Мірскі замак: шлях да 500-годдзя. Выпуск 5

Ці гаворыць архітэктура на мове музыкі? І ці магчыма пачуць гісторыю — літаральна, у гуку? Адказы на пытанні дае міжнародны праект “Музыка вежы”, які аб’яднаў тры знакавыя аб’екты са Спіса сусветнай спадчыны ЮНЕСКА: Мірскі, Нясвіжскі замкі і Казанскі крэмль.

 

УНІКАЛЬНЫ ВОПЫТ

— Галоўная ідэя праекта — наладзіць гарманічны дыялог паміж архітэктурай старажытных веж і вечнымі музычнымі творамі, — распавядае загадчык аддзела па інфармацыйна-метадычнай рабоце і сувязях з грамадскасцю замкавага комплексу “Мір” Ганна Язерская. — Мы імкнёмся прапанаваць наведвальнікам унікальны культурны вопыт, дзе класічная і сучасная музыка злучаецца з гістарычнай атмасферай знакавых аб’ектаў.

Чаму менавіта вежы? Па словах адмыслоўца, гэта самыя непрыступныя часткі замкаў і крэпасцей:

— Ярусы веж маюць асаблівую акустыку. Гук тут набывае амаль містычны рэзананс, якога немагчыма дабіцца ў традыцыйнай канцэртнай зале. Напаўняючы гэтыя сцены музыкай, мы робім сімвалічны жэст — ператвараем абарончыя збудаванні ў прастору мастацтва і міру.

 

ТРАНСФАРМАЦЫЯ ІДЭІ

Нараджэнне ініцыятывы загадчык аддзела каментуе так:

— Задума ўзнікла спантанна, падчас візіту супрацоўнікаў Казанскага крамля ў Мірскі замак летам 2025 года.

Калі падняліся на Паўднёва-Заходнюю вежу, сама ўражальная атмасфера беларускай готыкі падказала фармат: тут мусіць гучаць дыялог музыкі і каменю! І зусім хутка праект быў адкрыты ў Спаскай вежы Казанскага крамля, а ў жніўні і верасні працягнуўся ў Нясвіжы і Міры.

У Паўднёва-Заходняй вежы выконваліся творы Моцарта, Баха, Вівальдзі — мелодыі, якія нібы ўбудоўваюцца ў прастору і становяцца яе часткай.

Праект развіваецца. Сёлета далучыцца да яго выказаў жаданне Табольскі гісторыка-архітэктурны музей-запаведнік.

Плануюцца новыя канцэрты, фарматы і, магчыма, новыя мастацкія рашэнні.

— Кожная вежа — асобная гісторыя, і мы імкнёмся падбіраць праграму так, каб яна пераклікалася з “характарам” пабудовы, — адзначае Ганна Язерская.

Так, у маі ў Паўночна-Заходняй вежы Мірскага замка лаўрэат міжнародных конкурсаў Павел Кухта прадставіў творы розных стыляў і эпох — канцэрт быў прымеркаваны да Міжнароднага дня музеяў. А 25 ліпеня капліца Святога Хрыстафора Уязной вежы напоўніцца арганнай музыкай.

— Архітэктура быццам становіцца адным з выканаўцаў, надаючы знаёмым творам свежае гучанне і глыбіню.

 

ВЕЖЫ І ЧАС

Каб зразумець, чаму менавіта вежы аказаліся сэрцам праекта, важна звярнуцца да гісторыі. Колькі іх у Міры і як яны ўзведзены?

— Замак, будаўніцтва якога пачалося ў 1520-х пры Юрыю Іллінічу, у плане ўяўляе сабой няправільны чатырохвугольнік з чатырма кутнімі вежамі, — гаворыць Ганна Язерская. — Пятая, Уязная, што размешчана ў цэнтры заходняй сцяны, мела адзіны ўваход у цвярдыню.

Падмурак дзівіць моцай: ён зроблены з валуноў памерамі да паўтара метра, а глыбіня залажэння дасягае чатырох.

— Пры ўзвядзенні замка выкарыстоўваліся розныя віды муру, што забяспечвала не толькі трываласць, але і выразнасць архітэктуры. Ва ўсіх веж аднолькавая аб’ёмна-прасторавая будова: ніжняя чатырохвугольная частка змяняецца васьміграннай, паступова звужаючыся. Іх вышыня — да 32— 35 метраў, а ўнутраная структура ўключае некалькі баявых ярусаў з сістэмай пераходаў і байніц.

Аднак ці служылі вежы толькі для абароны?

— Не, з часам іх функцыі трансфармаваліся, — тлумачыць адмысловец. — Першы ўладальнік з роду Радзівілаў — Мікалай Хрыстафор Сіротка — разгарнуў вялікія працы. Сталі вышэйшымі на паверх паўночная і ўсходняя сцены замка. Да іх прыбудавалі два корпусы трохпавярховага палаца.

Рэканструкцыя закранула і тры вежы, некаторыя памяшканні, якія пачалі выкарыстоўвацца як жылыя. З’явіліся новыя дэкаратыўныя элементы, змянілася аблічча фасадаў.

Да Уязной вежы прыбудавалі барбакан, на яе другім ярусе зрабілі капліцу Святога Хрыстафора.

 

АДЗІН З ФАКТАРАЎ

Вежы Міра засведчылі шматлікія драматычныя падзеі.

У 1706 годзе, падчас Паўночнай вайны, замак узяла штурмам армія Карла XII. А ў 1812-м сур’ёзную шкоду прынесла вайна з Напалеонам. Тады быў узарваны парахавы склад, пацярпелі палац і Паўночна-Усходняя вежа.

Доўга муры заставаліся паўразбуранымі, пакуль у 1920-я князь Міхаіл Святаполк-Мірскі не пачаў аднаўленне.

З усіх кутніх веж у першасным выглядзе да нашых дзён дайшла толькі Паўднёва-Заходняя. Ступень захаванасці сцен дасягае 75 %, і менавіта гэта паслужыла адным з фактараў уключэння замка ў спіс ЮНЕСКА.

 

СКРОЗЬ СТАГОДДЗІ

Юрый Іллініч верыў у шчаслівую зорку свайго роду, узводзячы замак. Таму ён мусіў быць велічным і святочным.

— Уязная вежа — сам граф, магутны, гасцінна адчыняе дзверы, — адзначае Ганна Язерская. — Кутнія — меншыя, але таксама грозныя — сімвалізуюць сыноў. Ідэалам гатычнага перыяду Адам Мальдзіс назваў рыцара. Алегорыяй Мірскага замка мог бы стаць воін у парадных даспехах, надзетых не для таго, каб пралілася кроў. Гэты вобраз, пэўна, і адлюстроўвае сутнасць праекта “Музыка вежы”: сёння каменны волат не абараняе ад ворагаў — ён адкрывае прастору для мастацтва.

Святлана ЧЭКАЛАВА. Фота аўтара, Анаіт АРЗУМАНЯН і Веранікі ВАЙНІЛОВІЧ
з мерапрыемстваў, якія праходзілі ў Мірскім замку ў рамках Міжнароднага дня музеяў

MAX TikTok