Больш за трыста юнацкіх галасоў аб'яднаў харавы фестываль памяці Ігара Жураўленкі. Мерапрыемства разгарнулася ў Мінску з 14 па 17 мая.

Упершыню творчы форум зладзілі ў мінулым годзе. Арганізатарамі выступілі Асацыяцыя кіраўнікоў хароў хлопчыкаў і юнакоў Беларускага саюза музычных дзеячаў і Рэспубліканская гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
— Ігар Андрэевіч — заснавальнік сучаснага харавога юнацкага руху нашай краіны, — расказаў Сямён Кліманаў, старшыня асацыяцыі і аўтар ідэі фестывалю. — У 1968-м на базе Сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі — цяперашняй гімназіі-каледжа — ён сабраў калектыў, з якога выйшлі дзясяткі дырыжораў, оперных салістаў, кампазітараў, педагогаў і грамадскіх дзеячаў.

Ігар Жураўленка
Летась вядомы хор атрымаў ганаровае званне “Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”. Тады ж з серыі канцэртаў, прысвечаных легендарнай постаці Жураўленкі, нарадзіўся форум. Здарылася гэта, па словах кіраўніка калектыву Сямёна Кліманава, амаль выпадкова:
— Да нас завіталі артысты з Цвяры, дзе маэстра працаваў пасля Беларусі, — і мерапрыемства вырасла да некалькіх фестывальных дзён. Так з’явілася ідэя ператварыць іх у традыцыю ў памяць аб выбітным музыканце…
УМАЦОЎВАЮЧЫ ПОВЯЗЬ
І форум зноў загучаў у розных кутках беларускай сталіцы. Распачаўся ён у велічнай Белай зале Храма-Помніка ў гонар Усіх Святых.
У цырымоніі адкрыцця паўдзельнічаў вядомы маскоўскі хор хлопчыкаў і юнакоў “CANTUS”, што нядаўна ўзяў другое месца ў маштабным тэлешоу “Ну-ка, усе разам! Хорам!”.
— Пасябравалі з ім у 2023-м падчас гастроляў у Расію, — расказаў Сямён Кліманаў. — З таго часу калектыў заўважна вырас у прафесійным плане. Не маглі не запрасіць іх на фестываль! Гэта добрая нагода для наладжвання супрацоўніцтва.
Наступным днём харавая эстафета перайшла ў сцены Рэспубліканскай гімназіі-каледжа: кіраўніца “CANTUS” Аляксандра Самахвалава падзялілася з беларускімі калегамі сакрэтамі творчага жыцця і методыкай рэпетыцыйнай працы калектыву.

ДЛЯ ЎСІХ АДКРЫТЫЯ
Другая частка фестывальнай праграмы разгарнулася на буйных канцэртных пляцоўках Мінска.
— Упершыню задзейнічалі Вялікую залу Беларускай дзяржаўнай філармоніі, дзе ў памяць пра Ігара Жураўленку прагучаў “Рэквіем” Габрыэля Фарэ. Вялікі дзякуй за такую цудоўную магчымасць! — адзначыў Сямён Кліманаў.
Грандыёзны гала-канцэрт зладзілі ў зале “Верхні горад”. На сцэну выйшла мноства выдатных артыстаў і хароў нашай краіны. У прыватнасці, калектывы “Ветразь”, “Вясёлы вецер”, “Арляняты”, “Каравела”.
— Удзел свабодны і адкрыты для ўсіх! Але асноўны касцяк складаюць члены асацыяцыі, захопленыя прасоўваннем юнацкага пеўчага мастацтва, — адзначыў старшыня асацыяцыі. — Адмысловых патрабаванняў да праграмы таксама няма. Тэматычная лінія праяўляецца толькі ў заключным канцэрце, дзе ў асноўным выконваюцца духоўнапатрыятычныя творы.
АХАПІЦЬ НОВЫЯ ГАРАДЫ
Фестываль памяці Ігара Андрэевіча Жураўленкі, паводле слоў Сямёна Кліманава, — важны крок у развіцці юных артыстаў. Гэта не толькі спосаб прыцягнуць моладзь да харавых спеваў, але і магчымасць наладзіць кантакты з калегамі, узбагаціцца праз абмен досведам і атрымаць незабыўныя ўражанні ад сумеснай працы.
— Форум, спадзяюся, стане штогадовай традыцыяй! — падкрэслівае педагог. — У перспектыве марым запусціць некалькі новых праектаў у падобным фармаце. Такія мерапрыемствы — цудоўная магчымасць падзяліцца творчымі ідэямі. Цяпер думаем аб тым, каб дадаць новыя пляцоўкі і, магчыма, ахапіць іншыя гарады. Усё ж такі наша асацыяцыя — рэспубліканская, і выхад за межы сталіцы можа стаць наступным важным крокам праекта.
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з сайта Рэспубліканскай гімназіі-каледжа