У гармоніі са светам

Заслужаны дзеяч мастацтваў, прафесар, балетмайстар, кандыдат навук, лаўрэат міжнародных конкурсаў… Рэгалій у Святланы Гуткоўскай шмат. Але за гэтым уражальным спісам — жанчына, жыццё якой будуецца на гармоніі: у мастацтве, прафесіі, адносінах з людзьмі.

 

НА СВАІМ МЕСЦЫ

Гісторыя Святланы Гуткоўскай пачалася з мары.

— Танец захапіў мяне яшчэ ў дзяцінстве. З ранняга ўзросту займалася ў балетнай студыі “Мара” Рэспубліканскага Палацы культуры прафсаюзаў. Класічны станок, пальцавая тэхніка, у кожнай дзяўчынкі — свая пачка, “шапэнка”, пуанты. Усё было арганізавана вельмі грунтоўна, — успамінае гераіня.

У юнацтве перад ёй адкрываліся і іншыя шляхі: будучая балетмайстар паспяхова ўдзельнічала ў матэматычных алімпіядах, захаплялася шахматамі. Але рашэнне звязаць жыццё з мастацтвам аказалася інтуітыўна дакладным і, як паказаў час, адзіна правільным.

— Дзядуля казаў: “Калі ёсць магчымасць жанчыне займацца творчасцю — трэба займацца”. Ніколі не пашкадавала. Кожны дзень дзякую за тое, што я на сваім месцы, — падкрэслівае Святлана Вячаславаўна.

 

УЗБАГАЧАЦЬ І ДАПАЎНЯЦЬ

У прафесійным жыцці Святланы Гуткоўскай арганічна спалучаюцца некалькі іпастасей — педагог, балетмайстар, даследчыца.

— Калі працуеш на сцэне, у аўдыторыі, у навуцы, гэтыя вектары пастаянна ўзаемадзейнічаюць і дапаўняюць адзін аднаго, што дапамагае глыбей разумець і матэрыял, і прафесію ў цэлым, — адзначае Святлана Вячаславаўна.

Шлях складваўся менавіта так — праз паслядоўнае паглыбленне ў справу. Спачатку вучылішча (цяпер Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў), затым — Інстытут культуры (цяпер Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў), дзе яна не толькі атрымала адукацыю, але і засталася працаваць.

Пазней — аспірантура ў Акадэміі навук, у сектары фальклору. Даследаванне танцавальнай культуры беларускага Падняпроўя вылілася ў кандыдацкую дысертацыю.

А пасля — вяртанне да студэнтаў, у рэпетыцыйныя залы, дзе назапашаныя веды атрымалі жывое ўвасабленне. З цягам часу гэты рух вызначыўся ў выразную траекторыю: ад маладога выкладчыка — да прафесара, ад першых лекцый— да амаль трох дзесяцігоддзяў кіраўніцтва кафедрай. Больш за сто навуковых публікацый, дзясяткі сцэнічных работ, перамогі на міжнародных фестывалях, узнагароды Прэзідэнцкага фонду і, галоўнае, выхаваныя пакаленні вучняў.

 

З ЗАХОПЛЕНАСЦЮ І ЛЮБОЎЮ

— Калі пасля аспірантуры ў 1995-м вярнулася ва ўніверсітэт, стварыла ансамбль пры кафедры харэаграфіі. Спачатку гэта быў невялікі калектыў, але вельмі хутка ён перарос фармат звычайнай сцэнічнай адзінкі і стаў жывою творчай лабараторыяй. Першы склад аказаўся надзвычай моцным: яркія, выразныя хлопцы і дзяўчаты адразу задалі высокую планку.

Сёння гэтая акадэмічная група налічвае каля 25 чалавек. Рэпертуар не паўтарае гатовых форм — нараджаецца ў жывым творчым працэсе.

— Бяром лепшыя студэнцкія работы — найперш дыпломныя пастаноўкі. У іх ёсць галоўнае — уласны погляд, нечаканыя рашэнні, адчуванне часу, — тлумачыць балетмайстар.

Ансамбль развіваецца ў двух асноўных напрамках — народным і сучасным, не абмяжоўваючыся жорсткімі рамкамі. Асобную цікавасць уяўляе іх узаемадзеянне, калі фальклорныя матывы набываюць новае пластычнае вырашэнне. Фольк-мадэрн у гэтым сэнсе адкрывае шырокія магчымасці для эксперыменту.

