Паказаць сілу адзінства

У “Смалявудзе” завяршыліся здымкі новага праекта — ваеннай драмы “Вышыня” . Карціна пра подзвіг часоў Вялікай Айчыннай вайны ўпершыню ствараецца намаганнямі сямі краін.

 

Фільм натхнёны рэальнымі падзеямі. У цэнтры сюжэта — подзвіг 11 савецкіх разведчыкаў, якія адстаялі вышыню 144 у Латвіі, нягледзячы на большыя ў шмат разоў сілы ворага. Выхадцы з розных куткоў СССР забяспечылі перамогу Чырвонай арміі на гэтым напрамку ў канцы 1944 года.

Бой — метафара яднання народаў у імкненні абараніць агульную Радзіму. Восем удзельнікаў тых перыпетый загінулі, дзесяць ушанаваны званнем Героя Савецкага Саюза.

Вытворчасцю стужкі займаецца санкт-пецярбургская студыя дакументальных фільмаў “Лендак” пры падтрымцы Нацыянальнай студыі “Беларусьфільм”. Далучыліся таксама Агенцтва кінематаграфіі Узбекістана, студыі “Казахфільм”, “Кыргызфільм”, “Таджыкфільм” і “Туркменфільм”.

— Гэта гісторыя агульнай Перамогі, неацэнны ўнёсак у якую зрабілі ўсе нацыі былога Савецкага Саюза, гісторыя пра вышыню чалавечага духу і даніна памяці кожнай названай і безыменнай вышыні, дзе аддавалі свае жыцці салдаты, — тлумачыць прадзюсар карціны Аляксей Цяльноў. — Вельмі ўдзячныя ўсім партнёрам, якія працавалі з намі на розных этапах, і асабліва — дырэктару “Беларусьфільма” Дзмітрыю Сямёнаву, пры падтрымцы якога здымкі сталі магчымымі на натурнай пляцоўцы.

 

НА БЕЛАРУСКАЙ ЗЯМЛІ

Рэжысёрам ваеннай драмы выступіў Павел Іваноў. Ён ужо мае досвед стварэння сумеснай стужкі: кіно “Чароўная лямпа” (Кыргызстан, Расія, Узбекістан) выйшла ў шырокі пракат сёлета. Аператар-пастаноўшчык “Вышыні” — Алішэр Хамідхаджаеў. Здымкі праводзяцца ў маляўнічым наваколлі горада Смалявічы. Ландшафтная разнастайнасць тэрыторыі ўражвае: хвойны, ліставы і змешаны лясы, два возеры, лугі і палі.

Пастаянныя дэкарацыі — акопы, бліндажы, зямлянкі і сельскія хаты — арганічна ўпісаны ў прыродную прыгажосць прасторы.

— Фільм вельмі важны для нас. І мы бясконца рады, што ствараем яго на беларускай зямлі, — падкрэслівае Павел Іваноў. — Такое цеснае і плённае супрацоўніцтва сімвалічнае, бо адзінства народаў, сіла ўзаемадапамогі, разумення і дабрыні — галоўныя матывы “Вышыні”. Нягледзячы на моўныя, рэлігійныя і ідэйныя адрозненні, ёсць нешта фундаментальнае, што звязвае ўсіх людзей. Наш аповед менавіта пра гэта!

 

ПЕРАКАНАЎЧА І АРГАНІЧНА

Цэнтральныя вобразы стужкі ўвасабляюць Аляксей Зарадзін, Нурбек Эсенгазы, Сухроб Нураў, Дастэн Шакіраў, Даўлетгелды Бердзіеў, Анастасія Куімава, Аляксей Тахараў, Сяргей Беляковіч, Астап Рымен і Віктар Молчан.

— Мы расказваем гісторыю шматнацыянальнага ўзвода. Для таго сабралі таленавітых акцёраў з Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Расіі, — гаворыць рэжысёр. — Кожная краіна дапамагала знайсці найлепшых артыстаў. Мы шчыльна ўзаемадзейнічалі і па іншых пытаннях, разам дапрацоўвалі сцэнарый, каб развіць персанажаў, зрабіць іх яшчэ больш яркімі і цікавымі.

Кастынг, як канстатаваў творца, заняў нямала часу. Спачатку ладзіліся індывідуальныя пробы, затым — парныя і групавыя.

— Да падбору акцёраў паставіліся вельмі сур’ёзна. Гэты этап быў поўны нечаканасцей: “лідарства” пастаянна пераходзіла ад аднаго артыста да іншага, асабліва на рэпетыцыях сумесных сцэн, — прыгадаў Павел Іваноў.

— Самы значны для мяне крытэрый — сапраўднасць у кадры. Таму ў першую чаргу шукалі ў прэтэндэнтах пераканаўчасць і арганічнасць. Хімія паміж героямі — таксама важны фактар. Калі бачылі, як моцна напарнікі падтрымліваюць адзін аднаго, зліваюцца са сваімі персанажамі, наколькі натуральныя іх дыялогі… Тады і разумелі: вось яно!

Галоўным арыенцірам і для акцёраў, і для іншых прадстаўнікоў творчай каманды, па словах рэжысёра, сталі найвялікшыя савецкія фільмы ваеннай тэматыкі. У прыватнасці, “Жывыя і мёртвыя” Аляксандра Столпера, “Праверка на дарогах” і “Дваццаць дзён без вайны” Аляксея Германа, “А досвіткі тут ціхія” Станіслава Растоцкага.

— Калі нехта адчуе, што наша стужка пераклікаецца з тымі шэдэўрамі па духу, па самавыяўленні герояў, гэта і будзе самай каштоўнай узнагародай, — сказаў Павел Іваноў. — “Вышыня” — гісторыя пра адзінства народаў, і мне хочацца, каб мы заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго, дапамагалі па меры магчымасці і проста заставаліся чулымі, добрымі. Вялікі дзякуй усім, хто прыклаў руку да стварэння карціны!

Наперадзе — постпрадакшн.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота аўтара, Уладзіміра ШЛАПАКА
і прадастаўленыя “Беларусьфільмам”

MAX TikTok