У Брэсцкай дзіцячай харэаграфічнай школе мастацтваў імя В.М. Пагодзіна прыгажосці рухаў навучаюць з шасці гадоў. На думку дырэктара ўстановы Алены Дронь, самы час прывіваць любоў да ўзнёслага.

ДЛЯ САМЫХ МАЛЕНЬКІХ
— Дзеці здольныя займацца танцамі ўжо ў пяць з паловай гадоў, — упэўнена Алена Аляксандраўна. Самыя маленькія трапляюць у групу “Першы крок”, дзе іх у гульнявой форме знаёмяць з азамі і прывучаюць да дысцыпліны. Праз год выхаванцы пераходзяць на другую ступень: клас “Шлях да танца” разлічаны на старэйшы дашкольны ўзрост. Тут паціху асвойваюць больш складаныя элементы і пачынаюць разбірацца ў спецыяльнай тэрміналогіі.

Заключны этап падрыхтоўчага аддзялення — студыя “Юныя танцоры”. Яе наведваюць вучні 1 і 2 класаў агульнаадукацыйных школ, якія праходзяць падрыхтоўку да паступлення непасрэдна на асноўны курс навучання.

— Першыя тры этапы створаны для таго, каб дзіця і яго бацькі змаглі вызначыцца, наколькі ім цікава і неабходна атрыманне харэаграфічнай адукацыі, — тлумачыць дырэктар. — Мы забяспечваем ёю на прафесійным узроўні, таму і стаўленне ў адказ чакаем сур’ёзнае.
— Па заканчэнні школы юнакі і дзяўчаты атрымліваюць дзяржаўнае пасведчанне, якое дае пэўную перавагу пры паступленні ў ВНУ ці ССНУ, — уступае ў гутарку намеснік дырэктара Святлана Пятрова.

Як правіла, сумленна адвучыўшыся на падрыхтоўчым аддзяленні, дзеці паступаюць на асноўны курс. Адсеў здараецца рэдка — хіба толькі па ўласным жаданні выхаванца і бацькоў.
ЗНАЙСЦІ СЯБЕ
Разам з тым у першы клас харэаграфічнага навучання прымаюць і тых, хто не наведваў падрыхтоўчае аддзяленне. Зразумела, па выніках праверкі здольнасцяў. Але, як лічаць педагогі, калі дзіця не мае медыцынскіх супрацьпаказанняў і хоча танцаваць, навучыць яго прыгожаму майстэрству можна.

— Працаваць з такімі бывае крыху складаней, бо яны не прызвычаіліся да нашых патрабаванняў, не заўсёды разумеюць тэрміналогію, — распавядае Святлана Анатольеўна. — Але толькі на пачатку. Ужо праз які месяц яны ўліваюцца ў працэс і працуюць не горш, а іншым разам і лепш за іншых.
Навучанне ў школе ідзе па сямігадовай праграме. Хлопчыкі і дзяўчынкі асвойваюць класічны танец, народна-сцэнічны, гісторыка-бытавы. Таксама ў раскладзе — музычная грамата і слуханне музыкі, гісторыя харэаграфічнага мастацтва, гімнастыка. Гэтыя і іншыя дысцыпліны фарміруюць у выхаванцаў уменне валодаць сваім целам, грацыю, прыгажосць рухаў — такіх дзяцей адразу бачна ў натоўпе.

Сёння ў пяці класах навучаецца больш за 250 чалавек. Яшчэ каля 140 наведваюць школу дадаткова.
НАГОДА ДЛЯ ГОНАРУ
Сярод “дадатковых” — малышы з падрыхтоўчага аддзялення. А яшчэ тыя, хто, атрымаўшы пасведчанне, працягвае наведваць “Клас удасканалення” да паступлення ў ВНУ.
— Плата за іх паступае на пазабюджэтны рахунак, — тлумачыць Алена Аляксандраўна.

Гэтыя юнакі і дзяўчаты настолькі адданыя танцу, што вырашылі прысвяціць яму жыццё. Яны згуртаваныя ў ансамбль “Берасцяначка”, які з’яўляецца актыўным удзельнікам гарадскіх, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемстваў. Харэаграфічны калектыў з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх творчых спаборніцтваў, а ў 2024-м удастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Своеасаблівасць рэпертуару, яркасць і самабытнасць касцюмаў, якія рыхтуюцца прафесійнымі вытворцамі, прыносяць ансамблю заслужаны поспех у самай рознай аўдыторыі.

— Вось ужо 15 гадоў найлепшыя нашы навучэнцы задзейнічаны ў шырокафарматных навагодніх музычна-тэатральных праектах у абласным грамадска-культурным цэнтры, — не без гонару гаворыць Алена Аляксандраўна. — Паказы наведваюць больш за пяць тысяч гледачоў штогадова!

Удзел у канцэртах і пастаноўках розных маштабаў дазваляе юным талентам набыць уменне адчуваць сцэну і не баяцца публікі, упэўненасць ў сваіх сілах і пачуццё калектыву, а таксама навучыцца ўзаемападтрымцы і ўзаемадапамозе. І гэта, на думку педагогаў, нават больш істотна, чым адточанасць рухаў.

ВЯРНУЦЦА Ў СЯМ’Ю
— А яшчэ важна, што, атрымаўшы вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю, нашы выхаванцы не пакідаюць харэаграфію, — адзначае дырэктар. — Хтосьці працягвае выступленні ў складзе іншых калектываў, і мы імі вельмі ганарымся, хтосьці ідзе ў педагогі і выкладае ў школах мастацтваў ці ССНУ або вяртаецца ў родныя сцены.

Па словах Алены Аляксандраўны, прыкладна дзве трэці ад колькасці харэографаў, якія працуюць у школе, — яе выпускнікі. У іх ліку і сама кіраўніца.
— Для мяне гэтыя пакоі — родныя, а калектыў — нібы сям’я, — кажа Алена Дронь. — Мне імпануе тое, што з калегамі мы дыхаем адным паветрам: яны разумеюць і падтрымліваюць мяне, я — іх. Таму з упэўненасцю магу сказаць, што ў прафесіі я шчаслівая.

Гэтае шчасце, здаецца, распаўсюджваецца і на тых, хто працуе побач з ёю, натхняючыся на новыя задумы, здзяйсненні, перамогі. А іх наперадзе яшчэ шмат.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы