Сто гадоў — лічба паважная. І, будзем шчырымі, прывабная для наведвальнікаў культурных падзей. Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа вырашыў выкарыстаць магію круглай даты напоўніцу. Ён сінхронна адзначае аж тры стагадовыя юбілеі, так ці іначай злучаныя з асобай Песняра.

ГОД ДЛЯ ГОДНАГА
Як вядома, у 1926-м Якубу Коласу было нададзена званне народнага паэта Беларусі. Ці, як удакладняе загадчык навукова-экспазіцыйнага сектара Алена Жасткова, не званне, а годнасць. Менавіта такое слова ўжыта ў пастанове СНК БССР. Адсюль і назва для музейнай акцыі — “Годны народны”. Прычым яна будзе доўжыцца ўвесь юбілейны год.
У скарбніцы сёлета ўжо дэманстраваліся пісьмовыя прылады, якімі карыстаўся Колас, а таксама кіёчкі ды іншыя рэчы, зробленыя ім у вольны час. Цяпер жа можна пабачыць вопратку, што насіў Пясняр. А ў “Ноч музеяў” з’явіўся эксклюзіўны шанц трапіць у спачывальню класіка!
Абстаноўка ў пакоі вельмі сціплая. На ложку — улюбёны казахскі халат паэта, на падлозе — пара тапкаў. Сапраўды ўзнікае ўражанне, нібы гаспадар толькі-толькі быў тут.
Як тлумачыць суразмоўца, гэта самая старая (збудавалі яе адразу па вайне) і аўтэнтычная частка камяніцы. Усе рэчы арыгінальныя — ніякіх муляжоў! З часоў жыцця Песняра ў яго спальні не змянілася бадай нічога.
— Таму сёння тут можна ўявіць, што ж снілася Якубу Коласу, — тлумачыць Алена Іванаўна.
Паколькі старту праекта спадарожнічаў чаканы поспех, мяркуецца і працяг. Неўзабаве магчымасць патрапіць у інтымную жыццёвую прастору літаратара атрымаюць усе ахвотныя. Зразумела, у рамках адмысловай экскурсіі і пры выкананні адпаведных умоў. Такая мясціна ўсё ж не прызначана для масавага наведвання…
ПАРТРЭТЫ З ГІСТОРЫЯЙ
У музейнай гасцёўні нядаўна з’явілася абноўка: інтэр’ер арганічна дапоўніў партрэт маладога Коласа. Карціна пэндзля Абрама Бразера на час прыбыла з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.
Гэта сапраўдны рарытэт — ужо хаця б з той прычыны, што работы таленавітага скульптара і жывапісца, якім пашчасціла ацалець у нямецкай акупацыі, можна пералічыць па пальцах. За пару дзён да пачатку вайны ў Мінску адкрылася персанальная выстава Бразера, і таму амаль усе яго творы адным махам былі знішчаны нацыстамі. А ў 1942 годзе карнікі забілі і аўтара: ён маляваў гітлераўцаў, каб выцягваць з іх звесткі для падполля…
Палатно, што датуецца не пазней як 1925-м, — адзін з першых вядомых нам мастацкіх партрэтаў Коласа. Але да нядаўняга часу пра карціну мала хто чуў: яна знаходзілася ў запасніках, бо патрабавала грунтоўнага аднаўлення. Дзякуючы руплівай працы віцебскага рэстаўратара Юрыя Кегелева твор літаральна заззяў тымі сакавітымі фарбамі, якімі славіўся Абрам Бразер.
Партрэтная тэма працягваецца ў суседняй зале музея. У 1926 годзе ў Коласа здарылася некалькі важных падзей — у тым ліку і нараджэнне ўлюбёнага Міхаські, малодшага сына. Міхась Міцкевіч абраў дакладныя навукі, але ці не ўсё жыццё захапляўся фатаграфіяй. Часта здымаў бацьку — балазе магчымасцей “злавіць” унікальныя кадры не бракавала. Ёсць тут, дарэчы, і адно з апошніх фота: на ім Пясняр задуменны.
Невялікая выстава сведчыць, што ў маштабнай галерэі партрэтаў Якуба Коласа работы яго сына займаюць далёка не апошняе месца. І нават дзіўна: яны не надта вядомыя шырокаму колу прыхільнікаў класіка.

