Калісьці, у 80-я гады мінулага стагоддзя, цяплічная гаспадарка ў Кракоўцы была адзіным месцам у Ашмянскім раёне, дзе можна было набыць жывыя кветкі. Гэта і паслужыла ідэяй правядзення свята кветак «Кветкавая феерыя».

"Вясельная кветкавая феерыя" адбылася на пляцоўцы сельскага клуба аграгарадка Кракоўка. Дзея, якую ўбачылі гледачы, прысвечана рамантычным адносінам, сімвалам якіх былі кветкі.

Усё пачалося з адной простай "той самай" кветкі, якая прывяла да сапраўднага кахання і стварэння новай сям'і.

Кожны з гасцей стаў сведкам вясельнай традыцыі і перанёсся ў свет рамантыкі, надзеі і натхнення.
На свяце прысутнічалі пары, якія ў гэтым годзе адзначаюць 40- і 50-гадовыя юбілеі сумеснага жыцця, а загадчык раённага аддзела ЗАГС павіншавала пары і ўнесла іх прозвішчы ў кнігу юбілейных актаў.

І, як і прынята на Ашмяншчыне, калі ў вёсцы вяселле, усе, хто прыйшоў віншаваць маладых, былі запрошаны на танцы, якія не абышліся без "валовіцкай кадрылі".
Госці дадалі яшчэ адну файную пятніцу ў капілку свайго лета!
Алеся МАЛІНОЎСКАЯ, загадчык аддзела
метадычнай работы ДУК “Ашмянскі РЦК”