Па душы і па розуме

Дзіцячая школа мастацтваў №5 лічыцца ў Гомелі адной з найлепшых. Тут на высокім узроўні забяспечваецца першасная адукацыя па шырокім коле напрамкаў. Асаблівы гонар — тэатральнае аддзяленне, якое ўзначальвае таленавіты педагог Вера Уханава.

 

ПЕРШЫЯ Ў ГОРАДЗЕ

— Гэта не проста маё дзецішча а, лічы, само жыццё, — кажа Вера Аляксандраўна. — Я даўно марыла стварыць у нашым горадзе тэатр юнага гледача, першай прыступкай да якога павінна было стаць аддзяленне школы мастацтваў, дзе б рыхтавалі будучых артыстаў. Тады, на пачатку 1990-х, Вера Уханава ўжо мела адпаведную адукацыю, працавала ў народным тэатры і ведала ўсю яго “кухню”. Слушную ініцыятыву падтрымалі, і ў 1992-м зрабілі набор у падрыхтоўчы клас.

— Наступным годам дзеці перайшлі ў першы — і пачаўся адлік дзейнасці нашага аддзялення, — згадвае суразмоўца.

На пытанне, ці цяжка пачынаць з нуля, усміхаецца:

— Цяпер здаецца, неяк само ўсё закруцілася. Была мара, была мэта, энергія і жаданне, быў добры патэнцыял.

Ужо ў 1995-м, калі юныя пачаткоўцы авалодалі азамі тэатральнага мастацтва, узнікла патрэба замацаваць тэарэтычныя веды на практыцы. Педагогі пачалі працаваць з вучнямі над п’есамі. Так нарадзіўся тэатр “Крэда”, які літаральна праз чатыры гады атрымаў званне ўзорнага.

 

КРОК ЗА КРОКАМ

Цягам часу аддзяленне развівалася, пашыраючы межы.

— Сёння ў нас для самых маленькіх створана студыя, куды бацькі прыводзяць дзетак з сямігадовага ўзросту, — распавядае Вера Аляксандраўна. — Заняткі для іх ладзім раз на тыдзень. У гульнявой форме знаёмім з тэатральнымі паняццямі і тэрмінамі, прывучаем да дысцыпліны, адказнасці і ўзаемадапамогі.

Тыя, хто паспяхова спраўляюцца, паступаюць у падрыхтоўчы клас, па заканчэнні якога здаюць іспыт.

— Такі сур’ёзны падыход абумоўлены тым, што мы даём грунтоўныя веды і пасля — дзяржаўнае пасведчанне, — тлумачыць педагог. — Гэта не гурток, які можна наведваць, а можна не наведваць. Мы рыхтуем дзяцей на прафесійным узроўні. Калі не ўлічваць падрыхтоўчы клас і студыю, будучыя зоркі сцэны вучацца ў школе мастацтваў пяць гадоў, пасля чаго здаюць выпускныя дзяржаўныя экзамены

 

ПА СТАНІСЛАЎСКАМУ

А да гэтага навучэнцы асвойваюць спецыяльныя дысцыпліны: акцёрскае майстэрства, сцэнічную мову і сцэнічныя рухі, падрыхтоўку да спектакляў, якая ўключае ў сябе работу над драматургіяй, стварэнне вобраза, разуменне агульнай канцэпцыі пастаноўцы і гэтак далей. Абавязкова — гісторыя тэатра.

— Тэарэтычны курс вельмі патрэбны для будучых акцёраў, — упэўнена суразмоўца, — бо раскрывае працэс станаўлення тэатра, знаёміць не проста з рознымі эпохамі, але яшчэ з вобразамі і ролямі, што дапамагае вучням перанесціся ў той ці іншы час.

Гэтая акалічнасць тым больш важная, што палягчае задачу ўжыцца ў вобраз. Навучанне грунтуецца на сістэме Станіслаўскага, дзе акцёр павінен не проста перадаць эмоцыі героя, а пражыць яго жыццё і перанесці пачуцці. На думку педагога, такі падыход дазваляе юным талентам іграць на прафесійным узроўні.

 

ПРЫ ПОЎНЫХ ЗАЛАХ

Пра ўзровень ігры удзельнікаў тэатра “Крэда” гаворыць той факт, што ўсе іх спектаклі праходзяць пры поўных залах.

— Пачыналі мы з “Маленькага прынца”, — распавядае Вера Уханава. — Гэта наш улюбёны спектакль. Ставім дагэтуль.

Сярод удалых і таму любімых — аўтарскія “Жизнь притворяться наловчилась, а правду знают зеркала” і “Маленькие истории большого дома”. Апошні напісаны некалькімі аўтарамі і складаецца з чатырох гісторый. На сцэне адразу выстаўлены чатыры лакацыі, праз якія глядач “праходзіць” з дапамогай святла. Кожная расказвае пра сваё, але расповеды і героі сплецены ў агульны сюжэт. Гэта п’еса, як і другая аўтарская, закранае маральныя аспекты існавання чалавека, пошуку сябе ў свеце, стаўлення да іншых.

Летась у “Крэда” адбылася чарговая прэм’ера: спектакль “Далеко от фронта” таксама прайшоў пры аншлагу. Па сюжэце дзяўчынкі з блакаднага Ленінграда прыязджаюць у эвакуацыю ў невялікі сібірскі гарадок, дзе далёка ад фронту працуюць нароўні з хлопцамі і дарослымі людзьмі на агульную Вялікую Перамогу.

— Мае выхаванцы адказна папрацавалі над матэрыялам, выходзячы за межы п’есы, — расказвае настаўніца. — Яны вывучалі гісторыю, знаходзілі ў інтэрнэце лісты, фотаздымкі, запісы і пасведчанні… Пастаноўка праходзіла на высокім эмацыйным узроўні.

 

ДЗЕЦІ І ДАРОСЛЫЯ

У складзе “Крэда” — навучэнцы і выпускнікі тэатральнага аддзялення, педагогі школы і нават тэхнічныя супрацоўнікі. У кожнага — свая роля, але асобныя пытанні абмяркоўваюцца разам.

— І гэта вельмі важна! — упэўнена кіраўніца. — Такім чынам дзеці вучацца выказваць сваю думку, прыўносіць прапановы і несці адказнасць.

 Ці не такі падыход садзейнічае паспяховасці выпускнікоў “Крэда”? Выхаванцы Веры Уханавай сёння вучацца ў прэстыжных ВНУ Беларусі і Расіі, выступаюць на розных сцэнах і займаюцца педагагічнай дзейнасцю. Прыкладам, калегі Веры Аляксандраўны па тэатральным аддзяленні ў асноўным яе выпускнікі.

— Для мяне галоўнае, каб кожны з маіх вучняў знайшоў свой шлях — па сэрцы, па розуме і па здольнасцях, каб недарэмным быў кожны пражыты дзень, — рэзюмуе педагог.

Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы