У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць часовая экспазіцыя “Мікалай Байрачны. Скульптура. Да 75-годдзя майстра”. Персанальная выстава аўтара зладжаная тут упершыню.

Мастак нарадзіўся ў 1950 годзе ў Баку. У 1976-м скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, дзе вучыўся ў такіх майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як керамісты Міхаіл Бяляеў і Тарас Паражняк.
Працуе ў напрамках: кераміка, станковая скульптура, кніжная ілюстрацыя і мультыплікацыя. Мікалай Байрачны — аўтар дэкаратыўнага скульптурнага афармлення інтэр’ераў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага і Палаца піянераў у Мінску.

Яго таленту належаць керамічныя пано ў інтэр’еры рэстарана “Бярэзіна” ў Барысаве, сталічных кафэ “Батлейка” і рэстарана гасцініцы “Планета” — апошняя серыя, створаная ў суаўтарстве з Валянцінам Прыешкіным, напрыканцы мінулага года атрымала статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Таксама разам са сваёй жонкай, архітэктарам Аленай Байрачнай, мастак стварае касцюмныя лялькі-статуі ў натуральнай вопратцы з тканіны з мноствам аксесуараў.
Акрамя таго, Мікалай Байрачны з’яўляецца аўтарам мультфільмаў “Асенні фатограф”, “Мая мама чараўніца”, “Пасля прылёту марсіян” і “Хто?”.

На персанальнай выставе скульптуры прадстаўлены аўтабіяграфічныя творы і работы, натхнёныя гісторыямі з жыцця продкаў мастака — бацькі, дзеда і прадзеда, а таксама казачныя пераасэнсаванні сямейных вобразаў — дачкі, унука і ўнучкі ў цыкле “Калі феі былі маленькімі”. Асобную частку экспазіцыі складаюць анімалістычныя скульптуры, створаныя ў суаўтарстве з Юрыем Гудзіновічам, якія спалучаюць такія матэрыялы, як бронза, граніт, дрэва, мармур, сердалік і сталь.
Усе работы, прадстаўленыя ў экспазіцыі, з’яўляюцца ўласнасцю аўтара.

Выстава працягнецца да 25 мая.
Служба інфармацыі “К”