Калекцыя Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь папоўнілася надзвычай каштоўным экспанатам — сапраўдным цэлым слуцкім поясам пачатку ХІХ стагоддзя.

Як паведамілі ва ўстанове, прыкладны час стварэння артэфакта — 1807—1818 гады. Тады Слуцкай мануфактурай валодалі Радзівілы. На рэліквіі ёсць спецыяльныя меткі — “ФКСР” (як мяркуецца, “фабрыка княжая слуцкая Радзівілаўская”) і “СЛУЦКЪ”.
Гэта чатырохбаковы кунтушовы пояс даўжынёй 4 метры 60 сантыметраў і шырынёй 35 сантыметраў. Ён вытканы з шоўку, срэбных і пазалочаных нітак. На “галовах” — парныя кветкавыя кусты, а сярэднік упрыгожаны рытмічнымі палосамі з расліннымі галінкамі, разеткамі і аваламі. Бардзюры запоўнены S-падобнымі сцёбламі з кветкамі. Каларыт твора грунтуецца на спалучэнні срэбнага фону і арнаменту з дэкаратыўных элементаў бэжавага, блакітнага, ружовага, адценняў карычневага колеру.

Бясцэнна тое, што прадмет мае арыгінальныя махры на канцах. Як расказалі ў Нацыянальным мастацкім музеі, такія дэталі амаль ніколі не даходзяць да нашых дзён. Нават у аднаго з самых каштоўных паясоў перыяду Яна Маджарскага (1860—1880-я), што знаходзіцца ў фондах установы, сапраўдная махра не ацалела — яе замянілі пазнейшай.

Артэфакт нядаўна выкупілі з прыватнай калекцыі. Набыццё пояса дазволіць выбудаваць у экспазіцыі храналагічную лінію развіцця слуцкай мануфактурнай вытворчасці. Пакуль жа ён захоўваецца ў запасніках
Служба інфармацыі “К”