Камісія пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь па выяўленні, вяртанні, сумесным выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы абарот культурных каштоўнасцей, што знаходзяцца за межамі краіны, вядзе пастаянную дзейнасць па ратаванні нашай спадчыны. Як ідуць справы, якія вынікі дасягнутыя за мінулы год?
.jpg)
ЗГОДНА З ПЛАНАМ
План работы быў зацверджаны на пасяджэнні камісіі 18 лютага 2025 года. Дакумент уключаў 39 пунктаў па чатырох напрамках дзейнасці, такіх як наладжванне дзелавых кантактаў і правядзенне перагавораў з замежнымі ўстановамі, мерапрыемствы па выяўленні і вывучэнні культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі краіны, па вяртанні арыгінальных каштоўнасцей беларускага паходжання або вытворчасці іх копій, а таксама па іх увядзенні ў навуковы і культурны абарот і папулярызацыі. План выконваўся Міністэрствам культуры ў цесным узаемадзеянні з іншымі міністэрствамі, Генеральнай пракуратурай, экспертнай групай, музеямі і бібліятэкамі раённага, абласнога і рэспубліканскага падпарадкавання, архівамі і замежнымі ўстановамі, а таксама мясцовымі органамі ўлады.
З мэтай актывізацыі работы па выяўленні, вяртанні, выкарыстанні і ўвядзенні ў навуковы абарот культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, Міністэрствам культуры распрацаваны механізм міжведамаснага ўзаемадзеяння, які прадугледжвае збор, аналіз і абагульненне адпаведнай інфармацыі, у тым ліку аб руху і продажы культурных каштоўнасцей на міжнародных аўкцыёнах, што дазваляе своечасова выяўляць аб’екты беларускага паходжання і ініцыяваць іх вяртанне. Асноўным каардынатарам па рэалізацыі і кантролі выканання плана работы камісіі з’яўляецца Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь. Ён таксама адказвае за збор і апрацоўку інфармацыі, якая паступае ад зацікаўленых структур.
АРХІЎНЫЯ ЗНАХОДКІ
У выніку ўстанаўлення дзелавых кантактаў і правядзення перагавораў з замежнымі ўстановамі па пытаннях культурных каштоўнасцей беларускага паходжання летась атрымана 10 адзінак лічбавых копій музейных прадметаў, больш як 1620 электронных старонак лічбавых копій архіўных дакументаў, 360 архіўных дакументаў рознага аб’ёму і 20 кінадакументаў.
Вілейскі краязнаўчы музей падпісаў дамову з Санкт-Пецярбургскім Цэнтральным дзяржаўным архівам кінематаграфічных і фатаграфічных дакументаў на выраб 10 лічбавых копій фотаздымкаў перыяду Першай сусветнай вайны.
Ружанскі палацавы комплекс падпісаў дагавор з Дзяржаўным Эрмітажам на атрыманне сямі лічбавых копій культурных каштоўнасцей, якія належалі роду Сапегаў.

Замкавы комплекс “Мір” устанавіў дзелавыя кантакты з Дзяржаўным архівам Расійскай Федэрацыі, Яраслаўскім дзяржаўным гісторыкаархітэктурна-мастацкім музеем-запаведнікам і Нацыянальным музеем у Варшаве, у выніку якіх атрыманыя 11 электронных фотаздымкаў і дакументаў, што адносяцца да гісторыі Міра.
У фонды Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь ад расійскіх устаноў паступілі лічбавыя копіі дакументаў па гісторыі Беларусі, у тым ліку перыяду Вялікай Айчыннай вайны, і копіі актаў, выдадзеных Рускім музеем, аб перадачы твораў для пастаяннага захоўвання ў Мінскую карцінную галерэю ў 1930—1940 гадах. У ліпені 2025-га ў Беларусь перададзеныя арыгіналы біяграфічных і творчых дакументаў мастачкі Людмілы Кальмаевай ад яе дачкі з Каралеўства Нідэрланды. З фондаў Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў ЗША апісаная і ўведзеная ў навуковы зварот калекцыя актывіста беларускага студэнцкага руху ў міжваеннай Чэхаславакіі Мікалая Шыманкі, матэрыялы для публікацыі архіўнага даведніка “Віцебскія губернатары, віцэ-губернатары і правінцыйныя дваранцы”, выдавецкага праекта “Аднаўленне сацыяльнай сферы Беларусі 1943—1950” і праекта “Суражскія вароты: Вялікая зямля і партызанскі рух БССР”.
У ЛІЧБЕ І Ў АРЫГІНАЛЕ
Працягвалася работа па інвентарызацыі фондаў музеяў, архіваў і бібліятэк з мэтай выяўлення культурных каштоўнасцей, не ўключаных у пералік вывезеных з тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны, а таксама аб’ектаў культуры, якія фактычна знаходзяцца на тэрыторыі краіны.
Паводле інфармацыі Нацыянальнага гістарычнага музея, названыя раней 7000 адзінак культурных каштоўнасцей — гэта папярэдняя ацэнка, бо даваенная дакументацыя Беларускага дзяржаўнага музея страчаная, захаваліся толькі чатыры невялікія інвентарныя кнігі. Большасць прадметаў маюць мінімальнае апісанне, што абцяжарвае іх дакладную ідэнтыфікацыю і пошук. За апошні год музей выявіў і пацвердзіў паходжанне сямі прадметаў з даваенных калекцый.
На працягу 2025-га вялася работа па актуалізацыі спісу культурных каштоўнасцей, вывезеных з тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку шляхам уключэння раней няўлічаных прадметаў, знойдзеных у 2024—2025 гадах, з яго наступным размяшчэннем на інтэрнэт-партале “Вяртанне”.

Сёння актуальны спіс культурных каштоўнасцей, вывезеных з Рэспублікі Беларусь у гады Вялікай Айчыннай, змяшчае 760 пазіцый. Іх пошук адбываецца праз Міжнародную арганізацыю крымінальнай паліцыі. Нацыянальным мастацкім музеем прадстаўленыя ў Генеральную пракуратуру звесткі па 11 культурных каштоўнасцях, страчаных падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Па просьбе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Дзяржаўны гістарычны музей у Маскве бясплатна прадаставіў лічбавыя выявы трох карцін Яна Дамеля.

А Гістарычны музей горада Крычава атрымаў лічбавыя копіі партрэтаў роду Галынскіх.
У фонды Гомельскага палацава-паркавага ансамбля ад Дзяржаўнага Эрмітажа паступілі тры лічбавыя копіі музейных прадметаў з калекцыі князёў Паскевічаў, а таксама 930 адзінак з калекцыі фотадакументаў па гісторыі савецкага і беларускага кінематографа, створаных заслужаным артыстам Расійскай Федэрацыі Мікалаем Гнісюком. У студзені 2025 года ўнучаты пляменнік мастака Міхася Сеўрука перадаў з Масквы ў дар Нацыянальнаму гісторыка-культурнаму музею-запаведніку “Нясвіж” 41 работу майстра.
АБМЕН ДОСВЕДАМ
На працягу 2025 года праводзіліся кансультацыі з расійскім бокам па абмене досведам у рэпатрыяцыі культурных каштоўнасцей, вывезеных за мяжу. Так, у лютым адбылася кансультацыя, у якой удзельнічалі прадстаўнікі Міністэрстваў культуры і замежных спраў Рэспублікі Беларусь, устаноў культуры і Нацыянальнай акадэміі навук. У выніку мерапрыемства былі дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасці аб супрацоўніцтве і абмене лічбавымі копіямі архіўных дакументаў, у тым ліку ў рамках сумесных праектаў, прысвечаных 80-годдзю вызвалення Беларусі і Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
У кастрычніку дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка ўдзельнічала ў семінары “Асаблівасці працы з асабістымі фондамі і зборамі дакументаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і жыхароў асаджанага Ленінграда” арганізацыйна-метадычнага цэнтра архіўных устаноў Паўночна-Заходняй федэральнай акругі па рабоце з дакументамі асабістага паходжання на базе Цэнтральнага дзяржаўнага архіва літаратуры і мастацтва Санкт-Пецярбурга. Таксама кіраўніца архіва-музея паўдзельнічала ў круглым стале “Традыцыйныя метады і сучасныя падыходы да рэстаўрацыі архіўных дакументаў Вялікай Айчыннай вайны” на базе Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Санкт-Пецярбурга і Лабараторыі забеспячэння захаванасці дакументаў дзяржаўных архіўных устаноў.
ЛОТЫ РОДАМ З БЕЛАРУСІ
У мэтах сістэмнага маніторынгу продажу беларускіх рэліквій на сусветных аўкцыёнах і іх вяртання Міністэрствам культуры распрацаваны комплексны механізм узаемадзеяння абласных музеяў, бібліятэк і дзяржаўных устаноў. У гэтым працэсе музеі адыгрываюць ключавую ролю: вядуць улік і адсочваюць інфармацыю аб рэліквіях па ўсіх групах матэрыялаў — пісьмовых, рэчавых, аўдыявізуальных, прыродазнаўчых і выяўленчых. Кожны тыдзень звесткі перадаюцца ў Нацыянальны гістарычны і Нацыянальны мастацкі музеі.
Абласныя бібліятэкі таксама ўдзельнічаюць у маніторынгу, адсочваючы бібліятэчныя дакументы беларускага паходжання, і штотыдзень накіроўваюць інфармацыю ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі. Гэтае ўзаемадзеянне дае магчымасць фарміраваць адзіную базу звестак аб культурных каштоўнасцях, якія знаходзяцца на міжнародных аўкцыёнах. Аналіз і абагульненне сабраных даных ажыццяўляюць Нацыянальны мастацкі музей і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, акумулюючы інфармацыю ад абласных устаноў і перадаючы яе для цэнтралізаванага ўліку ў Нацыянальны гістарычны музей. На базе яго створана камісія, якая адказвае за адсочванне продажу рэліквій.
Па выніках маніторынгу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх аўкцыёнаў за снежань 2025 года — сакавік 2026 года прааналізавана больш за 9000 адзінак прадметаў. На аснове штотыднёвых справаздач выяўлена 198 найбольш значных культурных каштоўнасцей на больш чым двух дзясятках аўкцыённых пляцовак. Апроч іншага, знойдзена шэсць работ Марка Шагала, карціна Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і шэраг прадметаў, звязаных з гісторыяй роду Паскевічаў.
Актыўная і паспяховая дзейнасць камісіі па вяртанні культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, дазваляе паглыбіць веды адмыслоўцаў аб гістарычных лёсах айчынных музейных калекцый. Вынікі, дасягнутыя пры росшуку артэфактаў нашай мінуўшчыны, яшчэ раз сведчаць аб важнасці культурнай дыпламатыі і падтрымання паразумення між народамі ў справе захавання культурнай спадчыны чалавецтва.
Антон РУДАК. Ілюстрацыі з прэзентацыі,
прадстаўленай на пасяджэнні камісіі