Сярод палескіх лясоў і балот

Калі ехаць па Залатым кальцы Гомельшчыны, здаецца, што ў яго ўжо ўключана самае важнае: старажытныя Юравічы, ціхі Лоеў, велічны Мазыр… Але дастаткова крыху адхіліцца ад маршруту, і дарога прывядзе туды, дзе Палессе застаецца з табой сам-насам, без турыстычных прыкрас і гучных назваў, — у Хойніцкі край. Сюды не трапляюць выпадкова. Сюды даязджаюць тыя, хто гатовы адчуць сапраўдную душу Палесся.

 

ВЫТОКІ ВЯЛІКАГА

Пачаць вандроўку варта з аграгарадка Глінішча — населенага пункта, які трэба адшукаць: прайсці праз цішыню сцежак, міма старых дамоў, удыхнуць водар лесу. За дзесяцігоддзі навакольны ландшафт прыкметна змяніла меліярацыя, аднак тут захаваўся куток, дзе час нібы запавольвае бег.

 

Дом-музей Івана Мележа

На гэтым астраўку мінуўшчыны знаходзіцца Дом-музей Івана Паўлавіча Мележа (падрабязней — у “К” № 13 ад 27 сакавіка) — пісьменніка, чые творы служаць энцыклапедыяй жыцця Беларускага Палесся.

Экспазіцыя — прастора памяці, што зберагае атмасферу пачатку ХХ стагоддзя. Сціплы інтэр’ер, мясцовыя прадметы побыту, асабістыя рэчы класіка — лісты, фотаздымкі, друкавальная машынка…

 

Бюст Івана Мележа

Сюды абавязкова трэба зазірнуць — і ўбачыць, дзе нараджалася вялікае слова, якое стала часткай нацыянальнай культуры.

 

БЯСКОНЦАЯ ПРЫГАЖОСЦЬ

За вокнамі праплываюць пералескі, дарога пятляе між палёў. Накіроўваемся туды, дзе прырода і архітэктура зліліся ў адно крыху таямнічае цэлае, — у Барысаўшчыну.

 

Рэшткі сядзібы Ястржэмбскіх

Тут, на беразе ракі Віць, узвышаецца сядзіба Ястржэмбскіх канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, што ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі. Ад былой раскошы цяпер толькі разваліны, але гэта не пазбаўляе месца яго ўражальнай сілы. Над наваколлем дамінуе пяціпавярховая вежа ў неагатычным стылі, якая нагадвае сярэднявечны замак. Яна, бы вартаўнік часу, маўкліва назірае за зменай эпох.

 

Воданапорная вежа сядзібы Ястржэмбскіх

Побач — рэшткі будынкаў, у якіх яшчэ прачытваецца рытм сядзібнага жыцця, яго маштаб і ўпарадкаванасць. Вежкі, дэкаратыўныя дэталі, строгія геаметрычныя лініі сведчаць пра густ і амбіцыі стваральнікаў ансамбля. Нават сёння на гэтай тэрыторыі заўважнае імкненне да гармоніі.

Комплекс акружаюць парк і стары сад, абнесены каменнай сцяной, — жывы архіў прыроды, што захоўвае ледзь улоўны водар часу і цішыню мінулага. Яна і ёсць галоўны доказ: прыгажосць не знікае нават у развалінах, а гісторыя працягвае гучаць — варта хіба што спыніцца і пачуць.

 

СЛЕД У ПРАСТОРЫ

 З Барысаўшчыны шлях сыходзіць глыбей у лясны масіў, і праз некалькі кіламетраў адкрываецца Рудакоў. Паветра нібы насычана чырвоным пылам: гэта дыхае цэгла, якой ужо больш за век.

 

Частка ансамбля былой сядзібы Аскеркаў — Ваньковічаў

Тут знаходзіцца маёнтак, вядомы, згодна з архіўнымі крыніцамі, з XVIII стагоддзя. Адразу ён належаў роду Аскеркаў, пазней — Ваньковічам. Менавіта апошнія на пачатку ХХ стагоддзя ўзвялі палац у неабарочным стылі з рысамі класіцызму. Для таго выкарыстоўвалі клінкерную цэглу ўласнай вытворчасці, і на многіх цаглінах можна ўбачыць кляймо Ваньковічаў. У свой час гэта быў цэнтр гаспадарчага і культурнага жыцця.

Сёння ад даўнейшага хараства засталіся толькі рэшткі. Чырвоныя сцены, вежа сыраварні, іншыя пабудовы даюць адчуванне закінутага, але не страчанага свету. Парк, закладзены з размахам, паступова дзічэе, захоўваючы асобныя рысы ранейшай разнастайнасці. Пасля 1917 года сядзіба была нацыяналізавана. Тут размясцілі сельскагаспадарчае вучылішча, якое дзейнічала да 1986-га. У выніку чарнобыльскай катастрофы вёска апынулася ў пацярпелай зоне, і маёнтак апусцеў.

 

СЯДЗІБА-МУЗЕЙ

Правінцыйныя вуліцы змяняюцца гарадской забудовай, і вось маршрут прыводзіць у Хойнікі.

 

Раённы краязнаўчы музей (былая сядзіба Аўраамавых)

У цэнтры ўвагі помнік эклектычнай архітэктуры канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, вядомы як сядзіба Аўраамавых, пра што сведчаць ініцыялы “АА” на фасадзе. Да двухпавярховага цаглянага дома асіметрычна далучана квадратная вежа. Галоўны ўваход аформлены тэрасай, тамбурам і чатырохкалонным порцікам з балконам на другім паверсе.

Цяпер у гэтых сценах разгарнуўся раённы краязнаўчы музей. Яго экспазіцыя пачынаецца з гісторыі сядзібна-паркавага комплексу, якая працягваецца ў лёсе ўжо знаёмых нам маёнткаў Рудакова і Барысаўшчыны.

Побач прадстаўлена прырода Палесся — у вобразах жывёл і птушак, у адчуванні лесу, што ніколі не губляў першароднай сілы.

Далей — у глыбіню стагоддзяў. Археалагічныя знаходкі вяртаюць у пару, калі не існавала нават назвы Хойнікі: каменныя прылады, фрагменты керамікі, старажытныя ўпрыгожанні.

За ўсім гэтым — Сярэднявечча, эпоха Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай…

Выпрабаванні перыяду Вялікай Айчыннай вайны адлюстраваны ў пісьмовых крыніцах і рэканструкцыях.

Сучаснасць тут таксама гучыць — у імёнах людзей, якія сфарміравалі аблічча краю: Іван Мележ, Мікола Мятліцкі, Барыс Сачанка.

Найбольш эмацыйна напружаная частка экспазіцыі — “Трагедыя Чарнобыля”.За дакументамі і фотаздымкамі — чалавечыя лёсы, мужнасць і страты, рашэнні, прынятыя ў момант, калі не было магчымасці вагацца.

Музей атулены паркам, дзе строгія алеі паступова зліваюцца з натуральнай пластыкай ландшафту.

 

Скульптура "Людзі на балоце"

Да Дня беларускага пісьменства ў 2005-м тут усталявалі скульптуру “Людзі на балоце” — у гонар Івана Мележа. Гэта прастора, у якой хочацца затрымацца, каб прыгадаць уражанні і яшчэ раз прайсці ў думках увесь шлях — ад вытокаў да сённяшніх старонак.

 

СУВЯЗЬ ЧАСОЎ

Выязджаем на цэнтральную магістраль, і неўзабаве заўважаем купалы, што ззяюць над Хойнікамі. Свята-Пакроўскі жаночы манастыр — сімвал памяці і надзеі, які ўзвышаецца над горадам.

 

Свята-Пакроўскі жаночы манастыр

Гісторыя храма пачынаецца ў XVIII стагоддзі. Ён неаднойчы знікаў з твару зямлі, але вяртаўся — у новым выглядзе: людзям патрэбная вера і падтрымка. Адметнае месца ў лёсе манастыра займае абраз Божай Маці “Жыватворнае Неба”. Калі разбурылі старую царкву, ён быў выратаваны і доўга захоўваўся ў прыватных дамах, перадаваўся з рук у рукі, увасабляючы памяць, якую немагчыма страціць.

Цяперашні будынак паўстаў пасля чарнобыльскай трагедыі — у перыяд, калі духоўная апора аказалася жыццёвай неабходнасцю. Сёння царква — архітэктурная дамінанта Хойнікаў і сведчанне сувязі часоў. Таго, як знішчанае аднаўляецца, калі яго з трапятаннем зберагаюць у сэрцах.

 

МІСТЫЧНАЯ КУЛЬМІНАЦЫЯ

Пад заслону вандроўкі — самае нечаканае! Калі падарожжа прыпадае на чэрвень, варта абавязкова зрабіць круг і завітаць у Вялікі Бор — менавіта тут маршрут набывае асаблівае, амаль містычнае гучанне.

Кожны год у нядзелю пасля Тройцы ў вёсцы спраўляюць старажытны абрад “Провады русалкі”, што спрыяе ўраджайнасці і сямейнаму дабрабыту. Напярэдадні на ролю русалкі выбіраецца незамужняя дзяўчына, якая ўпрыгожваецца вянкамі ды лісцвяным адзеннем.

Дзея пачынаецца ўвечары, калі сонца яшчэ над гарызонтам. Без сцэны, без падзелу на выканаўцаў і гледачоў пад песні шэсце рухаецца да поля, дзе распальваюць вогнішча. Моладзь і дарослыя суправаджаюць русалку ў жыта. Там з яе здымаюць абрадавае ўбранне, выганяючы нячыстую сілу з паселішча.

Пасля ўсе вяртаюцца да агню — ладзяць карагоды, спяваюць, скачуць праз яго. Старэйшыя жанчыны асвячаюць вянкі, разрываюць і ўручаюць прысутным, каб тыя неслі іх дамоў і кідалі ў агародзе — на ўраджай.

У 2016-м звычай атрымаў статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Вялікаму Бору дадае вагі тое, што гэта радзіма Барыса Сачанкі — пісьменніка, які ўласнай дзейнасцю праслаўляў край.

Хойніцкі раён — не пра гучныя турыстычныя брэнды. Ён пра нешта больш тонкае і складанае. Пра зямлю, якая памятае стагоддзі і працягвае жыць. Пра людзей, якія захоўваюць і прымнажаюць. І калі вы аднойчы паедзеце па Залатым кальцы Гомельшчыны — дазвольце сабе адхіленне ад маршруту. Бо часам менавіта такія павароты дораць галоўныя ўражанні падарожжа.

Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара і з сайта газеты "Хойніцкія навіны"

MAX TikTok