Познесавецкае манументальнае мастацтва і цяпер з’яўляецца прыкметнай часткай нашага штодзённага жыцця. У той жа час гэта выдатныя помнікі эпохі, якія, нягледзячы на адносна невялікі ўзрост, могуць прэтэндаваць на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Так, у яго напрыканцы мінулага года былі занесены дэкаратыўныя керамічныя пано сталічнай гасцініцы “Планета”. Расказваем, чым творы адметныя.

У цэнтры ўвагі — пано “Садоўніцы” Яўгена Кузняцова ў дворыку гатэля, 14 пано і кафлі Мікалая Байрачнага і Валянціна Прыешкіна ў інтэр’еры рэстарана, а таксама серыя з васьмі пано “Поры года” ў інтэр’еры банкетнай залы, выкананая Валянцінай Буцінай і Аляксандрай Дзятлавай. Такія работы выдатна адлюстроўваюць развіццё нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў канцы 1970-х.
ПАДАРУНАК ДА АЛІМПІЯДЫ
Праект гасцініцы “Планета” на 600 месцаў у Мінску быў створаны Беларускім дзяржаўным праектным інстытутам. Галоўным архітэктарам выступіў Георгій Бенядзіктаў у супрацоўніцтве з Уладзімірам Начаравым і Тамарай Раманоўскай. Георгій Міхайлавіч — суаўтар праектаў і іншых будынкаў, якія вызначаюць аблічча нашай сталіцы: Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Палаца культуры Мінскага трактарнага завода, гасцініцы “Юбілейная” і Дома прафесійных саюзаў.

Узвядзенне “Планеты” прымеркавалі да XXII Алімпійскіх гульняў 1980 года. Яны праходзілі ў Маскве, але Мінск таксама быў закрануты: тут ладзіліся адборачныя і чвэрцьфінальныя матчы футбольнага турніру. Ва ўнутраным афармленні гатэля, які складаецца з 12-павярховага жылога корпуса і двухпавярховага рэстарана, выкарыстаны ракушачны туф, чорны лабрадарыт, шэры мармур, шпон і ціснёная скура. Аўтарам інтэр’ераў стала мастак-архітэктар Лія Каджар.
З вокнаў гасцініцы адкрываецца панарамны від на знакамітую стэлу “Мінск — горад-герой” і скульптуру “Радзіма-маці”, на парк Перамогі і Свіслач. Суседства з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама магчымасць бачыць парады з нагоды Дня Незалежнасці альбо Дня Перамогі робяць будынак яшчэ і аб’ектам патрыятычнага турызму.
МАТЫВЫ РЭНЕСАНСУ
Пано “Садоўніцы”, якое можна лічыць візітоўкай “Планеты”, створана Яўгенам Кузняцовым.

У скарбонцы мастака — пано “Сенакос” у сталовай Мінскага аўтамабільнага завода і “Аксакаўшчына” ў сталовай медыцынскага цэнтра непадалёк ад Мінска. Акрамя таго, Яўген Кузняцоў — аўтар бетоннага рэльефу над уваходам у гасцініцу. Адміністрацыя ўстановы не выключае, што наступіць час і гэтаму аб’екту заняць сваё месца ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Пано з выявай дзяўчат у садзе знаходзіцца па перыметры вентыляцыйнага канала і адным з бакоў звернута да вадаёма ў дворыку рэстарана. Твор памерам дзевяць на тры метры выкананы ў тэхніцы падглазурнага роспісу па керамічнай плітцы. Мастацтвазнаўцы адзначаюць, што ў сваёй рабоце Яўген Кузняцоў асэнсоўвае спадчыну Сярэднявечча, італьянскага Ранняга Адраджэння і традыцыю габелена. Выкарыстаны жывапісныя прыёмы, характэрныя для такіх палотнаў славутага майстра XV стагоддзя Сандра Батычэлі, як “Вясна” і “Нараджэнне Венеры”.
Размяшчэнне фігур, павароты рук, ступняў, складкі адзення нагадваюць антычныя скульптуры. Мастак шмат увагі надаў дэталям, старанна прапісаўшы траву, дзьмухаўцы і кусты руж. Алюзія на стыль і канкрэтныя творы ранейшых стагоддзяў дорыць эфект повязі вобразаў мінуўшчыны і сучаснасці.
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ
У інтэр’еры банкетнай залы захавалася серыя з васьмі пано “Поры года” Валянціны Буцінай і Аляксандры Дзятлавай.

Аляксандра Яўгенаўна — заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь, дацэнт, загадчык кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і касцюма Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. У 1976—1994 гадах была вядучым мастаком камбіната дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Барысаве.
Сярод асноўных работ Аляксандры Дзятлавай, створаных для інтэр’ераў будынкаў, — серыя пано “Зямля палеская” для рэстарана “Мінск” у Патсдаме, пано і пластыка “Зямля Радзімы” ў Рагачоўскай раённай бальніцы, рэльеф “Мінск” у фае сталічнай гасцініцы “Кастрычніцкая”, пластыка для гасцініцы “Арбіта”, гарэльеф “Дабравешчанне” ў Мінскім епархіяльным упраўленні, а таксама скульптуры і кераміка ў Доме міласэрнасці, Вялікім і Купалаўскім тэатрах.
У афармленні банкетнай залы “Планеты” мастачкі прысвяцілі па два пано кожнай пары года, адлюстраваўшы характэрныя падзеі першага і апошняга месяцаў сезона. Кампазіцыі выкананы з шамоту ў тэхніцы ручной лепкі і пакрыты матавай глазурай. Колеравая гама пано грунтуецца на спалучэнні лёгкіх вохрыстых адценняў, колераў зямлі і саспелага ўраджаю з блакітнымі і шэрымі тонамі вясновага і восеньскага неба. Народныя прыкметы і традыцыі адбіліся тут у матыве дрэва жыцця. Такі вобраз — цэнтральны ў творах серыі.
ПАРТРЭТ КРАІНЫ Ў ІНТЭР’ЕРЫ
У керамічных пано Мікалая Байрачнага і Валянціна Прыешкіна, якімі ўпрыгожана зала рэстарана, даследуецца тэма беларускай гісторыі і культуры.

Мікалай Іванавіч, што працуе ў такіх напрамках, як кераміка, станковая скульптура, кніжная ілюстрацыя і мультыплікацыя, з’яўляецца аўтарам дэкаратыўна-скульптурнага афармлення інтэр’ераў Горкаўскага тэатра і керамічных пано ў барысаўскім рэстаране “Бярэзіна”. Сярод здабыткаў Валянціна Рыгоравіча — скульптуры для рэстарана “Мінск” у Патсдаме, вазы і пластыка для царквы Марыі Егіпецкай у Вілейцы. Майстры звяртаюцца да нацыянальных традыцый архітэктуры, што было ўласціва дэкаратыўна-прыкладному мастацтву нашай краіны ў 1970—1980-х. У серыі — паліпціх з пано “Жыта”, “Мірскі замак”, “Неба”, “Беларусь”, “Сынкавіцкі замак” і “Лён”, а таксама з сямі безназоўных пано і кафляў.

Пано былі выраблены на камбінаце дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў Барысаве. Тэма пераемнасці гісторыі і культуры выявілася ў тым, што Мікалай Байрачны і Валянцін Прыешкін трактуюць гэтыя творы як старонкі кнігі пра Беларусь і свет. Аўтары супастаўляюць мінуўшчыну і сучаснасць: помнікі старажытнага абарончага дойлідства і знакавыя архітэктурныя аб’екты Мінска другой паловы ХХ стагоддзя, палёт Ікара і касманаўта. Выкарыстоўваючы такія вобразы, як жыта, лён, васілёк, сноп, бусел і іншыя, мастакі паказалі Беларусь як краіну са шматвяковай гісторыяй і з багатай культурай.
КАРАНІ МАЙСТЭРСТВА
Пры стварэнні кафлі для аздаблення рэстарана Мікалай Іванавіч і Валянцін Рыгоравіч звярнуліся да традыцый нашай керамікі XVII стагоддзя. Дэкор, фактура і каляровае рашэнне пераклікаюцца з афармленнем Васкрасенскага Новаіерусалімскага манастыра ў падмаскоўнай Істры ад майстра Сцяпана Іванова. Славуты ўмелец, вядомы па мянушцы Палубес, нарадзіўся ў Мсціславе і быў прывезены ў Маскву князем Аляксеем Трубяцкім.

Старадаўнім кафлям, акрамя шматколернасці, былі ўласцівыя насычанасць арнаментальнымі элементамі ды адлюстраванне птушак, жывёл і фантастычных істот у акружэнні стылізаваных раслінных матываў. Выразнасць малюнка ўзмацнялася дзякуючы высокаму рэльефу. На кафлях у гасцініцы “Планета” з’яўляюцца вобразы саламяных каня і птушкі, зубра, сланечнікаў, фантазійнай папараць-кветкi. Захаваліся таксама фрэскавыя роспісы столі ў Белай зале рэстарана, выкананыя Святланай Катковай, якія былі закрыты падвеснымі панэлямі падчас рэканструкцыі напрыканцы 1990-х. Гэтыя работы яшчэ чакаюць сустрэчы з гледачом.
ЗВАРОТ ДА ТРАДЫЦЫІ
Для савецкага мадэрнізму апошняй чвэрці мінулага стагоддзя быў характэрны сінтэз архітэктуры і манументальнага мастацтва. Савецкі канцэптуалізм і сац-арт 1970-х паклалі пачатак эпосе айчыннага постмадэрнізму, і стылістычныя асаблівасці твораў, якія можна пабачыць у гасцініцы “Планета”, яскрава адлюстроўваюць тэндэнцыі развіцця беларускай керамікі ды манументальна-дэкаратыўнага мастацтва апошняй чвэрці ХХ стагоддзя.

У работах гэтага перыяду прасочваюцца гістарычныя асацыяцыі, алюзіі на папярэднія эпохі. Нашаму мастацтву 1970-х таксама быў уласцівы зварот да фальклору. Асноўнымі тэмамі, сюжэтамі і матывамі сталі помнікі беларускага дойлідства і падзеі старажытнасці. Аўтары пачалі актыўна вывучаць і выкарыстоўваць традыцыйныя тэхнікі, нацыянальныя матывы і сюжэты.

Манументальнае мастацтва, якое шырока распаўсюдзілася ў савецкі час, — істотны складнік культурнай спадчыны Беларусі XX стагоддзя. Увага, што сёння надаецца яго найлепшым узорам, сведчыць аб пашане да ўсіх эпох айчыннай мінуўшчыны, нават адносна нядаўніх. Застаецца спадзявацца, што гэтая частка нашага агульнага здабытку будзе выклікаць усё большую цікавасць грамадства, а Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей працягне папаўняцца творамі такога кшталту.
Антон РУДАК. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА