У першую нядзелю ліпеня ў Казахстане святкуюць Нацыянальны дзень домбры. Гэты музычны інструмент добра ведаюць у Беларусі дзякуючы актыўнаму супрацоўніцтву краін у сферы культуры.

МАТЫЎ БЯЗМЕНЫХ СТЭПАЎ
Домбра — шчыпковы музычны інструмент на дзве струны, гісторыя якога сыходзіць каранямі ў старажытнасць. Згодна з археалагічнымі дадзенымі, на яго аналагах ігралі больш за 2000 гадоў таму. На працягу вякоў домбра падзяляла з казахскім народам шчасце і смутак, была тым спаведнікам, якому давяралі самае патаемнае.
У мясцовым фальклоры існуе шмат прыгожых легенд аб з’яўленні інструмента. Паводле адной з іх, слаўны волат, змучаны бітвамі і доўгімі паходамі, вяртаўся дамоў, у сваю юрту. Каб заняць час, ён высек з арэхавага дрэва нешта падобнае на музычны інструмент. Нацягнуў на яго конскія валасы, паспрабаваў зайграць — але гуку не было. Стомлены, ваяр прылёг і моцна заснуў. Аднак неўзабаве яго абудзіла чароўная мелодыя, якая лілася з яго самаробкі. Здзівіўся багатыр: хто ж яму дапамог? І раптам заўважыў, што нехта прыладзіў драўляны парожак у месцы, дзе галоўка інструмента злучаецца з грыфам. Волат спалохаўся: не іначай цёмная сіла пажартавала! З тых часоў верхні парожак у народзе называюць “шайтан-ціек” — чортавым парожкам.
За доўгія гады домбра стала адным з галоўных сакральных атрыбутаў народа. Як найлепш гэта ілюструюць словы вядомага пісьменніка Кадыра Мырза Алі: “Сапраўдны казах не сам казах, сапраўдны казах — гэта домбра”.
КУЛЬТУРНЫ АБМЕН
Гісторыя шчыльнага знаёмства беларускай акадэмічнай музычнай супольнасці з унікальным інструментам пачалася ў 2021-м. Менавіта тады пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Казахстан у Беларусі быў рэалізаваны міжнародны праект “Дзень домбры ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі”.
Па словах прарэктара па навуковай рабоце БДАМ Нэлі Мацаберыдзэ, падзея была адзначана падпісаннем Дагавора аб супрацоўніцтве з Казахскай нацыянальнай кансерваторыяй імя Курмангазы і правядзеннем анлайн майстар-класа па ігры на домбры.

— Галоўнай ідэяй было пазнаёміць студэнтаў і выкладчыкаў з нацыянальнай культурай дружалюбнай краіны, — адзначае Нэлі Вячаславаўна. — Дыстанцыйны занятак праводзіў дацэнт кафедры домбры кансерваторыі, кандыдат мастацтвазнаўства Абдулхаміт Райымбергенаў, з якім мы працягваем цесна супрацоўнічаць. У гэтым красавіку акадэміі была перададзена ў дар кніга “Казахскія кюі” яго аўтарства.
Паспяховая рэалізацыя задумы прывяла да пашырэння партнёрства. У рамках Дзён культуры Казахстана ў Беларусі, што ладзіліся ў 2022-м, у дар акадэміі было перададзена некалькі экзэмпляраў домбры. У выніку зацікаўленыя навучэнцы атрымалі магчымасць удасканальваць сваё выканальніцкае майстэрства. Сёння домбра гарманічна гучыць разам з традыцыйнымі ўсходнеславянскімі інструментамі — домрай і балалайкай — у складзе ансамбля народных інструментаў БДАМ.
— Адной з крыніц творчых ідэй для моладзі сталі кюі — традыцыйныя казахскія інструментальныя п’есы, — расказвае прарэктар. — Менавіта народныя мелодыі натхнілі нашага студэнта Уладзіслава Кірчанку на стварэнне кампазіцыі “Фантазія на народныя мелодыі Казахстана”. Яна прагучала ў выкананні ансамбля народных інструментаў акадэміі падчас сумеснага святкавання Дня домбры ў 2023 годзе.
У рамках супрацоўніцтва ўстаноў адбыўся канцэрт казахскага фальклорнага ансамбля “Дала сазы” з праграмай “Вечар домбры”, працягваюць ладзіцца майстар-класы.

НЕ ДОМБРАЙ АДЗІНАЙ
Супрацоўніцтва нашай Акадэміі музыкі з казахскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі ў сферы культуры з году ў год пашыраецца і прырастае новымі ініцыятывамі. Сярод іх — рэалізацыя культурна-асветніцкага праекта “Дыялогі культур — масты сяброўства”, які аб’яднаў студэнтаў і выкладчыкаў з Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Казахскай нацыянальнай кансерваторыі імя Курмангазы і Петразаводскай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.К. Глазунова. У праграму мерапрыемстваў уключаны навукова-практычныя канферэнцыі і студэнцкія тэлемасты, семінары і канцэртныя праграмы. Маладыя выканаўцы з трох краін знаёмяцца з тэндэнцыямі развіцця музычнага мастацтва ў розных рэгіёнах, усведамляюць важнасць культурнай разнастайнасці.

— Трывалыя сувязі таксама наладжаны з Казахскім нацыянальным універсітэтам мастацтваў і Казахскай нацыянальнай акадэміяй харэаграфіі, — падкрэсліла Нэлі Мацаберыдзэ. — Праграма супрацоўніцтва ўключае ў сябе мноства мерапрыемстваў — ад навуковых стажыровак да абменных канцэртаў студэнцкіх калектываў.
Такім чынам, партнёрства ўніверсітэтаў Беларусі і Казахстана перарасло ў сапраўдны дыялог культур. Рэалізацыя сумесных праектаў спрыяе ўмацаванню сяброўства паміж народамі і фарміраванню агульнай культурнай прасторы.
Данііл ПІЎКАРЭЦ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА
і з архіва газеты "Культура"