Спазнаць нябесныя бегі

На адзін з вечароў малая сцэна канцэртнай залы “Мінск” ператварылася ў своеасаблівы касмадром: капэла “Санорус” прадставіла тут касмічны перформанс “Нябесныя бегі Язэпа Драздовіча”. У ролі знакамітага мастака, названага беларускім Леанарда да Вінчы, выступіў артыст Купалаўскага тэатра Сяргей Бірульчык.

 

Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Санорус” літаральна ў пачатку свайго існавання перарос простае яднанне хору і аркестра. Капэла рушыла ў бок тэатральнасці, стала рабіць літаратурна-музычныя кампазіцыі, дэманстраваць казкі і нават выпусціла прэм’еру беларускай оперы — “Маленькага прынца” Андрэя Мдывані. Цяперашні галоўны дырыжор Вячаслаў Ларын беражліва захоўвае і развівае тыя традыцыі. Сярод найбольш цікавых яго ідэй — цыкл канцэртаў-спектакляў “Твой геній”.

Першая такая пастаноўка — шмат у чым гэткая варыяцыя на тэму праекта “Ван Гог. Лісты да брата” народнага артыста СССР і Расіі Юрыя Башмета з ансамблем “Салісты Масквы”. Агульным было імкненне да сінтэзу мастацтваў, дзе музыка спалучалася з чытаннем эпісталярнай спадчыны жывапісца і графіка, дэманстрацыяй яго карцін на экране. Але ж выбар кампазіцый (у “Саноруса” не інструментальных, а харавых) і літаратурных фрагментаў, агучаных Анатолем Лагуценкавым з Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, натуральна, адрозніваўся. А ў чымсьці быў і прынцыпова іншым.

Наступным стаў зварот да творчасці Марка Шагала. Тут узнікла яшчэ мастацтва харэаграфіі: балетная пара ўвасабляла віцебскага майстра і яго жонкумузу Бэлу. Галасы акцёраў ішлі ў запісе, а яркай тэмбравай фарбай, дададзенай да хору і аркестра, зрабіўся незвычайны музычны інструмент— тэрменвокс.

Нарэшце, да 65-годдзя першага палёту чалавека ў космас з’явіліся “Нябесныя бегі Язэпа Драздовіча”. Але аповед пра жывапісца, графіка, скульптара, этнографа, пісьменніка, філосафа (гэта далёка не ўвесь спіс амплуа) не абмяжоўваецца касмічнай тэмай, у якой ён — беларускі першапраходзец. На экране максімальна поўна было прадстаўлена выяўленчае мастацтва Драздовіча — разнастайнае па жанрах, тэхніках пісьма, па вобразах, дзе фантастычныя іншапланетныя істоты суседнічаюць з цалкам рэалістычнымі, гістарычна дакладнымі архітэктурнымі відарысамі і маляванымі дыванамі, што ўпрыгожвалі сялянскі побыт. Дзякуючы штучнаму інтэлекту ўсе выявы ажываюць. А на сцэне быццам ажывае сам Драздовіч, бо Сяргей Бірульчык нават нагадвае яго знешне.

Ажываюць Язэпавы думкі, выкладзеныя не толькі ў навукова-папулярнай астранамічна-філасофскай працы “Нябесныя бегі” з аўтарскімі ілюстрацыямі, але і ў дзённіках, ліставанні, нататках “падарожніка” па іншых планетах, убачаных і даследаваных у сне.

— Кожны такі перформанс хочацца зрабіць непадобным да іншых, — гаворыць аўтар ідэі і музычнай канцэпцыі, галоўны дырыжор капэлы “Санорус” Вячаслаў Ларын. — Язэп Драздовіч не настолькі вядомы, як тыя ж Ван Гог ці Шагал. Прысвечаны яму канцэрт-спектакль мае яшчэ і моцны асветніцкі пасыл, а беларускамоўныя тэксты дадаткова падкрэсліваюць нацыянальную тэму.

Хор змяшчаецца не ззаду аркестра, як пры выкананні араторый, а злева — як суразмоўца і апанент-антаганіст. Бо харавыя нумары (“Гаварыла поле” Леаніда Захлеўнага, “Каравай” Аляксандра Літвіноўскага і іншыя беларускія творы) сімвалізуюць зямное жыццё. Аркестравыя — касмічнае: не толькі ўласна нябеснае, але і мысленчае, разумовае, духоўнае. Гэты пласт прадстаўлены пераважна музычным мінімалізмам, бясконцасць ліній якога так пасуе неабсяжнасці сусветаў.

Рэжысёрам выступіў артыст Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Алег Коц, у чыёй асобе акцёрскае майстэрства ўдала спалучаецца з прафесійнай пастановачнай дзейнасцю. З “Санорусам” ён супрацоўнічае не ўпершыню, бо раней іграў кранальнага і смешнага дамавічка Кузю ў аднайменнай музычнай казцы. А тут, апроч рэжысуры, Коцу належаць таксама сцэнарый, дзе выказванні Драздовіча шчодра дапоўнены аўтарскім тэкстам, і складанне відэакантэнту, які не ілюструе словы, а вядзе з імі энергетычны і сэнсавы дыялог.

— Хацелася паказаць не проста генія ці прарока, — разважае Алег Коц, — а чалавека, які шукае і сумняваецца. У ім няма ні асуджэння, ні злобы на тых, хто яго не прымае, лічыць дзіваком, нават крыху звар’яцелым. Таму гэта не толькі касмічная, але яшчэ і чалавечая гісторыя.

Нягледзячы на “густанаселенасць” сцэны аркестрам і хорам, сярод якога вылучаюцца сола (той жа маці мастака), “Нябесныя бегі” можна ў поўнай меры назваць яшчэ і монаспектаклем. Бо ў цэнтры, яднаючы ўсе ніткі зместу, апынаецца постаць Драздовіча.

— Я адчуваю сябе такім жа, — прызнаецца заняты ў гэтай ролі артыст Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я. Купалы Сяргей Бірульчык. — Непадобным да іншых, не заўжды зразуметым. Таму трэба было знайсці неабходную мяжу між пафасам і шчырасцю. І адпавядаць музычным інтанацыям, эмацыйнасць і псіхалагічную глыбіню якіх немагчыма пераважыць словамі — толькі данесенымі праз іх думкамі.

Ранейшыя перформансы цыкла “Твой геній” паказваліся ў сталіцы, Гродне, Гомелі. “Нябесныя бегі Язэпа Драздовіча” таксама неўзабаве рушаць у Гродна. Містычны “Ван Гог. Insight” у чэрвені паўторыцца ў канцэртнай зале “Мінск”. На той жа сцэне ў ліпені “Санорус” прэзентуе дзею “Казка пра вандроўнага музыканта”, заснаваную на партытурах Альфрэда Шнітке і сюжэтных абрысах мультфільма “Шкляная гармоніка”, музыку да якога пісаў гэты расійскі класік.

Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Пятра КАРПОВІЧА

MAX TikTok