Генеральны дырэктар Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы Ганна Сенькавец — сярод пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Жанчына года — 2025” у намінацыі “Духоўнасць і культура”. Што стаіць за поспехам?

— Ганна Уладзіміраўна, найперш — віншуем з тытулам “Жанчына года — 2025”.
— Дзякуй вялікі. Атрымаць такое прызнанне — гонар, хваляванне і, безумоўна, адказнасць. Але не ўспрымаю ўзнагароду як асабістую заслугу. Усё, што ёсць у маёй прафесійнай гісторыі, — вынік сумеснай працы з людзьмі, якія былі побач на розных этапах.
— Звернемся да вашай біяграфіі. Ці заўсёды бачылі сябе ў культуры?
— У дзяцінстве марыла пра іншае. Хацела стаць настаўніцай: гуляла ў школу і не сумнявалася, што гэта мой шлях. Паступіла ў педагагічны ўніверсітэт, атрымала спецыяльнасць у галіне сацыяльна-педагагічнай дзейнасці. Працавала з дзецьмі: спачатку ў садку — выхавальніцай і інструктарам па фізічнай культуры, пазней — псіхолагам у школе.
— І калі ж праявілася цяга да творчасці?
— Жыццё нечакана змяніла кірунак у 2014-м: мяне запрасілі ў метадычны цэнтр аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Драгічынскага райвыканкама. Там прайшла школу арганізацыі мерапрыемстваў на раённым узроўні, пазней узначаліла сам цэнтр, затым — і раённую клубную сістэму. Гэта быў досвед, што запатрабаваў поўнай аддачы.
Мне пашанцавала з настаўнікамі. Побач аказаліся людзі, якія дапамаглі асэнсаваць прафесію. Сярод іх — Таісія Строк, на той момант намеснік дырэктара клубнай сістэмы, якая прысвяціла культуры больш за 35 гадоў. Таісія Вячаславаўна навучыла асновам — ад распрацоўкі сцэнарыя да адчування рытму і цэласнасці праграмы. Але галоўнае — паказала, як важна шчыра любіць тое, чым займаешся.
— Наступны пункт — Дом культуры чыгуначнікаў у Брэсце. Чым гэтая ўстанова адрознівалася ад папярэдніх?
— Да таго часу я ўжо адчувала ўпэўненасць у арганізацыйных момантах. Але чыгунка — іншая сістэма, са сваімі правіламі, са строгай дакументацыяй і з высокімі патрабаваннямі. Менавіта тут я атрымала сур’ёзны вопыт у справаводстве, пабудове працэсаў, закупках. Рабілі яркія мерапрыемствы, запрашалі вядомых людзей — ад Леаніда Якубовіча да касманаўта Алега Навіцкага. Для чыгуначнікаў падобныя сустрэчы станавіліся асаблівымі падзеямі. А для мяне як кіраўніка — яшчэ адным крокам у прафесійным сталенні.
— Пасля вам прапанавалі ўзначаліць Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы. Як успрынялі выклік?
— Спачатку адмовілася... Добра ўсведамляла маштаб. Тэатр — прафесійнае мастацтва, вялікі калектыў, заслужаныя дзеячы. Адказнасць за больш як 130 супрацоўнікаў, за іх сем’і, за вынік, які бачыць глядач. Параілася з блізкімі і адчула — яны са мной.
Увогуле, я ніколі не імкнулася заняць пэўную пасаду. Проста ў нейкі момант жыццё складваецца так, што ты разумееш: на гэтым месцы можаш прынесці найбольшую карысць.
Важна і тое, што калектыў прыняў мяне. Побач быў мастацкі кіраўнік тэатра Аляксандр Козак — чалавек з вялікім досведам, які шмат гадоў узначальваў установу. Яго ўвага дапамагла хутчэй увайсці ў працу.
— З чаго пачыналі на новай пасадзе?
— У творчым калектыве належыць не толькі арганізоўваць працэс, але і чуць людзей. Таму пазбягала рэзкіх рашэнняў. Адразу вызначыла асноўныя праблемныя кірункі — матэрыяльная база, неабходнасць мадэрнізацыі. Паступова абнаўлялі святло і гук, праводзілі рамонт, забяспечвалі больш камфортныя ўмовы. Бо тэатр — яшчэ і атмасфера. Важна, каб і глядач, і работнік адчувалі сябе тут патрэбнымі. Усё трымаецца на прафесіяналізме, узаемнай дапамозе і ўнутранай матывацыі. Тут няма другарадных роляў: кожны — ад акцёра да цэхавіка — прычыняецца да агульнага выніку.
— Якімі здабыткамі калектыву за пяць гадоў вашай працы ў тэатры ганарыцеся найбольш?
— Напэўна, нашай музейнай экспазіцыяй. Гэта маштабны выставачны праект, які адлюстроўвае гісторыю тэатральнага мастацтва Брэстчыны і самой установы за 80 гадоў. Ён выбудаваны дакладна, мае выразную храналогію — і сёння з’яўляецца адным з самых поўных праектаў такога кшталту ў краіне. Таксама — адроджаным спектаклем "Брэсцкая крэпасць". Яшчэ адзін важны напрамак — міжнародная дзейнасць. Супрацоўнічаем з Расіяй, забяспечаны грантавай падтрымкай, удзельнічаем у праграме “Вялікія гастролі”. Гэта дазваляе выходзіць да новага гледача і думаць у іншым маштабе. Летась выступалі ў Архангельску і вобласці, сёлета запланаваны паездкі ў Маскву, Казань, Ніжні Тагіл. На гастролях заўсёды адчуваецца асаблівая рэакцыя — адкрытасць і зацікаўленасць. Але і ў Брэсце ў нас вельмі ўдзячная публіка.
— Роля кіраўніка патрабуе вялікай аддачы. Як захоўваеце ўнутраную раўнавагу і не губляеце сувязь з блізкімі?
— Працоўны дзень часта заканчваецца каля восьмай вечара, і даводзіцца ахвяраваць часам з сям’ёй. Але нават у такім рытме стараемся падтрымліваць маленькія традыцыі — размовы, сумесная гарбата. Дзеці ведаюць мой графік. Дачка пасля заняткаў заязджае ў тэатр, сын таксама — і ўжо разам вяртаемся дадому.
Ёсць месца, дзе я насамрэч аднаўляюся, — бацькоўскі дом у вёсцы Бездзеж. Кожны прыезд — як новае дыханне.
Калі гаварыць пра захапленні, то мая праца і ёсць галоўнае хобі. Яна дорыць сапраўднае задавальненне.
— Ваш уласны вопыт вызначае тое, як выхоўваеце дзяцей?
— Так. Даю ім магчымасць шукаць сябе, але разам з тым імкнуся данесці каштоўнасць кожнай справы. Дачка займаецца харэаграфіяй. Нават калі часам ёй не хочацца, тлумачу — спатрэбіцца: тут культура руху, дысцыпліна, прыгожая фігура. Сын спрабаваў авіяцыю — кожнае лета праводзіў у аэраклубе. Тэатр дзеці таксама любяць наведваць. Сафія нават аналізуе некаторыя спектаклі, як прафесійны крытык.
— Калі падсумаваць, што насамрэч трымае і вядзе наперад?
— Дзе б ні працаваў, трэба заставацца чалавекам. Чалавечнасць, справядлівасць, павага — аснова ўсяго. Калі будуеш адносіны на шчырасці і ўменні чуць іншых, тады і вынік будзе добры, і з’яўляецца ўнутраны спакой. І яшчэ — не варта баяцца марыць. Усё астатняе прыйдзе.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні