Магія кубавой набіванкі

У арцелях Віцебшчыны яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя квітнела старажытная справа, што пазней адышла ў нябыт. Сёння на тэрыторыі рэгіёна тэхналогію, якая дазваляе ператварыць белы лён у жывапісны цуд колеру індыга, захоўвае толькі адзін чалавек — Інэса Самусенка. Загадчык філіяла “Дом рамёстваў” Лёзненскай цэнтралізаванай клубнай сістэмы даводзіць: традыцыя жывая, пакуль ёсць рукі, гатовыя запэцкацца ў фарбе.

 

ТАЯМНІЦА Ў КУБЕ

Што такое кубавая набіванка, калі адкінуць сухія музейныя фармулёўкі? Гэта вышэйшая ліга тэкстыльнага мастацтва. У адрозненне ад звычайнай набіванкі, дзе фарбу наносяць з дапамогай разьбяных дошак, тут выкарыстоўваюцца велізарныя чаны, званыя кубамі. Менавіта яны далі імя тэхналогіі.

Інэса Міхайлаўна з любоўю апісвае працэс:

— Гэта не проста рамяство, а чыстая хімія. Сакрэт у складаным узаемадзеянні інгрэдыентаў. У адрозненне ад Індыі, дзе традыцыя існуе і цяпер, на Віцебшчыне кубавая набіванка была асаблівай — сіняга колеру.

Галоўны цуд — малюнак. На штампы з узорамі майстрыха наносіць спецыяльнае рэчыва бледна-салатавага адцення — вапу. Пасля на белай ільняной тканіне робяцца адбіткі. Патрабуецца каласальная канцэнтрацыя ўвагі: малюнак амаль нябачны. Палатно апускаецца ў індыгавы раствор, праводзіць там некалькі хвілін, вымаецца, і працэс паўтараюць. І толькі на фінальнай стадыі адбываецца магія. Вапу змываюць, і на ярка-сінім фоне праяўляюцца белыя арнаменты — кветкі, кропачкі і лісточкі.

— Адчуваю каласальнае задавальненне, калі на кавалачку тканіны пачынае нешта вымалёўвацца, — распавядае гераіня. — Адразу відаць і памылкі: неспадзяваны дотык пальца або няроўны стык малюнка становяцца часткай гісторыі палатна.

 

СТРАЧАНЫ ЗВЫЧАЙ

Інэса Самусенка не проста асвойвае тэхналогію — яна аднаўляе генетычную памяць рэгіёна.

— Раней, калі фабрык не было, сем’і майстроў захоўвалі ўзоры ў строгай тайне. Людзі здавалі ў арцелі даматканае палатно, каб праз некалькі дзён атрымаць яго ўпрыгожаным.

Аднак з часам рамяство пачало знікаць. Тканіны хутка зношваліся. З’явіліся фабрычныя, больш модныя, і сяляне ўсе часцей выкарыстоўвалі іх.

— Набіванак заставалася вельмі мала, — канстатуе Інэса Міхайлаўна. — Абапіраючыся на штампы з Віцебскага абласнога краязнаўчага музея і архівы, я вяртаю да жыцця тыя самыя ўзоры, якія адрознівалі нашу мясцовасць і наваколле.

 

ПАГЛЫБЛЕННЕ Ў ПРАЦЭС

Дзіўна, але шлях у гэтай справе майстрыха пачынала… з гародніны.

— Я выразала першыя штампы з бульбы, — расказвае Інэса Самусенка. 40 гадоў у культуры, з іх 30 — у Доме рамёстваў. Адразу было вывучэнне вышыўкі, лозапляцення, касцюма. Але ўнутры спела жаданне зразумець менавіта афарбоўванне — працэс, што ва ўяўленні ніяк не складаўся ў суцэльную карціну.

І неўзабаве ўмеліца адважылася на сур’ёзныя выдаткі. Курсы ў Расіі — дарагое задавальненне, але наша суразмоўца прайшла іх, каб асвоіць тэхналогію.

— Працэс складаны фізічна і фінансава, — тлумачыць гераіня. — У Беларусі немагчыма купіць інгрэдыенты. Фарбы мне высылаюць з Самары, рэцэпты той самай вапы расійскія калегі трымаюць у сакрэце гэтак жа, як і стагоддзі назад.

Праца няпростая, патрабуе асобнай майстэрні, 200-літровых бочак, строгага выканання тэхнікі бяспекі.

— Узімку такое немагчыма, толькі летам у двары, — усміхаецца творца, плануючы ставіць чарговую бочку.

 

МОВА ЎЗОРАЎ

Інэса Міхайлаўна бачыць у арнаменце святы тэкст. Яна не робіць абстрактныя “кветачкі” дзеля прыгажосці. Кожны малюнак — гэта код. Калі майстрыха працуе над ручніком, ужывае знакі зямлі і ўраджаю. Калі стварае кашулю або сучасны шопер, набівае сімвалы сям’і, сонца і дзяцей.

— Адмысловае месца займаюць пасавыя (паясныя) кашалькі, якія на Віцебшчыне шылі з лапікаў. Гэта наша, беларускае, а значыць, яго трэба любіць, паважаць і ведаць, — упэўнена гераіня.

У Віцебскай вобласці рамеснікаў-аднадумцаў у Інэсы Самусенка пакуль няма. Яна шукае іх па краіне, але цяпер адзіны чалавек, які падзяляе запал нашай суразмоўцы, жыве ў Расіі, у Рудні. Гэта Вольга Мураўёва, клубная работніца, захопленая набіванкай.

Іх сяброўства — яскравы прыклад таго, як творчасць сцірае межы. Жанчыны пазнаёміліся на “Славянскім базары”, абмяняліся вопытам, а затым разам падрыхтавалі сімвалічны праект — ручнік “Беларусь — Расія”.

— Мы цесна камунікуем, дзелімся поспехамі. Вольга раіць нешта мне, а я ёй. Калі сустракаемся, заводзім бочку ў двары, фарбуем разам, — расказвае майстрыха.

 

ЗБЕРАГЧЫ І ПРАЦЯГНУЦЬ

Кубавая набіванка — рамяство нятаннае. Інэса Самусенка проста гаворыць аб фінансавым бар’еры, які спыняе ахвотнікаў. Адна 200-літровая бочка для афарбоўвання тканіны патрабуе не толькі прасторы, але і інгрэдыентаў, якія немагчыма набыць у Беларусі. Штампы — на замову, аснова — толькі натуральны лён. Аднак Дом рамёстваў знайшоў ткача, каб вырабляць палатно, і цяпер увесь цыкл — ад матэрыі да гатовага сіняга цуду — замкнуўся ў Віцебскай вобласці.

Сёння творца ла­дзіць майстар-класы, паказваючы найпрасцейшую нбіванку. Магчыма, праз дзесяцігоддзе яны ўспомняць тыя ўрокі, захочуць узяцца за кубы, штампы і сакрэтныя рэцэпты. Інэса Міхайлаўна ў гэта верыць.

Іры­на СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні

MAX TikTok