета

Апублiкавана: 24 лiпеня 2026 Стужка Адукацыя Мінск Соцыум

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Уступная кампанія ў ВНУ — на фінішнай прамой. У той час як некаторыя абітурыенты ўжо ведаюць свой лёс, іншыя яшчэ змагаюцца за месцы на ўнутраных выпрабаваннях. Як праходзіць гэты адказны этап у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў і чым адметны набор 2026 года?

 

— Сёлета павялічылі колькасць бюджэтных месцаў на спецыяльнасцях, запатрабаваных у сферы, — адзначае рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская. — Найперш — на “бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці”. На выпускнікоў гэтага напрамку захоўваецца высокі попыт з боку працадаўцаў. Арганізаваны набор на кірунак “камп’ютарная музыка”, які праводзіцца раз у тры гады. Акрамя таго, адкрылася новая прафілізацыя на завочнай скарочанай форме навучання па спецыяльнасці “харэаграфічнае мастацтва” — “класічны і народна-сцэнічны танец”, дзе ўжо назіраецца конкурс звыш шасці чалавек на месца.

Асаблівая цікавасць да шэрага напрамкаў праявілася на старце ўступнай кампаніі. Так, на дзённай форме навучання харэаграфічнаму мастацтву пры плане прыёму 58 чалавек за адно месца змагаюцца больш за два кандыдаты. Традыцыйна высокім застаецца конкурс на спецыяльнасцях “мастацтвазнаўства” і “рэжысура тэатра” — амаль чатыры абітурыенты на пазіцыю.

Па мэтавым наборы ўжо залічаны 22 чалавекі. Акрамя таго, заканадаўствам прадугледжаны і асаблівыя ўмовы паступлення. Яны распаўсюджваюцца на ўладальнікаў залатых і сярэбраных медалёў, абітурыентаў з найвышэйшымі вынікамі профільных уступных выпрабаванняў, а таксама на пераможцаў творчых конкурсаў з зацверджанага пераліку — калі дасягненні адпавядаюць абранай спецыяльнасці.

Так, спявачка Валерыя Бернатовіч плануе стаць студэнткай БДУКМ як лаўрэат першай прэміі XXXIV Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні “Віцебск”. Выпускніца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў абрала спецыяльнасць “музычнае мастацтва эстрады”.

— Менавіта ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў бачу магчымасць павысіць свой прафесійны ўзровень. Я не проста спадзяюся, а ўпэўнена, што навучанне будзе вельмі цікавым, — кажа Валерыя.

Унутраныя выпрабаванні часта становяцца вырашальным этапам на шляху да студэнцкага білета.

Рэктар БДУКМ Наталля Карчэўская

— Галоўная адметнасць сёлета ў тым, што члены экзаменацыйнай камісіі не ведаюць асабістых дадзеных абітурыентаў: адкуль прыехаў, якія балы атрымаў на ЦЭ. Гэта дазваляе максімальна выключыць суб’ектыўны фактар і ацэньваць толькі творчы вынік, — тлумачыць рэктар.

На кафедры педагогікі сацыяльна-культурнай дзейнасці будучыя арганізатары культурна-дасугавай і рэкрэацыйнай дзейнасці, сацыяльна-культурных праграм рыхтуюцца да пісьмовага экзамену: выцягнуць білет, прапанаваць канцэпцыю мерапрыемства, прадумаць яго структуру і сцэнарны ход…

— Выпадковых людзей тут амаль не бывае. У нас збіраюцца вельмі яркія і ініцыятыўныя хлопцы і дзяўчаты. Многія займаліся ў студыях, гуртках, удзельнічалі ў розных мерапрыемствах. Яны добра разумеюць, што такое праца ў сферы культуры і кім хочуць стаць, — адзначае выкладчык кафедры Марына Мармулеўская.

Не менш напружаная атмасфера ў ха­рэаграфічных класах.

— Частка абітурыентаў прыйшла пасля каледжаў, частка — пасля дзіцячых студый і творчых калектываў, таму ўзровень вельмі розны. Матэрыял складаны, акадэмічны і патрабуе сур’ёзнай базы. Тым, хто яе не меў, даводзілася рыхтавацца на курсах літаральна з раніцы да вечара, — падкрэслівае выкладчык кафедры харэаграфіі Данііл Фібік.

Пра тое, што за кожным абітурыентам ужо стаіць уласны творчы досвед, гавораць і на кафедры рэжысуры.

Выкладчык падрыхтоўчага аддзялення Юрый Шаланкоў

— Кожны чалавек — гэта космас. У кагосьці больш схільнасцей да акцёрскай працы, у кагосьці — да рэжысёрскай, хтосьці цягнецца да драматургіі, а ёсць тыя, хто спалучае ўсе напрамкі. Наша задача — убачыць зерне, якое можна прарасціць, — гаворыць выкладчык падрыхтоўчага аддзялення Юрый Шаланкоў.

 

ЧАМУ БДУКМ?

Свабода самавыяўлення, магчымасць пракладваць уласны творчы шлях і прага прафесійнага росту — вось што аб’ядноўвае сёлетніх абітурыентаў. Яны не проста прыйшлі па дыплом, а імкнуцца знайсці сябе, рэалізаваць ужо назапашанае і адкрыць дарогу да вялікага.

Мілана Шмігерка

Мінчанка Мілана Шмігерка, якая марыць вучыцца на спецыяльнасці “сацыяльна-культурная дзейнасць”, распавядае:

— З дзяцінства спрабавала сябе ў самых розных відах творчасці — ад танца да напісання сцэнарыяў і песенных тэкстаў. Бадай, прасцей сказаць, чаго я не рабіла. Экзамен дазволіць паказаць маю харызму і запал, раскрыць сябе сапраўдную.

Кіра Пархоменка

Выпускніца Ліцэя БДУ імя Ф. Дзяржынскага Кіра Пархоменка паступае на рэжысуру:

— Акцёрскім майстэрствам займаюся ўжо каля шасці гадоў, але зразумела, што рэжысура мне ўсё ж бліжэйшая. Дзевяць месяцаў працавала над уласнай п’есай пра партызанку-яўрэйку, заснаванай на рэальных дзённіках. Работу адправіла на мноства міжнародных і рэспубліканскіх канферэнцый, а пасля, да 9 Мая, у Ліцэі БДУ быў пастаўлены спектакль. На экзамен хочацца прыйсці не з пустым партфелем, а з уласным творчым багажом. Галоўнае цяпер — не хвалявацца, а выкласціся на поўную.

Дар’я Нікалаевіч

Выпускніца Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Дар’я Нікалаевіч, якая ў БДУКМ хоча спасцігаць харэаграфію, дзеліцца сваімі планамі:

— Пра вучобу ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў марыла даўно, таму вельмі адказна рыхтавалася да экзаменаў. За гады ў каледжы значна вырасла як танцоўшчыца, але разумею: гэта толькі пачатак. Хачу развівацца далей, каб працаваць у дзяржаўных калектывах.

Ці спраўдзяцца надзеі нашых суразмоўцаў? Да 27 ліпеня стануць вядомыя вынікі залічэння на бюджэт. Прыём дакументаў на платную форму навучання працягнецца да 1 жніўня.

А пакуль аўдыторыі БДУКМ поўняцца вершамі, музычнымі нумарамі, а разам з імі — хваляваннем і верай, што ўсё задуманае здзейсніцца.

Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара і 
з Тэлеграм-канала "Сапраўдны БДУКМ"

MAX TikTok