ЯК АДВАРОТ КАСЦЮМА
Урэшце, музей не абмінуў увагай і яшчэ адзін стагадовы юбілей — Барыса Аракчэева. Слынны жывапісец не толькі маляваў партрэты Коласа або ілюстраваў яго творы. Повязь з паэтам у Барыса Уладзіміравіча куды больш глыбокая.
— Яны абодва — мастакі сваёй зямлі, — кажа Алена Жасткова. — Нягледзячы на рознасць у біяграфіях і выяўленчых сродках, супадае памкненне апець тое, што аўтары бачаць: людзей, родны край...
Галоўная падзея юбілейнага года — прадстаўнічая выстава Барыса Аракчэева ў Нацыянальным мастацкім. Коласаўскі музей не стаў з ёю спаборнічаць. Па-першае, экспазіцыйныя магчымасці зусім не тыя, а па-другое — профіль: музей усё ж літаратурна-мемарыяльны.
Таму камерная выстава арганічна дапаўняе вялікую — як адварот касцюма, без якога немагчымы яго парадны бок. Тут дэманструюцца артэфакты, што звычайна творцы староннім не паказваюць: эскізы, лісты, рэчы… Яны раскрываюць асобу шматкроць лепш за біяграфічныя звесткі.
Шлюбная сукенка жонкі Галіны, якую мастак усё жыццё палка кахаў, апранахі дачок, а яшчэ падрабязная (хаця і жартаўлівая) дамова, дзе Барыс Уладзіміравіч абавязваецца кінуць паліць… Кожны прадмет, які дбайна захоўваюць сваякі майстра, мае кранальную гісторыю.
Тут прадстаўлены вучнёўскія малюнкі архітэктурных ордараў — дарэчы, выкананыя дасканала.

Эскіз карціны Барыса Аракчэева "Народныя песні. Якуб Колас"
Ёсць і копія фінальнай карціны Аракчэева: 86-гадовы жывапісец памёр літаральна ў той дзень, калі паклаў на палатно апошні мазок. Выкарыстаць цюбік фарбы — улюбёны кобальт — аўтар так і не паспеў, і мы бачым пакунак непачатым.
Асаблівай увагі заслугоўваюць накіды ў блакноце. Менавіта яны дазволілі самавуку з-пад Яраслаўля, які выпадкова трапіў у Беларусь пасля вайны, стаць мастаком. Калі аднойчы Барыс нешта маляваў у парку, яго заўважылі масцітыя Волкаў і Цвірка — і адразу ацанілі талент…
— Мала хто ведае, што Барыс Аракчэеў рабіў замалёўкі ўсё жыццё і з любой нагоды — скажам, чакаючы аўтобуса на прыпынку, — распавядае Алена Іванаўна. — Або вось створка дзверцаў ад буфета на лецішчы, ператвораная ў нацюрморт: майстру карцела пісаць тут і цяпер, але палатна пад рукой не было...

* * *
Словам, завітаўшы ў Коласаўскі музей, вы дакладна пабачыце штосьці неспадзяванае. Магчыма, стаўка на пастаяннае абнаўленне — замест разліку на адзінкавыя, але маштабныя праекты — будзе цікавым ноу-хау для музеяў.
— Гэта добры спосаб засяродзіць увагу на канкрэтных тэмах і артэфактах — у вялікай экспазіцыі яны могуць проста згубіцца, — дадае Алена Жасткова.
Ілья СВІРЫН. Фота аўтара