Летапіс Коласаўскага: 1941

У маі 1941 года глядач віцебскага Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра ўбачыў маляўнічае відовішча, напаўказачнае, напаўрэальнае, галоўныя дзейныя асобы якога — народ і выказнік яго інтарэсаў, чулы, добры, вынаходлівы і дасціпны весялун Несцерка.

 

АД П'ЕСЫ ДА ПАСТАНОЎКІ

Камедыю “Несцерка” Віталь Вольскі напісаў у 1940-м, і ўжо налета яна была адзначана першай прэміяй на Усесаюзным конкурсе драматургічных твораў.

У адным з інтэрв’ю аўтар п’есы распавядае: “Я паставіў перад сабой задачу стварыць камедыю з напружаным і выразна акрэсленым сюжэтам, вясёлую і лёгкую, асветленую іскрамі народнага гумару, упрыгожаную яркімі фарбамі, музыкай, спевамі і танцамі. Мне хацелася даць тэатру драматычны матэрыял для спектакля яркага, жывога і маляўнічага”.

П’еса была напісана ў традыцыях народнай камедыі з трансфармацыяй архаічных формаў народнага тэатра, балагана і выступленняў скамарохаў. Святочная гульня, яркая відовішчнасць сталі галоўнымі ў спектаклі.

 

МУДРАСЦЬ НАРОДА

Бедны, але сумленны і працавіты хлопец Юрась кахае Насту, дачку ганчара Мацея. Дзяўчына адказвае ўзаемнасцю, але яе маці, строгая і ўладарная кабета Мальвіна, прыглядзела для дачкі іншага жаніха — дурнаватага кар’ерыста, шкаляра Самахвальскага. На дапамогу маладым прыходзіць Несцерка — дасціпны, вясёлы і кемлівы народны герой. Нямала перашкод яму даводзіцца пераадолець: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце шкаляра, ды так, каб той сам адмовіўся ад прыгажуні Насты… І ў рэшце рэшт схіліць непахісную Мальвіну да згоды на шлюб Насты і Юрася.

1940-я: Наста (Зінаіда Канапелька), Юрась (Анатоль Шэлег)

Трохгадзінная пастаноўка глядзіцца на адным дыханні: трапныя жарты і каментарыі Несцеркі, яго камунікацыя з глядзельнай залай удала ўплятаюцца ў агульную нітку расповеду простай вясковай гісторыі. Сваёй лёгкасцю п’еса чымсьці нагадвае вядомую на ўвесь свет купалаўскую “Паўлінку” — той жа тонкі народны гумар на мяжы з сарказмам, тая ж спрадвечная беларуская мудрасць, той жа генетычны код.

 

МАЙ 1941: ПРЭМ'ЕРА

Па ўспамінах удзельнікаў першага складу “Несцеркі”, стаўленне да спектакля было не адназначнае: хтосьці ўлюбіўся ў п’есу адразу і назаўжды, хтосьці сумняваўся і крытыкаваў. Ішлі спрэчкі. Улічваючы гэта, дырэкцыя тэатра зрабіла такі крок: першы паказ быў закрытым, па запрашэннях. Мэта — праверка спектакля. Грамадскасць прыняла яго з радасцю: поспех быў поўным і безумоўным.

Адбылася гэтая падзея 18 мая 1941 года.

Першы выканаўца галоўнай ролі народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі

Першым вобраз Несцеркі таленавіта ўвасобіў народны артыст СССР Аляксандр Ільінскі. Пазней яго годна замяніў Фёдар Шмакаў. У цэнтральнай ролі таксама выступалі Яўген Шыпіла, Валянцін Салаўёў, Пятро Ламан — сённяшні выканаўца. Карысталіся поспехам у гледача Цімафей Сяргейчык (шкаляр Самахвальскі), Зінаіда Канапелька (Наста), Анатоль Шэлег (Юрась), Яніна Глебаўская (Мальвіна), Анатоль Трус (Мацей), Іосіф Матусевіч (Суддзя). Рэжысёр Навум Лойтар надаў спектаклю імклівы рытм, напоўніў яго вынаходлівасцю і вострымі мізансцэнамі.

 

АНШЛАГ У ПЕТРАЗАВОДСКУ

На жаль, шырокаму колу віцебскіх гледачоў спектакль пабачыць давялося не хутка: літаральна праз колькі дзён трупа выправілася на гастролі ў Выбарг і Петразаводск, дзе і адбыўся дэбют. Праўда, не абышлося без казусу. У дзень першага паказу высветлілася, што сцэнічныя касцюмы не даехалі: недзе на далёкай станцыі адбылося крушэнне, вагон быў пашкоджаны. Вопратку даставілі пры дапамозе гідрасамалёта. З затрымкай на некалькі гадзін прэм’ера ўсё ж такі адбылася — пры поўным аншлагу.

З Петразаводска трупа павінна была выехаць на гастролі ў Полацк: паказ “Несцеркі” быў запланаваны на канец чэрвеня, але… Мінск, Віцебск ужо бамбілі.

У ліпені 1941-га тэатр рушыў у эвакуацыю.

 

1940-я: першы склад спектакля з драматургам Віталём Вольскім

ЗМЕНА ДЭКАРАЦЫЙ

За восем з паловай дзясяткаў гадоў спектакль перажыў шмат: росквіт і некаторае зацішша, уздым і аншлаг. Маладыя акцёры падхопліваюць эстафету ў старэйшых, растуць, сталеюць і набіраюцца вопыту, каб пасля перадаць наступнаму пакаленню.

— Калі я ў 1971 годзе прыйшоў працаваць у тэатр, мяне адразу прызначылі на галоўную ролю ў гэтым спектаклі — на ролю народа, у масоўку, — усміхаецца заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Пятро Ламан. — Іграў Юрася, потым Мацея і, нарэшце, Несцерку. Аднойчы нават паспрабаваў сябе ў ролі Шкаляра. А ўсё чаму? З самага пачатку ведаў усе партыі і мог, калі спатрэбіцца, замяніць любога.

2026-ы: Мальвіна (Раіса Грыбовіч), Несцерка (Пятро Ламан), Сваха (Таццяна Ліхачова)

Пятро Аляксандравіч прызнаецца, што вырас у гэтай пастаноўцы: “Гэта для мяне не проста спектакль, гэта маё жыццё і частка мяне”. Ён, выканаўца больш як 130 роляў, з асаблівай цеплынёй гаворыць менавіта пра гэтую.

У кастрычніку 2006-га адбылася капітальная рэканструкцыя спектакля: быў зроблены запіс музыкі, адноўленыя касцюмы, рэквізіт і дэкарацыі. Але душэўнасць, мудрасць і народны гумар захаваліся.

 

“НЕСЦЕРКА”— 2026

Сябе часткай спектакля, а спектакль часткай сябе адчувае яскравая Раіса Грыбовіч.

— Шмат гадоў выконваю ролю Мальвіны, маці Насты, — расказвае артыстка. — Паколькі і ў жыцці я — матуля, мне добра зразумелыя пачуцці маёй гераіні, таму ролю я літаральна пражываю.

2026-ы: Наста (Уль­яна Аця­са­ва), Юрась (Антон Ба­ра­ноў­скі)

Сённяшні акцёрскі склад — “зорны”. Акрамя Пятра Ламана і Раісы Грыбовіч, у спектаклі задзейнічаны заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Георгій Лойка (Першы Шляхцюк), Вячаслаў Грушоў (Суддзя), Таццяна Ліхачова (Сваха), уладальнікі медаля Францыска Скарыны Юрась Цвірка (пан Бараноўскі) і Генадзь Гайдук (Мацей). А яшчэ — непараўнальная Ульяна Ацясава (Наста), яскравы Антон Бараноўскі (Юрась), выключны Яўген Бераснеў (Шкаляр) і многія іншыя таленавітыя акцёры.

2026-ы: Шкаляр Самахвальскі (Яўген Бе­рас­неў)

—Мы адзначылі 85-годдзе “Несцеркі”, — распавядае дырэктар Юлія Харкевіч. — Нягледзячы на ўзрост, ён малады: вясёлы, задорны, яскравы. З аншлагам праходзіць кожны спектакль.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіва тэатра

MAX TikTok