Шосты нумар часопіса “Мастацтва” падпісчыкі атрымаюць ужо на гэтым тыдні.

Ці ведаеце вы, што на карціне “Прагулка” Марка Шагала кожны элемент, кожны мазок напоўнены пачуццямі аўтара і нясе пэўную інфармацыю? Палатно пры вонкавай амаль плакатнай простасці ўяўляе сабой зашыфраванае пасланне. Яго без кантэксту не зразумець. Завесу ўтоеных сэнсаў прыўздымае вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава.

Працягвае тэму выяўленчага мастацтва мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў агляд касцюмаў і вобразаў у жаночых партрэтах Юдэля Пэна — беларускага жывапісца яўрэйскага паходжання з Віцебска. Матэрыял падрыхтавала Святлана Салаўёва.
Уявіце, што будзе, калі, ўзяўшы ў рукі камеру, адмовіцца ад візуальнага кантролю над кампазіцыяй, сканцэнтравацца на адчуваннях, даверыцца стану ўласнага цела, дазволіць сабе прыжмурыць вочы і пачаць здымаць у руху на доўгай вытрымцы. Вынік вас здзівіць: у лініях фота пабачыце не што іншае, як свае эмоцыі, схава ныя, магчыма, нават ад вас саміх. Пра філасофска-мастацкі кірунак фатаграфіі — флюксізм — распавядае яго стваральнік, беларускі даследчык Сяргей Міхалюк.
Штодзённым падзеям і зменам тэатра як з’явы прысвечаны цэлы інфармацыйны блок. Дзякуючы яму вы даведаецеся больш пра тое, як прайшоў фестываль “Славянскія тэатральныя сустрэчы” і чаму рэжысёр Дзяніс Фёдараў лічыць “Мудрамер” сучаснай і фантастычнай гісторыяй. Інтэрв’ю з брэсцкім творцам, а таксама рэцэнзія на спектакль — у новым выпуску.

“Калі-небудзь мы станем дабрэйшымі”, — следам за аўтарамі пастаноўкі “Зімы не будзе”, якую прадставілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа, сцвярджае аўтар рэцэнзіі Юрый Іваноўскі. Чым спектакль адметны?

Творчасць — сямейны ген? Ці перадаецца талент у спадчыну альбо гэта толькі вынік выхавання? І так, і не, упэўнена Алена Балабановіч, якая распавядае пра дынастыі Вялікага тэатра Беларусі.
“Музыка жаночага хараства” завяршае чэрвеньскі нумар. Пра што разважае “Партызанская мадонна (Мінская)” Міхаіла Савіцкага? Насамрэч гэта другі варыянт палатна (першы захоўваецца ў Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве) і адзіны выпадак, калі Савіцкі інтэрпрэтаваў свой твор.

Што стала прычынай і як пачулі славутую карціну навучэнцы і выкладчыкі Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі? Усе адказы — на апошніх старонках часопіса. Там жа размешчаны QR-код са спасылкай на відэаролік!
Служба інфармацыі “К”