Побач са сцэнічнай дзейнасцю не менш важнай застаецца ўнутраная атмасфера. Сумесныя выступленні, сустрэчы, праца над касцюмамі, штодзённая ўзаемная падтрымка — усё гэта паступова фарміруе адчуванне еднасці.

— Вельмі важна, што ў калектыве захоўваецца пера- емнасць: выпускнікі вяртаюцца, дапамагаюць, ставяць нумары. Так узнікае непарыўная сувязь пакаленняў. Трэба проста быць захопленым чалавекам, любіць жыццё ва ўсіх яго праявах. Думаю, гэтым я іх і зараджаю, — усміхаецца кіраўніца.

 

АСНОВА — ШЧЫРАСЦЬ

Акрамя працы з ансамблем, Святлана Гуткоўская займаецца індывідуальнай падрыхтоўкай — вядзе салістаў, працуе з дуэтамі, уважліва ўглядаючыся ў магчымасці кожнага.

— Сёння 16 маіх вучняў — лаўрэаты міжнародных конкурсаў. Сямёра з іх — стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта, — адзначае педагог.

А за лічбамі — асобы, характары, унутраны выбар.

— З вопытам пачынаеш адчуваць, хто сапраўды гатовы ісці далей. Часам бачыш: ёсць здольнасці, але не хапае настойлівасці. А бывае наадварот — прыродныя даныя не самыя яркія, затое ёсць унутраная сабранасць, упартасць, і менавіта яны ўрэшце прыводзяць да высокага ўзроўню. У гэтым і ёсць асаблівая цікавасць працы, — разважае Святлана Вячаславаўна.

Педагагічная філасофія гераіні значна шырэйшая за асваенне тэхнікі. Для яе важна сфарміраваць мысленне, развіць адчуванне формы, здольнасць шукаць і знаходзіць уласнае рашэнне. — Харэаграфія — самастойнае мастацтва. Тут павінны быць ідэя, вобраз, музычны матэрыял высокага мастацкага ўзроўню. І, безумоўна, шчырасць — без яе сцэна не адгукаецца.

 

ЯК ПРЫКЛАД

З агеньчыкам у вачах балетмайстар можа гаварыць пра сваю справу бясконца.

— Кожны праект для мяне— асобная гісторыя, у якую ўкладваюся цалкам. Я сапраўды гэтым жыву і не магу ставіцца абыякава, — прызнаецца Святлана Гуткоўская.

Каля 70 разоў яна выступала галоўным балетмайстрам буйных культурных праектаў. Сярод іх — навагоднія дабрачынныя прадстаўленні ў Палацы Рэспублікі, у праекце “Галоўная Ёлка краіны”, “Музычныя вечары ў Мірскім замку”, канцэрты майстроў мастацтваў Беларусі ў межах “Славянскага базару ў Віцебску”.

— Мабыць, я не ўмею стамляцца. Як можна стаміцца, калі побач музыка, маладыя людзі, іх энергія? Ты аддаеш — і адразу атрымліваеш водгук. Гэта пастаянны рух насустрач, — кажа суразмоўца.

Але нават самая моцная захопленасць працай патрабуе надзейнага тылу.

— Сям’я — галоўнае. З мужам разам ужо 44 гады. Сын, унучка — асаблівая радасць. Калі ў жанчыны гармонія дома, яна здольная рэалізавацца і ў прафесіі. Без родных немагчыма справіцца з напружаным рытмам жыцця, — упэўнена Святлана Вячаславаўна.

Сумесныя паходы на выставы і прэм’еры, сямейныя традыцыі, падарожжы — усё гэта дае сілы і ўнутраную раўнавагу.

— Трэба жыць так, каб уласным прыкладам паказваць, што значыць любіць сваю справу і людзей побач. Калі бачыш у чалавеку лепшае, гэта вяртаецца. І, безумоўна, трэба займацца тым, што напаўняе. Калі ж ідзеш на працу праз сілу — гэта сігнал, што пара нешта мяняць, — заўважае гераіня.

У гэтым — яе формула. Простая на словах, але вымоглівая ў жыцці. Шлях Святланы Гуткоўскай прасякнуты гармоніяй, дзе спалучаюцца моц і далікатнасць, патрабавальнасць і ўменне натхняць. Яе жыццё нагадвае дакладна пастаўлены танец: з уласным рытмам, глыбокім сэнсам і ўнутраным святлом.

Ганна КАЛІНІНА. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА