У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча прадстаўлены сумесны беларуска-расійскі праект “Успомнілася пра Вас і захацелася напісаць…”, зладжаны ў рамках Дзён Ніжняга Ноўгарада ў Мінску. Выстава прысвечана Адаму Багдановічу і Максіму Горкаму.

Фрагмент экспазіцыі
ЗНАЧНАЯ СУСТРЭЧА
Бацька славутага паэта, вядомы этнограф Адам Багдановіч пазнаёміўся з Максімам Горкім у 1896 годзе, амаль адразу пасля пераезду на сталае жыхарства ў Ніжні Ноўгарад. Адам Ягоравіч быў пераведзены па службе ў мясцовае аддзяленне Сялянскага пазямельнага банка. Мужчыны пасябравалі, а ў 1899-м зрабіліся і сваякамі, калі Багдановіч-старэйшы павянчаўся з Аляксандрай Волжынай, роднай сястрой жонкі Максіма Горкага. У кола іх прыяцеляў уваходзілі таксама тамтэйшыя слынныя грамадскія дзеячы: урач Уладзімір Залатніцкі, адвакат Аляксандр Ланін, рэдактар газеты “Ніжагародскі лісток” Станіслаў Грынявіцкі.
Сяброўства Адама Багдановіча з Максімам Горкім доўжылася шмат дзесяцігоддзяў. Этнограф і пісьменнік сустракаліся ў Ніжнім Ноўгарадзе і Маскве, дапамагалі адзін аднаму, ліставаліся аж да самай смерці рускага класіка ў 1936-м. Ніжагародскі перыяд быў надзвычай важным і ў станаўленні Максіма Багдановіча: ён правёў у гэтым горадзе палову свайго кароткага жыцця, з 5 да 17 гадоў, і менавіта тут у 1907-м распачаў літаратурную дзейнасць.
МОЦНЫЯ СУВЯЗІ
На працягу дзесяцігоддзяў цеснае сяброўства звязвае таксама ніжагародскі Дзяржаўны музей А.М. Горкага і Літаратурны музей Максіма Багдановіча.

Ларыса Маторына і Алеся Кузняцова
Работнікі нашай скарбніцы не раз удзельнічалі ў Горкаўскіх чытаннях, ладзілі сумесныя круглыя сталы і экспазіцыі. Падчас урачыстага адкрыцця выставы было падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж дзвюма ўстановамі, ніжагародцы перадалі лічбавыя копіі сваіх музейных прадметаў. Акрамя таго, Мінскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі ды Ніжагародскі планетарый імя Георгія Грэчкі зацвердзілі мемарандум аб супрацоўніцтве.
З прывітальнымі словамі на цырымоніі адкрыцця выступілі намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Святлана Сіліч, намеснік начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Надзея Аўдзей і дырэктар дэпартамента культуры адміністрацыі Ніжняга Ноўгарада Святлана Гуляева. Да гасцей звярнуліся і намеснік дырэктара на навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, дырэктар Дзяржаўнага музея А.М. Горкага Ларыса Маторына, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі і дацэнт кафедры “Горадабудаўніцтва” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Алена Чырыкава — праўнучка рускага пісьменніка Яўгена Чырыкава. Менавіта ён у свой час даў рэкамендацыйны ліст Адаму Ягоравічу, дзякуючы чаму сем’і Багдановічаў і Горкага пазнаёміліся і пасябравалі.

Падчас цырымоніі адкрыцця выставы
УСЕ МЫ РАЗАМ ЛЯЦІМ ДА ЗОР
У межах праекта ўпершыню прадстаўлены каштоўныя матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея А.М. Горкага, звязаныя з Багдановічамі, — фотаздымкі, выявы лістоў, аўтографаў і машынапісаў, якія раскрываюць невядомыя старонкі жыцця дзвюх сем’яў. Дапаўняюць экспазіцыю арыгінальныя матэрыялы са збораў музея Максіма Багдановіча, што распавядаюць пра сяброўства Максіма Горкага і Адама Багдановіча.

Вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча
Ірына Мышкавец
Музейшчыкі з Ніжняга Ноўгарада адмыслова да выставы падрыхтавалі відэаролік “Максім Горкі і Максім Багдановіч: зоркі і час”, які расказвае аб сяброўстве творцаў з Сяргеем Шчарбаковым — выкладчыкам фізікі ды матэматыкі і дырэктарам Ніжагародскай губернскай мужчынскай гімназіі, дзе вучыўся наш будучы класік. Сяргей Шчарбакоў таксама заснаваў Ніжагародскі гурток аматараў фізікі і астраноміі, умеў захапіць сваімі ведамі выхаванцаў, прыяцеляў і ўсіх навакольных.
Недарма, відаць, і ў самых знакамітых вершах Максіма Багдановіча так часта з’яўляюцца нябесныя вобразы: “Зорка Венера ўзышла над зямлёю…”, “Скарына, доктар лекарскіх навук, // У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры…”, “Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // Да зор?”. Чарговы сумесны праект беларускага і расійскага музеяў падкрэслівае важнасць міжнацыянальнага дыялогу і пацвярджае цеснае перапляценне культур нашых народаў, спрыяючы іх супрацоўніцтву. Экспазіцыю можна пабачыць да 1 жніўня.
Антон РУДАК. Фота аўтара і з сайта музея