Перамагаем у творчасці

Апублiкавана: 21 лiпеня 2026 Стужка Музыка Мінск Конкурсы

Аўтар: БУНЦЭВІЧ Надзея

Міжнародных конкурсаў становіцца ўсё больш. Не толькі для выканаўцаў на розных інструментах, але і для кампазітараў, дырыжораў. І ўсё часцей на гэтых спаборніцтвах бяруць верх прадстаўнікі Беларусі. Давайце ганарыцца!

 

ДЫРЫЖОРЫ НА ВАГУ ЗОЛАТА

Годнасць нашай краіны паспяхова адстойвае Андрэй Якушаў, які скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Ён стаў абсалютным лідарам на ХІІІ Міжнародным конкурсе оперных дырыжораў імя Луіджы Манчынелі ў Італіі, а творы Андрэя выконваюцца ў нас і за мяжой.

Рэгулярна перамагаюць на дырыжорскіх спаборніцтвах студэнты класа Аляксандра Сасноўскага, дацэнта Акадэміі музыкі, які падрыхтаваў ужо з дзясятак лаўрэатаў. Сярод дырыжораў (кожны — на вагу золата) гэта папраўдзе вялікая лічба.

— Удзельнічаць у конкурсах, а тым больш так паспяхова, вельмі пачэсна. Дырыжорам неабходная непасрэдная праца з аркестрам, а не толькі адточванне майстэрства ў класе пад раяль. Творчыя спаборніцтвы даюць такую магчымасць, ды яшчэ адкрываюць шлях у прафесію, дапамагаюць калегам прыцягнуць да сябе ўвагу — і ў выніку атрымаць запрашэнне ўзначаліць калектыў.

 

КАМПАЗІТАРЫ ЮНЫЯ...

Калісьці пісаць музыку ў нас вучылі толькі ў кансерваторыі. Прычым прымалі ў асноўным тых, хто скончыў гэтую ВНУ па іншым напрамку. Сёння навучанне такой справе ахоплівае ўжо і спецыялізаваныя гімназіі, каледжы, дзіцячыя музычныя школы. Іх выхаванцы, напрыклад, рэгулярна перамагаюць на Міжнародным конкурсе маладых кампазітараў “Самал”. Форум праводзіцца Казахскім нацыянальным універсітэтам мастацтваў і мэтанакіравана падтрымлівае як стварэнне сучаснай музыкі, так і фарміраванне культуры яе ўспрымання і распаўсюджвання.

На дзявятым конкурсе “Самал”, што праводзіўся ў красавіку, фурор выклікалі вучні сталічнай ДШМ № 1, якія здабылі ледзь не ўсе галоўныя ўзнагароды ў малодшай узроставай групе. Сафія Аляксандрава перамагла ў намінацыі “Вакальная музыка”, Леанід Комар — у намінацыі “Інструментальная музыка”. А Кацярыну Сотнікаву ўганаравалі вельмі прэстыжным лаўрэацкім дыпломам імя жывога казахскага класіка Жуматая Тэзекбаева.

 — Кампазіцыя, — гаворыць член праўлення Беларускага саюза кампазітараў, педагог ДШМ № 1 Аліна Безенсон, — важная для развіцця творчай індывідуальнасці, асабліва ў пераходным узросце. Яна дапамагае дзіцяці фармуляваць уласныя ідэі, пераадольваць псіхалагічныя бар’еры. Таксама дае яснае практычнае прымяненне ведам, назапашаным на ўроках сальфеджыа, тэорыі музыкі: быццам бы “непатрэбныя” правілы тут ажываюць, становяцца фарбамі для адлюстравання эмоцый. Дзеці радуюцца, бо могуць адчуць творчую свабоду і праявіць самастойнасць. Дзякуючы конкурсам у хлопчыкаў і дзяўчынак фарміруюцца навыкі правільнага запісу кампазіцый і іх якаснага выканання. Але галоўнае — стымул. Каб займець упэўненасць, юным аўтарам бывае вельмі важна атрымаць ацэнку прафесіяналаў і пакамунікаваць з аднагодкамі з розных краін.

 

...І БОЛЬШ ДАРОСЛЫЯ

Выдатныя вынікі на тым жа конкурсе “Самал” — і ў студэнтаў Акадэміі музыкі, якія спаборнічалі ў старэйшай групе. Яны занялі амаль усе прызавыя месцы ў намінацыі “Інструментальная музыка”. Першая прэмія — у Яны Салдаценка, што вучыцца ў нядаўняга выпускніка гэтай ВНУ, але ўжо дэкана, кандыдата мастацтвазнаўства Ігара Комара. Крысціна Сіманава — выхаванка загадчыка кафедры кампазіцыі прафесара Алега Хадоскі — стала ўладальніцай трэцяй прэміі. А спецыяльны прыз імя заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Казахстан Кенеса Дуйсекеева (80-годдзю з яго дня нараджэння быў прысвечаны сёлетні форум) атрымала Маргарыта Лапухова — выпускніца прафесара Віктара Войціка.

ІІ Саюзны конкурс кампазітараў (Расія — Беларусь), ініцыяваны Маскоўскай кансерваторыяй, ладзіўся ў нас. Журы яшчэ год таму дамовілася вызначаць пераможцаў ад кожнай краіны асобна — дзеля сяброўства. Таму па колькасці ўзнагарод — раўнавага. Але ў другім туры, падчас публічнага выканання папярэдне адабраных твораў, адразу былі прыкметныя беларускія, хаця аўтарства нідзе не называлася. Кампазітарскія конкурсы заўжды праходзяць ананімна: ноты дасылаюцца пад дэвізам, які расшыфроўваецца толькі пасля падвядзення вынікаў. Работы нашых удзельнікаў вылучаліся больш сур’ёзным стаўленнем, прафесіяналізмам, дасканаласцю формы і зместу. Апроч згаданых раней Яны Салдаценка і Крысціны Сіманавай, лаўрэатам стала Дзіяна Бурканава, якая вучыцца ў кандыдата мастацтвазнаўства Любові Сыцько і паказала частку Серэнады для струннага квартэта, надзеленую адметнай фактурай. Цікава: маскоўскі твор для таго ж складу аказаўся настолькі цяжкім, што расійскія музыканты сыграць яго не ўзяліся, выконвалі нашы. А перамог Даніла Грышукевіч — трэцякурснік знакамітай Галіны Гарэлавай. Яго “Тры жаночыя песні” скарылі гармоніяй між народнымі плачамі і прыпеўкамі, сучасным мінімалізмам і ўласцівымі фальклору паўторамі.

Што ж наконт “зусім дарослых”, то сябра Беларускага саюза кампазітараў Ніна Сінякова была ўганаравана на вельмі прэстыжным ІІ Міжнародным конкурсе імя Сяргея Рахманінава ў Маскве спецыяльным прызам — за найлепшы твор для голасу з фартэпіяна на вершы рускіх паэтаў. На іншым конкурсе ў Расіі — імя Андрэя Пятрова — яна аказалася найлепшай, прычым адначасова на думку і журы, і гледачоў. А 12 чэрвеня ў сталічнай філармоніі адбыўся сольнік Ніны. Тут яна і ў якасці кампазітара, чые работы гучаць нават у Карнегі-холе і Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (амерыканцы, дарэчы, спяваюць іх на мове арыгінала — па-беларуску), і ў якасці выбітнай джазавай піяністкі.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота з архіва Акадэміі музыкі

На здымках гала-канцэрт ІІ Саюзнага конкурсу кампазітараў (Расія — Беларусь)

MAX TikTok