Міжнародны творчы форум “Мінск — Казань. Дыялог музычных традыцый” стаў адным з першых пунктаў рэалізацыі Дарожнай карты супрацоўніцтва паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі. Нашу краіну прадставіла дэлегацыя Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

Дарожная карта па развіцці міжрэгіянальных сувязяў была падпісана ў Мінску падчас пасяджэння сумеснай калегіі міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі напрыканцы сакавіка. Дакумент стаў лагічным працягам зацверджанага бакамі Плана супрацоўніцтва на 2026 год, які ўключае больш за 100 культурных ініцыятыў, і вызначыў канкрэтныя напрамкі ўзаемадзеяння паміж Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам культуры Рэспублікі Татарстан Расійскай Федэрацыі.
ПА ТВОРЧЫМ МАРШРУЦЕ
Форум праходзіў у Казані 24—25 красавіка і аб’яднаў навучальныя калектывы, для якіх музыка — аснова прафесійнага станаўлення. Падзеі разгортваліся на некалькіх пляцоўках. У малой зале Казанскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Жыганава адбыўся сумесны канцэрт нашага ансамбля цымбалістак з расійскімі выканаўцамі — навучэнцамі сярэдняй спецыяльнай музычнай школы пры кансерваторыі.
— Па сутнасці, мы сустрэлі калег, — адзначае дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры БДАМ Наталля Кароціна. — Гэта такая ж школа паводле структуры і гістарычнага значэння. Калісьці ў Савецкім Саюзе існавала цэлая сістэма так званых школ-дзесяцігодак, дзе выхоўвалі таленавітых дзяцей. Узровень падрыхтоўкі заўсёды быў вельмі высокі.

Таццяна Захаранка
Праграма выбудоўвалася так, каб казанскія слухачы маглі пазнаёміцца з шырокім спектрам кампазіцый для цымбалаў. Прапанавалі своеасаблівы музычны маршрут — ад XV—XVI стагоддзяў да сучаснасці, дзе кожны твор станавіўся новым этапам і адкрыццём. Усе нумары выконваліся на памяць, што сведчыць пра высокі прафесійны ўзровень ды гатоўнасць калектыву ў любых умовах уключыцца ў актыўную канцэртную дзейнасць.
ЭСТАФЕТА МАЙСТЭРСТВА
На другі дзень форуму ў Доме дружбы народаў Татарстана выступіў аркестр народных інструментаў пад кіраўніцтвам Дар’і Забеліч. Прагучалі творы еўрапейскіх, беларускіх і расійскіх кампазітараў. Пацешылі публіку і сольныя нумары навучэнцаў — лаўрэатаў прэстыжных конкурсаў. Сярод іх — ударнік Міхаіл Шынкарэнка, якога ўжо называюць “зоркай, што толькі пачынае ярка ззяць”, баяніст Уладзімір Чагарын, уладальнік спецыяльных прэмій фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, а таксама Маргарыта Маўрына — лаўрэат міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў, якая выканала на дарбуцы “Лезгінку” Арама Хачатурана.

Наталля Кароціна
— На сцэну выходзяць не толькі нашы выхаванцы, але і маладыя педагогі, — падкрэслівае Наталля Кароціна. — Так, выкладчыца Марына Фядосенка таксама саліравала на акардэоне разам з аркестрам. Гэта надзвычай важны прыклад для дзяцей: яны бачаць, што іх настаўнікі — дзейныя музыканты.
УЗАЕМНАЕ ЎЗБАГАЧЭННЕ
Не менш істотная і жывая камунікацыя паміж навучэнцамі дзвюх краін. Пасля выступленняў у кансерваторыі беларускія і расійскія равеснікі актыўна размаўлялі: цікавіліся падрыхтоўкай, рэпертуарам, творчымі планамі.
— Гэта і ёсць сапраўдны дыялог, — тлумачыць Наталля Аркадзьеўна. — Мы прывезлі цымбалы — яркі нацыянальны каларыт. У сваю чаргу, нас пазнаёмілі з татарскім фальклорам, з унікальнымі гарлавымі спевамі.
Атрымліваецца ўзаемнае ўзбагачэнне. Горад адкрыўся перад нашымі музыкантамі як шматкультурная прастора, дзе арганічна спалучаюцца традыцыі і сучаснасць.
— Дзеці ўбачылі Казань, пазнаёміліся з культурай, з нацыянальнай кухняй — і гэта таксама важна. Але самае галоўнае — такія паездкі ствараюць уражанні і ўспаміны, якія застаюцца на ўсё жыццё.
Падобныя сустрэчы сапраўды збліжаюць.

Вера Уласава
РОЗНЫЯ, АЛЕ РАЗАМ
Чым адрозніваецца ўзровень падрыхтоўкі нашых і татарстанскіх навучэнцаў? На гэтае пытанне Наталля Кароціна адказвае так:
— Я б не стала нас параўноўваць. Займаемся адной справай. У кожнай школе ёсць свае моцныя бакі. Музычная культура Татарстана мае глыбокія карані. У нас — свае традыцыі. І ў гэтым якраз каштоўнасць: мы розныя, але мы разам.
Сімвалічна, што мерапрыемства супала з перыядам найвышэйшай творчай формы калектываў — у сакавіку—красавіку, калі яны дасягаюць піку падрыхтаванасці.
— Дарожная карта была падпісана, і мы вырашылі не адкладваць, — адзначае дырэктар. — Навучальныя калектывы абнаўляюцца штогод, таму нам хацелася паказаць сябе на максімуме выканальніцкіх магчымасцей.

Вераніка Барынава
Сёння ўжо можна з упэўненасцю сказаць: творчы дыялог мае працяг.
— Спадзяёмся на адказны візіт казанскіх калег у Мінск, — падсумоўвае Наталля Кароціна. — Падобныя падзеі павінны стаць добрай традыцыяй. Менавіта так умацоўваюцца сувязі паміж школамі, культурамі, людзьмі. І я ўпэўнена: гэта толькі пачатак. У сучасным высокатэхналагічным свеце асаблівую каштоўнасць набываюць сустрэчы, што вяртаюць галоўнае — жывое гучанне традыцыі і шчырасць творчага кантакту.
І, магчыма, менавіта ў гэтым — сапраўдная сіла музыкі, здольнай аб’ядноўваць без перакладу.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гімназіі-каледжа