У рэпертуары кожнага беларускага тэатра ёсць героіка-патрыятычныя творчыя работы. У Новым драматычным прадставілі “Маладую гвардыю”. У Магілёўскім абласным драмтэатры крыху раней з’явіўся “Трыбунал”. У Коласаўскім у Віцебску — вырашылі звязаць ваенную тэму са 100-гадовым юбілеем калектыву ў спектаклі-канцэрце “Тэатр і вайна”.

МЕТАФАРЫЧНАЕ АБЛІЧЧА
“Трыбунал” у Магілёве пастаўлены не проста па аднайменнай п’есе Андрэя Макаёнка, а менавіта паводле яе. Рэжысёр Каміля Хусаінава заўжды вельмі крэатыўна інтэрпрэтуе арыгінал. Вось і цяпер да амаль цалкам захаванага тэксту яна дадала новыя фрагменты, вывела на сцэну не прадугледжаных літаратарам асоб. Гэта не толькі жыхары вёскі, але і спаленая фашыстамі Насця, у якую быў закаханы Валодзька. Выступленне іх эмацыйнага пластычнага дуэта (харэограф — Дзмітрый Мураўёў) прысвечана перадгісторыі падзей. Персаніфікаваная Смерць (Алена Крыванос) — ва ўсім чорным, ды з белымі пальчаткамі. У яе вусны ўкладзены аўтарская прадмова да п’есы, пэўныя рэмаркі. І жудасная статыстыка генацыду: звыш 12 тысяч спаленых вёсак. Некаторыя гарэлі аж па пяць і больш разоў, а знішчана з усімі людзьмі — каля 300. Гэта вымушае паразважаць: ці не такі лёс чакае і герояў? Між тым у фінале мёртвыя збіраюцца для групавога фота, а да іх далучаюцца пакуль яшчэ жывыя.
Народны лубок, як пазначаны і п’еса, і спектакль, ператвараецца ва ўсёабдымную трагедыю. Прыватная гісторыя адной сям’і паўстае эпічным палатном пра шматлікія ахвяры вайны. Невыпадкова сярод асноўных элементаў сцэнаграфіі, якую прыдумала рэжысёр, — штосьці накшталт чорнага барэльефа, зробленага на задніку з тканіны заслоны. Туды ў некалькі радоў прымацаваны такі ж чорны, бы апалены вогнішчам, абутак — яго гаспадары загінулі.

Дзеянне развіваецца ў дзвюх прасторах. Бліжэй да гледача — даволі рэалістычнае адлюстраванне апісанага ў арыгінале 1942 года. У глыбі сцэны — метафарычнае, абагульненае асэнсаванне. Драматургія будуецца на іх чаргаванні, якое падкрэслена пераключэннем тэатральнага святла. Смерць і Валодзька (Аляксандр Зянько), што гіне ў фінале, належаць абодвум сусветам, становяцца своеасаблівымі праваднікамі між імі. Акантоўка спектакля беларускай народнай песеннасцю не толькі надае цэласнасці, гарманічнай завершанасці, але і скіроўвае пастаноўку ў сферу баладнай сімволікі. І вымушае ўспомніць самы пачатак дзеяння, калі тры жанчыны ў чорным рытмічна шылі штосьці ў цемры нябачнымі іголкай з ніткай, а кожны шывок балюча адгукаўся ў сэрцы, бы чарговы рух-узмах касы. Можа, тое былі міфалагічныя мойры, адказныя за ніткі лёсу?
Размеркаванне роляў — незвычайнае. Цярэшку, якога найчасцей іграюць старэйшыя артысты, прадстаўляе Вадзім Арціменя — настолькі кранальна лагодны і безабаронны, што часам нагадвае дзіця ў атачэнні безапеляцыйных дарослых. Не менш нечаканай аказваецца постаць нямецкага Каменданта (Уладзіслаў Страхаў ці Максім Чарнюк). Не парадыйная, не пагрозліва страшная, яна выклікае агіду. А фігура Сырадоева (Данііл Самкнулаў ці Аляксандр Мацюшка), які пастаянна ходзіць на паўсагнутых, бо служыцьпрыслужвае немцам, настройвае хутчэй на пагарду.
МАСТАЦКАЯ ДАКУМЕНТАЛІСТЫКА
У рамане “Маладая гвардыя” Аляксандр Фадзееў звярнуўся да рэальных фактаў, памножаных на пісьменніцкую выдумку.

Спектакль з такой назвай паставіла Наталія Башава-Іванова: летась у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, цяпер — у Новым драматычным тэатры, куды нядаўна была прызначана на пасаду дырэктара. Рэжысёр абрала самых маладых акцёраў і студэнтаў, амаль равеснікаў герояў. “Маладая гвардыя” дала магчымасць гледачам і найперш выканаўцам “прымераць” на сябе і подзвіг, і здраду, прааналізаваць іх псіхалагічныя падмуркі. Ды прыйсці да высновы: душэўная моц нараджаецца з любові і кахання. Мастаком-пастаноўшчыкам выступіла Лідзія Малашэнка, харэографам — загадчыца кафедры сцэнічнай мовы, вакалу і пластычных дысцыплін прыведзенай ВНУ Марына Філатава.
Спектакль-канцэрт “Тэатр і вайна” — сумесны праект Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа і Цэнтра культуры “Віцебск”.

— Гэта не першае супрацоўніцтва, — распавяла дырэктар Коласаўскага Юлія Харкевіч. — Два гады таму да Дня Перамогі мы разам падрыхтавалі работу “Тэатр ваенных дзеянняў БДТ-2” (такой абрэвіятурай называлася калісьці наша ўстанова). Цяпер мы вярнуліся да тэмы і, улічваючы 100-годдзе калектыву, стварылі спектакль-канцэрт, які трапіць у пастаянны рэпертуар. Сапраўды, вайну тэатр сустрэў у Петразаводску, куды прыехаў на гастролі і дзе адбылася прэм’ера “Несцеркі” — нашага культавага спектакля. Ён стаў візітоўкай, гістарычным брэндам. Далей — эвакуацыя ва Уральск. Артысты рэпеціравалі, паказвалі новы матэрыял, выступалі перад савецкімі байцамі на фронце.
Такія падзеі і знайшлі ў спектаклі мастацкае адлюстраванне, у тым ліку праз песні і харэаграфічныя нумары. Сцэнарый і пастаноўку ажыццявіла Марына Раманоўская — рэжысёр, намеснік генеральнага дырэктара Цэнтра культуры “Віцебск”. Пераклад на беларускую мову зрабіў вядучы рэдактар Коласаўскага Алесь Замкоўскі. Акцёры тэатра, а таксама творчыя калектывы горада, запрошаныя да ўдзелу, адгукнуліся з запалам, бо гэта наша агульная памяць.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА і з архіваў тэатраў