Калі ўзрост — не перашкода

Апублiкавана: 19 чэрвеня 2026 Стужка Кіно Мінск Кінасправа

Аўтар: КАЛІНІНА Ганна

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” у супрацоўніцтве з тэлеканалам АНТ здымае новы серыял “Класікі на пенсіі”. Праект, прымеркаваны да Года беларускай жанчыны, прапануе паглядзець на паважны ўзрост без стэрэатыпаў — як на час свежых рашэнняў, пачуццяў і нечаканых паваротаў жыцця.

 

ДОБРЫ І НАТХНЯЛЬНЫ

— Пачатак здымак — заўсёды асаблівы момант. Сёлета гэта наша першая талерка, разбітая ў стартавы дзень. Праект сапраўды маштабны: праведзены вялікі кастынг, прадуманы дэкарацыі, задзейнічаны творчыя каманды тэлеканала і кінастудыі. Таму я ўпэўнены, што разам мы справімся з пастаўленымі задачамі, — адзначыў размах падрыхтоўкі генеральны дырэктар “Белаусьфільма” Дзмітрый Сямёнаў.

На такім падмурку і будуецца гісторыя пра трох сябровак, якія з выхадам на заслужаны адпачынак мяняюць звыклы бег жыцця. Былая настаўніца літаратуры, бухгалтарка з авантурнай жылкай і заўзятая тэатралка нарэшце дазваляюць сабе тое, што доўгія гады пакідалі “на потым”.

— Хочам расказаць пра людзей, у якіх стартуе новы этап. І, магчыма, самы яркі, — распавядае рэжысёр-пастаноўшчык Агата Мацко. — Мы часта адкладаем важнае: прачытаць кнігу, зрабіць тое, пра што даўно марылі…

Гераіні серыяла вырашаюць разарваць гэтае кола і пачынаюць дзейнічаць тут і цяпер. Наша мэта — падарыць натхненне і добры настрой усім. У сітуацыйнай камедыі з элементамі прыгодніцкага кіно персанажам выпадуць займальныя выпрабаванні: сутыкненне з махлярамі, ратаванне дырэктара Цэнтра вольнага часу — і, безумоўна, каханне. Позняе, моцнае — яно яшчэ раз дакажа: сэрцу не загадаеш, нават калі ў пашпарце — даўняя дата.

 

У КАДРЫ — ІНШЫ РЫТМ

Гледачоў чакае 16 серый працягласцю каля паўгадзіны кожная. Такая структура задае дынаміку і дазваляе развіваць сюжэт праз падзеі і эмоцыі герояў. Як тлумачыць Агата Мацко, гэты фармат найбольш дакладна працуе на галоўную ідэю — расказаць пра тых, чый жыццёвы рытм не падпарадкоўваецца звыклым уяўленням пра хуткасць і ўзрост. Сучасны экран робіць стаўку на маладосць як на асноўную рухальную сілу гісторый. “Класікі на пенсіі” прапануюць іншы ракурс: энергія не знікае, яна толькі мяняе форму.

У павільёне кінастудыі ўзведзены тры кватэры — тры розныя светы жанчын, аб’яднаныя лесвічнай пляцоўкай. Менавіта тут разгортваюцца ключавыя падзеі — ад вострых канфліктаў да рамантычных паваротаў. Акрамя гэтага, істотная частка здымак пройдзе ў гарадской прасторы Мінска. Усе лакацыі ўжо вызначаны, што дапамагае працаваць у зладжаным тэмпе.

Праект захоўвае выразную нацыянальную аснову: у ім удзельнічаюць беларускія артысты і творчая каманда. Разам з тым у серыяле з’явяцца і вядомыя расійскія акцёры — Вольга Хохлава, Аляксандр Алешка, Любоў Рудэнка, што павялічвае мастацкі дыяпазон.

 

РАЗУМЕННЕ І ПАШАНА

Асобны акцэнт робіцца на тэме ўзаемаадносін паміж пакаленнямі. Сучасныя бабулі не застаюцца ўбаку ад лічбавага разрыву — яны асвойваюць гаджэты, знаходзяць агульную мову з унукамі… Сюжэт павінен ахапіць шырокую аўдыторыю.

— Мне не вельмі падабаецца слова “пенсіянеры”. Насамрэч гэта актыўныя, поўныя энергіі людзі, — гаворыць старшыня праўлення кампаніі “Другі нацыянальны тэлеканал” Ігар Луцкі. — Сёння, калі працягласць жыцця павялічваецца, асабліва важна паказаць, наколькі насычаным і цікавым яно можа быць у любым узросце. Таму для нас прынцыповай стала тэма ўзаемаразумення паміж пакаленнямі — уменне чуць і прымаць адзін аднаго.

І гэта, бадай, галоўнае: сувязі не знікаюць, яны атрымліваюць новае гучанне. “Класікі на пенсіі” выходзяць за межы забаўляльнага фармату і робяцца часткай больш грунтоўнай размовы — аб праве на чарговы этап і аб каштоўнасці досведу. Стваральнікі разлічваюць, што серыял знойдзе водгук у шырокага кола гледачоў і распачне традыцыю супрацоўніцтва. Прэм’ера чакаецца ўжо сёлета — і, відавочна, гэта будзе не проста тэлегісторыя, а нагода яшчэ раз задумацца, як і калі мы выбіраем жыць.

Ганна КАЛІНІНА. Фота аўтара

MAX TikTok