Зачараваць кнігай

Прымусіць малых чытаць нельга, але можна зацікавіць настолькі, што яны ўлюбяць кнігу і нават не будуць уяўляць жыцця без шамацення старонак. Так лічыць загадчык дзіцяча-юнацкага сектара Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі на Міншчыне Анжаліка Асадчая.

 

З дзецьмі і падлеткамі Анжаліка Маратаўна працуе больш за 10 гадоў. За гэты час яна рэалізавала шэраг ідэй, якія прывялі ў кніжны храм шмат чытачоў. Сёння іх у сектары больш за 1670, а каля 20 — дашкольнікі. Гэта, як адзначыла дырэктар установы Наталля Маеўская, добры паказчык.

— Увогуле, дзіцяча-юнацкі сектар нашай бібліятэкі вельмі прадуктыўны ў многім дзякуючы яго загадчыку — няўрымслівай творчай асобе, — гаворыць Наталля Мікалаеўна. — Але трэба аддаць належнае: увесь наш калектыў высокапрафесійны і працаздольны.

 

ДЛЯ САМЫХ МАЛЕНЬКІХ

— Прывучаць дзіця да кнігі варта з самага ранняга ўзросту, — разважае Анжаліка Асадчая. — І лепш за ўсё, калі гэта адбываецца ў сям’і. Калі бацькі чытаюць, то іх сыночкі і дачушкі таксама, гледзячы на тату з мамай, далучаюцца да такога занятку.

Анжаліка Маратаўна не без задавальнення распавядае пра дзетак, якія прыходзяць у бібліятэку з мамамі.

— Звычайна ў падобных выпадках дарослыя бяруць па некалькі выданняў розных напрамкаў: казкі з ілюстрацыямі, вершыкі, пазнавальную літаратуру. І гэта правільна. Па-першае, намацваецца кола інтарэсаў дзіцяці, што, безумоўна, потым дапаможа засяродзіцца на асобных здольнасцях. Па-другое, творы розных тэматыкі і жанраў дапамагаюць малечы развівацца ўсебакова.

Па словах бібліятэкараў, вельмі цікава назіраць за такімі гасцямі: яны заварожана разглядаюць малюнкі, з сур’ёзнымі тварыкамі выбіраюць кнігі, іншым разам нават спрачаюцца з татам ці мамай, шукаюць падтрымку ў работнікаў… Каб прыцягнуць больш юных карыстальнікаў, прадстаўнікі сектара праводзяць сустрэчы з патэнцыйнымі чытачамі.

— У нас ёсць дамоўленасць з дзіцячымі садкамі горада аб супрацоўніцтве, — тлумачыць Анжаліка Асадчая. — Для выхаванцаў старэйшых груп ладзім займальныя мерапрыемствы.

У падрыхтоўцы выкарыстоўваюцца выявы казачных герояў, лялечны тэатр “Пятрушка”, які існуе прыкладна з сярэдзіны 1980-х. Артыстамі ў ім выступаюць наведвальнікі ўстановы. Пасля прадстаўлення гледачы атрымліваюць каляровыя запрашэнні ў кніжную скарбніцу.

 

ЗАЦІКАВІЦЬ КОЖНАГА

Карысць ад такіх сустрэч — відавочная. Ужо з малодшых класаў, калі хлопчыкі і дзяўчынкі пачынаюць чытаць самастойна, яны актыўна запісваюцца ў бібліятэку. І, што важна, застаюцца яе сябрамі надоўга.

Разам з тым праца не спыняецца.

— Па ўзгадненні з настаўнікамі мы прыходзім на інфармацыйныя гадзіны, іншыя мерапрыемствы, — працягвае суразмоўца. — Праводзім лекцыі, віктарыны, сустрэчы на актуальныя тэмы. Напрыклад, для старшакласнікаў гэта можа быць прафарыентацыя альбо правілы этыкету. Не баімся і далікатных тэм.

Падобныя падзеі, толькі ў пашыраным фармаце, арганізоўваюцца і ў самой бібліятэцы. На іх запрашаюць вучняў усіх школ горада і вакольных вёсак. Пры ўстанове створаны клуб “Падлетак & book”, які аб’ядноўвае дзяцей падуліковых катэгорый.

— Наладзіць цёплыя ўзаемаадносіны з такімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі напачатку вельмі няпроста, — прызнаецца Анжаліка Маратаўна. — Але калі знайсці да іх сэрцаў патрэбны ключык, то гэта самыя шчырыя, добрыя дзеці! Не застаюцца па-за ўвагай юныя наведвальнікі і ў час летняга адпачынку. У Бярэзінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы для іх рыхтуюць шэраг мерапрыемстваў і акцый: акрамя традыцыйнай агульнарэспубліканскай “Лета з кнігай”, святы “Кніжка выйшла пагуляць”, “Чытай-лавачка”. А ў аддаленыя вёскі прыязджае мабільная бібліятэка.

Старэйшыя ж карыстальнікі на вакацыях могуць зарабіць крыху грошай.

— Падлеткі, якім ужо споўнілася 14 гадоў, заняты рамонтам кніг. Працаўладкаванне праводзіцца праз мясцовы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і адпавядае ўсім патрабаванням заканадаўства, — тлумачыць Анжаліка Асадчая.

 

ПА-ЗА МЕЖАМІ

Дзейнасць дзіцяча-юнацкага сектара даўно выйшла за межы звыклых формаў. Пра тое сведчыць і пагадненне аб супрацоўніцтве, заключанае з бібліятэкай горада Палярныя Зоры Мурманскай вобласці. На працягу трох гадоў установы разам з наведвальнікамі рэалізоўваюць некалькі ініцыятыў. Прыкладам, у праект “Летнія чытанні” ўключыліся хлопчыкі і дзяўчынкі Беларусі і Расіі да 14 гадоў. Удзельнікі атрымалі спіс літаратуры, дзённікі, у якія трэба было занатоўваць, а пры жаданні і замалёўваць уражанні. Напрыканцы канікул работы прааналізавалі. Бібліятэкары абмяняліся вынікамі.

— Нягледзячы на сотні кіламетраў, якія падзяляюць нашы гарады, падлеткаў займаюць адны і тыя ж пытанні, яны захапляюцца аднымі і тымі ж творамі і нават герояў уяўляюць прыблізна аднолькава!

Гэта, па словах Анжалікі Маратаўны, быў каштоўны досвед, які натхніў на новы праект: галерэя фота і малюнкаў дзяцей дзвюх дзяржаў атрымала назву “Мой родны край, табой любуюся”. Выставы прайшлі ў Беразіне і Паўночных Зорах.

Наперадзе ў нястомных бібліятэкараў яшчэ багата розных ініцыятыў, якія, безумоўна, дапамогуць шчыра зацікавіцца кнігай.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы

MAX TikTok