Warning: session_start(): open(/var/www/user13157/data/mod-tmp/sess_0ok28sr61qfkaf2qnkkb68g3j2, O_RDWR) failed: Disk quota exceeded (122) in /var/www/user13157/data/www/kultura-info.by/template/index.php on line 3
Культура і мастацтва - Мiнск, Беларусь

Спявай, красуй, Палессе!

Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны ансамбль песні і танца “Палескія зоры” імя Міхаіла Цурканава Пінскага гарадскога Дома культуры адсвяткаваў юбілей. За плячыма — 50 гадоў любові да палескай культуры, беражлівага захавання традыцый і адданай працы на карысць роднай зямлі.

 

Гісторыя “Палескіх зор” пачалася ў 1976-м у сценах будаўнічага трэста № 2 горада Пінска. Ідэйным натхняльнікам і першым кіраўніком быў Міхаіл Цурканаў. Ужо ў 1977-м ансамблю прысвоілі ганаровае званне “народны”, а ў 2005-м — “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”.

За паўстагоддзя гурт здолеў захаваць тое, што лёгка страціць у імклівым рытме часу, — сапраўдную народную інтанацыю.

— Мы не проста выконваем песні, — адзначае цяперашні мастацкі кіраўнік Сяргей Паддубны. — Для нас важна перадаць дух Палесся, яго адкрытасць, душэўнасць, характар людзей. Таму ў нашых праграмах заўсёды ёсць месца і абраду, і танцу, і жывому народнаму гумару, і лірыцы.

Сяргей Пятровіч узначаліў “Палескія зоры” ў 2017-м. Да гэтага ён шмат гадоў тут жа працаваў акампаніятарам і адказваў за інструментальную групу. А яшчэ музыкант вёў уласныя праекты: ансамбль казацкай песні “Падкова”, вакальна-інструментальны “Сяброўскі гурт”, удзельнічаў у стварэнні і станаўленні трыа “Альянс” і калектыву народнай песні “Вяртанне”. Усе яны працягваюць дзейнасць, аднак сэрца Сяргея Паддубнага аддадзена “Палескім зорам”.

 

У ПЕРАЕМНАСЦІ

Сёння ў складзе — 50 артыстаў ва ўзросце ад 13 да 63 гадоў. Харавая, харэаграфічная і інструментальная часткі зліваюцца ў цэласны сцэнічны вобраз, дзе арганічна спалучаюцца музыка, рух і тэатралізацыя. Танцавальным напрамкам загадвае Антаніна Пюро, вакальным — Васіль Кавалік, а інструментальнай групай — Таццяна Ямант.

У “Палескіх зорах” падкрэсліваюць: народнае мастацтва нельга захоўваць музейна. Яно павінна жыць, развівацца, знаходзіць актуальныя формы.

— Мы ўвесь час у творчым пошуку, — тлумачыць Сяргей Паддубны. — Вельмі важна не страціць аснову беларускай традыцыйнай культуры, але быць цікавымі цяперашняму гледачу. Таму пастаянна абнаўляем праграмы, працуем над свежымі вакальна-харэаграфічнымі кампазіцыямі, прыцягваем моладзь.

Менавіта пераемнасць пакаленняў тут называюць адным з цэнтральных прынцыпаў калектыву. Побач з дасведчанымі ўдзельнікамі на сцэну выходзяць юныя, якія толькі адкрываюць для сябе беларускую народную творчасць. І ў гэтым — галоўная місія “Палескіх зор”. У пару, калі пытанне нацыянальнай ідэнтычнасці набывае надзвычайную вагу, такія аб’яднанні становяцца сапраўднымі праваднікамі культурнай памяці.

 

З ЛЮБОЎЮ

Рэпертуар уключае фальклор і арыгінальныя кампазіцыі Міхаіла Цурканава, Сяргея Паддубнага і Васіля Каваліка. Ансамбль мае 12 аўтарскіх праграм. Сярод іх “Беларусь азёрная”, “Табе пяю, мая зямля”, “Табе, мой родны горад”, “Любоў мая — Палессе”, “Мы з табой палешукі”, “Засвяцілася зара над Палессем” — самі назвы гучаць як прызнанне ў любові бацькоўскаму краю.

Знакавай падзеяй у творчым лёсе калектыву стаў выпуск зборніка “Спявай, красуй, Палессе” (2024) — вынік шматгадовай працы і ўклад у захаванне нацыянальнай спадчыны Беларусі.

— Гэта не проста музычнае выданне, — гаворыць кіраўнік. — Для нас яно — своеасаблівая рыса пад пройдзеным шляхам і спроба пакінуць сапраўды важнае для тых, хто працягне справу пасля нас.

 

СВЯТОЧНЫ ВІР

За гады творчай дзейнасці “Палескія зоры” пабывалі больш чым у 20 краінах свету. Францыя, Іспанія, Індыя, Кітай, Італія, Фінляндыя, Венгрыя — геаграфія выступленняў уражвае не менш, чым колькасць узнагарод. Ансамбль — лаўрэат міжнародных, усесаюзных, рэспубліканскіх і абласных конкурсаў ды фестываляў, удзельнік буйных свят: рэспубліканскай грамадскакультурнай акцыі “Марафон адзінства”, міжнароднага фэсту этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, фестывалю-кірмашу “Дажынкі”, гала-канцэрта рэспубліканскага фестывалю “Беларусь — мая песня”... І гэта далёка не поўны пералік.

— Калі выступаем за мяжой, здараецца, што людзі не разумеюць слоў, але бездакорна адчуваюць энергетыку нашай культуры, — кажа Сяргей Паддубны. — І ў такія моманты яшчэ глыбей пранікаешся тым, наколькі моцная беларуская народная песня.

 

НЕ ГУБЛЯЮЧЫ СУВЯЗІ

“Палескія зоры” — частка культурнага скарбу Піншчыны і ўсёй Брэсцкай вобласці. Нумары гэтых артыстаў заўсёды пазнаюць па яркіх касцюмах, адметным інструментальным гучанні, маштабных вакальна-харэаграфічных кампазіцыях. У 2025-м ансамблю прысвоілі імя заснавальніка — Міхаіла Цурканава. Такі крок стаў не толькі знакам павагі да чалавека, які стварыў калектыў, але і сімвалам пераемнасці.

— Народная песня жыве, пакуль яна патрэбная людзям, — падкрэслівае кіраўнік. — Хочацца, каб моладзь не губляла сувязі з каранямі, каб разумела, якая багатая і прыгожая наша культура.

50 гадоў “Палескія зоры” працуюць дзеля гэтага і застаюцца блізкімі свайму гледачу. Народнае мастацтва не згасае, а працягвае ззяць у кожным, хто адкрыў яго для сябе.

Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву

MAX TikTok

Warning: Unknown: open(/var/www/user13157/data/mod-tmp/sess_0ok28sr61qfkaf2qnkkb68g3j2, O_RDWR) failed: Disk quota exceeded (122) in Unknown on line 0

Warning: Unknown: Failed to write session data (files). Please verify that the current setting of session.save_path is correct (/var/www/user13157/data/mod-tmp) in Unknown on line 0