Каб не рвалася нітка лёсу

Апублiкавана: 24 чэрвеня 2026 Стужка Музеі Мінск Музейная прастора

Аўтар: РУДАК Антон

У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць выстава “Гармонія свету неглюбскіх ткачых”, прысвечаная тэкстыльнай традыцыі Веткаўшчыны.

 

АРХАІКА І ПРЫГАЖОСЦЬ

Неглюбскае ткацтва — адметная з’ява беларускай народнай культуры, якая захавала старажытныя рысы і выбітную сістэму сімвалаў. Звычаю ўласцівыя разнастайнасць тэхнік ткацтва і вышыўкі, складаная шматколернасць і багатыя арнаменты. Найбольш вядомым і распаўсюджаным элементам неглюбскай традыцыі можна назваць ручнікі, упрыгожаныя сіметрычнымі ўзорамі. Яны размяшчаюцца на абодвух канцах палатна ў некалькі палос і ўтвараюць геаметрычныя і раслінныя кампазіцыі.

Таксама ў Неглюбцы вырабляюцца і іншыя прадметы для аздаблення інтэр’еру, такія як посцілкі, настольнікі і фіранкі. Тутэйшы народны строй лічыцца адным з самых архаічных у Беларусі і ўключае белую сарочку з арнаментам, дробнаклятчастую спадніцу, фартух, шырокі пояс і ўзорыстую хустку. У вёсцы вылучаюць больш за 120 элементаў арнаменту, кожны з якіх мае сваю назву і адмысловае значэнне: “васьмірожка”, “кручча”, “крывулі”, “павукі”, “мышыная сцежка”, “яблыкі”…

 

УСЕСАЮЗНАЯ ВЯДОМАСЦЬ

Тэкстыльная традыцыя, якая сфарміравалася яшчэ ў XVII стагоддзі і здолела зберагчы самабытнасць, актыўна развіваецца і ў наш час. Сёння ствараюцца ручнікі і прадметы адзення ды інтэр’ера з выкарыстаннем старадаўніх тэхнік. Ткацтва ўжо выступае хутчэй не як рамяство і крыніца тканін для штодзённага ўжытку, а як механізм захавання памяці, мастацкай мовы і пераемнасці досведу.

Вырабы з Неглюбкі атрымалі шырокую вядомасць у 1970-я. На Усесаюзнай выставе-конкурсе майстроў народнага мастацтва ў Маскве, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння У.І. Леніна, экспанаваліся ў тым ліку ручнікі з гэтага паселішча. У 1976-м у мясцовай сярэдняй школе быў арганізаваны гурток “Юныя ткачыхі”, а ў 1985-м — ткацкі клас пры Свяцілавіцкім навучальна-вытворчым камбінаце.

 

НОВЫЯ ПАРАСТКІ

Значнай пагрозай для захавання навыкаў зрабіліся наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У Неглюбцы ў выніку пераезду жыхароў знікалі не толькі асобныя хаты і двары, але і цэлыя вуліцы. Частка пасёлкаў амаль абязлюдзела, некаторыя з іх аказаліся пакінуты поўнасцю. Выведзеныя з гаспадарчага ўжытку землі ператвараліся ў лясы, змянялася тутэйшая сакраль ная геаграфія, быў страчаны абрад пераносу ікон“свячэй” паміж вёскамі.

Акрамя як у Неглюбцы, традыцыя бытавала ў наваколлі: у Канавалаве, Лядзе, Перавессі, Пера- даўцы, Рэпішчы, Свабодзе, Селішчы і Сініцах. Цікава, што ткацтва засталося сродкам культурнай самаідэнтыфікацыі для перасяленцаў пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Жанчыны старэйшага пакалення, вымушаныя пераехаць у іншыя раёны краіны альбо за яе межы, збераглі свае ўменні і нават распаўсюдзілі іх.

 

ДА СУСВЕТНАГА ПРЫЗНАННЯ

Сёння аб звычаі рупяцца ў Неглюбскім сельскім цэнтры ткацтва. У гуртку “Нітачкі” пры ім займаюцца 10 дзяцей і дарослых, якіх навучаюць майстрыхі Людміла Кавалёва, Таццяна Суглоб і Алена Дзямчыхіна. З 2013-га ў вёсцы ладзіцца штогадовае рэгіянальнае свята ткацтва “Кросенцы”. У 2015-м калектыў установы ўганаравалі спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за значныя дасягненні ў справе адраджэння і развіцця народных рамёстваў, захаванне і папулярызацыю традыцыйных тэхналогій вытворчасці ручнікоў.

У 2016-м неглюбскае ткацтва ўнеслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. А на 20-й сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА, якая прайшла 9 снежня 2025 года ў Нью-Дэлі, было прынята рашэнне аб уключэнні гэтай тэкстыльнай традыцыі ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая мае патрэбу ў тэрміновай ахове.

На выставе можна ўбачыць ўзоры мастацкага ткацтва, выкананыя найлепшымі майстрыхамі, элементы народнага строю і аўтэнтычныя аксесуары. Тут прадстаўлена каля паўсотні твораў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея, Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, а таксама Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава. Апошняя з пералічаных скарбніц валодае самай вялікай калекцыяй неглюбскіх тканых вырабаў і пастаянна вывучае ды папулярызуе іх.

Экспазіцыю дапаўняюць здымкі, графічныя рэканструкцыі касцюмаў і інструменты для апрацоўкі льну. Праект даступны да 27 лі­пеня.

Антон РУДАК. Фота аўтара

MAX TikTok