Выцінанка — гэта дыялог з матэрыялам, памяць і філасофія жыцця. Нават адзін міліметр тут мае вялікае значэнне. Народны майстар Вольга Налівайка з Мінска ўжо 16 гадоў стварае дзівосныя работы, спалучаючы традыцыі продкаў з сучасным мастацкім пошукам.

АНАТОМІЯ БЕЛАРУСКАЙ ВЫЦІНАНКІ
Шлях Вольгі ў мастацтва пачаўся не з паперы, а з саломкі. Некалькі гадоў умеліца вяла гурток “Саламяны цуд” для дзяцей. Аднак лёс зрабіў круты паварот у 2010-м, калі жанчына трапіла на Міжнародны сімпозіум па мастацтве выразання з паперы ў Мінску. Майстры з розных краін адкрылі для рамесніцы зусім іншы свет.
— Вельмі ўразіў высокі ўзровень твораў, — дзеліцца ўспамінамі Вольга Налівайка. — Да таго нават не думала, што выцінанка можа быць такой цікавай, складанай, прыгожай і графічнай. Але знаёмства з тэхнікай аказалася няпростым.
Вольга прызнаецца, што спачатку працы проста развальваліся ў яе руках. Дапамагла Наталля Гамаюнава, якая распавяла галоўны сакрэт: варта пакідаць мінімум два міліметры на лініі злучэння. — Папера ж павінна трымацца. У кожнай тэхніцы свае нюансы, — тлумачыць наша гераіня. Яна падрабязна расказвае пра анатомію выцінанкі:
— Калі традыцыйная карціна несіметрычная, то аўтарская работа вымагае адметнага падыходу. Напрыклад, у парных кампазіцыях фігуры мужчыны і жанчыны выразаюцца асобна, а потым злучаюцца з іншымі — ужо сіметрычнымі — элементамі. Каб дабіцца ажурнасці, я выкарыстоўваю мноства ліній згібу і надрэзаў.
Матэрыял таксама дыктуе ўмовы: тонкая папера дазваляе ствараць карункавыя ўзоры, а шчыльная патрабуе больш строгіх ліній і абмежаванай колькасці згібаў, каб не зламаўся аркуш.

БАГАЦЦЕ ПАДЗЕЙ
Цяпер Вольга пастаянна ўдзельнічае ў размаітых мерапрыемствах. Яна з цеплынёй прыгадвае Рэспубліканскую выставу сучаснай народнай творчасці “Калядныя ўзоры”. Там дэманструюць свае здабыткі рамеснікі з усёй краіны. Можна пазнаёміцца з вырабамі, выкананымі ў розных тэхніках — саломапляценне, ткацтва, маляванка і, вядома, выцінанка. Жанчыне ўдалося далучыць людзей да сваёй справы і на выставе дасягненняў “Мая Беларусь” у “БелЭкспа”. Вольга праводзіла майстар-клас і атрымала шмат прыемных водгукаў.
А самымі запамінальнымі нядаўнімі падзеямі сталі адкрыты Мінскі фестываль народных мастацкіх рамёстваў і, безумоўна, наданне Вользе Налівайка звання народнага майстра Рэспублікі Беларусь.
ДРЭВА ЖЫЦЦЯ І КОД НАЦЫІ
Адмысловае месца ў творчасці нашай гераіні займае тэма дрэва жыцця. Гэта не проста прыгожы вобраз, а глыбока філасофская структура, якая адлюстроўвае ўладкаванне свету. У сваіх работах майстрыха выбудоўвае кампазіцыю з трох частак: ніжні свет — свет продкаў, сярэдні — свет людзей і верхні — прастора, дзе кіруюць птушкі.
— Увесну яны адкрываюць неба, а восенню закрываюць. Гэта ўсё звязана з нашымі каранямі,— тлумачыць Вольга. — Формы дрэва бываюць рознымі, а яго аздабленне-напаўненне — бясконцым. Часам арнамент нараджаецца сам сабой, нібы на ўзроўні інтуіцыі
Адным з найбольш маштабных творчых праектаў умеліцы стала стылізацыя слуцкіх паясоў. Гэта быў доўгі і карпатлівы працэс: жанчына ездзіла з дзецьмі ў Слуцк, наведвала музеі, вывучала арыгіналы, фатаграфавала іх, а дома апрацоўвала інфармацыю і пераносіла на паперу.
— Галоўная цяжкасць заключалася не толькі ў выразанні, але і ў каляровым рашэнні, — распавядае Вольга Налівайка. — Справа вымагала шматслойнасці і дакладнай перадачы залатых і срэбных нітак, якімі славіліся паясы. На такую серыю спатрэбілася больш за месяц.

АД СНЯЖЫНКІ ДА ПАКЛІКАННЯ
Вольга і творыць сама, і шчодра дзеліцца досведам з іншымі. Сярод вучняў ёсць тыя, хто ўжо прывёў да яе дзяцей. З асаблівым гонарам рамесніца расказвае пра Ганну Ліпень, якая падрыхтавала надзвычай складаную работу ў стылі слуцкіх паясоў. Але асноўным крытэрыем поспеху наша суразмоўца бачыць не толькі выхаванне паслядоўнікаў, але яшчэ і прывіванне любові да ручной працы:
— Калі вучні з дзецьмі зімой будуць выразаць сняжынкі і далучацца такім чынам да нашай культуры, то я буду лічыць сваю місію выкананай.
У эпоху сучасных тэхналогій, мяркуе творца, праца рукамі жыццёва неабходная малому чалавеку. Гэта развіццё дробнай маторыкі.
Сама сабе жанчына таксама не дае спыняцца. Натхняючыся прыкладам 85-гадовай калегі Валянціны Слюнчанка, якая дагэтуль праводзіць майстар-класы і ўдзельнічае ў выставах, Вольга Налівайка пастаянна шукае нязведанае.
— Пакуль мы вывучаем новае, мы як асобы развіваемся, — упэўнена яна.

ЭКСПЕРЫМЕНТ З ВЕЧНАСЦЮ
Умеліца не баіцца эксперыментаў. Адзін з нядаўніх — спроба “закансерваваць” выцінанку ў эпаксіднай смале. Ідэю падарыў модны сёння напрамак залівання сухіх кветак. Праца хавае багата нечаканых нюансаў! У планах — стварэнне сталоў з выцінанкай пад шклом або смалой. Вольга пераканана, што галоўнае ў гэтай справе — кантраст.
— Вельмі хочацца, каб нашы традыцыі і беларускае народнае мастацтва працягвалі жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне. Для майстра гэта найвышэйшае шчасце!
Выцінанка для Вольгі Налівайка не проста рамяство, а спосаб мыслення і адлюстраванне душы. Гісторыя нашай гераіні — нагляднае пацвярджэнне таго, што сапраўдны творца знаходзіцца ў вечным руху: ад першага няўдалага надрэзу да вялікай серыі работ, ад народных традыцый да дзёрзкіх эксперыментаў з сучаснымі матэрыяламі.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні