„Кучараўкі, розы, гайстры — цацкі“

Музей-запаведнік „Заслаўе“ запрашае на выставу „Кучараўкі, розы, гайстры — цацкі“, прысвечаную 40-м угодкам заснавання Гісторыка-культурнага музея-запаведніка „Заслаўе“ на базе Заслаўскага гісторыка-археалагічнага запаведніка.

 

У музейна-выставачнай зале Музея-запаведніка „Заслаўе“ пачала работу выстава „Кучараўкі, розы, гайстры — цацкі“. Гэты праект, які будзе доўжыцца да 2 жніўня, стаў своеасаблівым дыялогам паміж мінулым і сучаснасцю, дзе галоўным героем выступае кветка — сімвал, які суправаджае чалавека тысячагоддзямі.

„Цацкамі“ называлі кветкі ў вазонах. Экспазіцыя раскрывае эвалюцыю гэтага вобраза — ад традыцыйнага ўпрыгожвання рушнікоў, куфраў, адзення да сучасных інтэрпрэтацый у жывапісе, кераміцы і нават лічбавым мастацтве.

Наведвальнікі змогуць убачыць унікальныя рарытэты з фондаў музея: кафлю XVII стагоддзя, набіўныя дываны, батлейку, іконы, калекцыю жаночай вопраткі і фартухоў, упрыгожаных кветкамі, а таксама традыцыйныя рушнікі.

Побач з імі экспануюцца творы сучасных аўтараў: digital-станцыя Валерыі Селівонец, тактыльная кафля Ксеніі Сямашкі, калекцыя талерак Вольгі Жарнасек, драўляныя вырабы Ірыны Бельскай, а таксама карціны самародкаў, у тым ліку Ніканора Зосіка.

Гэтая выстава — вынік шматгадовай экспедыцыйнай і збіральніцкай работы некалькіх генерацыяў навуковых супрацоўнікаў. Яна прымеркавана да значнай даты — 40-х угодак нашага музея. Мы запрашаем усіх стаць часткай гэтай прамовы праз стагоддзі і ўбачыць, як жыццё прарастае скрозь час, — адзначылі арганізатары.

 

Заслаўе вул. Рынкавая, д. 4.

Выстава працуе па 2 жніўня 2026 года.

Час працы: штодня, акрамя панядзелка, з 10:00 да 19:00.

Служба інфармацыі “К”

MAX TikTok