Ушанаванне пераможцаў Першых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў краін ШАС адбылося 11 чэрвеня ў Мінскім дзяржаўным каледжы імя А.К. Глебава.

Маштабнае спаборніцтва, што праходзіла 23--28 сакавіка ў Бішкеку, аб’яднала юных талентаў з дзевяці краін — Беларусі, Індыі, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Пакістана, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана.

Навучэнцы розных устаноў адукацыі ў сферы культуры абаранялі гонар рэспублікі ў шасці намінацыях: “Фартэпіяна”, “Народныя спевы”, “Эстрадныя спевы”, “Народны танец”, “Выяўленчае мастацтва” і “Мастацкія рамёствы”. Наша дэлегацыя прывезла дадому дзевяць медалёў — па тры залатыя, срэбныя і бронзавыя.


З прывітальнай прамовай да гасцей урачыстай сустрэчы звярнуўся міністр культуры Рэспублікі Беларусь Марат Маркаў:
— Усё роўна — заваёўваеш ты медалі альбо проста ўдзельнічаеш у спаборніцтвах такога ўзроўню. Самае галоўнае — гэта ўражанне аб краіне, якое фарміруецца дзякуючы яе прадстаўнікам. Вялікі дзякуй педагогам, якія дапамаглі маладым талентам дабіцца выдатных поспехаў. Ваш прафесіяналізм — істотны ўклад у выхаванне нашай моладзі.


Кіраўнік ведамства таксама вылучыў спецыялістаў, што ўвайшлі ў склад конкурснага журы. Затым Марат Сяргеевіч уручыў грамату і падзякі лаўрэатам.

Завяршальным акордам ушанавання сталі выступленні пераможцаў міжнароднага форуму.




Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота аўтара і Уладзіміра ШЛАПАКА