Ён не можа пачуць свет, але падахвочвае яго гучаць колерамі. Аляксандр Пакаціла, нягледзячы на слыхавыя абмежаванні, скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў, выпрацаваў унікальны стыль і сёння кіруе ўзорнай студыяй “Палітра” ў Гомельскім абласным цэнтры інклюзіўнай культуры. У Год беларускай жанчыны яго выхаванцы стварылі поліптых “Беларусь — адзіная сям'я”, дзе жаночы вобраз стаў сімвалам адзінства.

АД ВАСІЛЯ СІДАРЭНКІ ДА МІКАЛАЯ БАНДАРЧУКА: ТРЫ НАСТАЎНІКІ
Свой шлях у мастацтве Аляксандр Пакаціла называе “ланцужком дзіўных сустрэч”. Першым педагогам, яшчэ да ВНУ, стаў гомельскі мастак Васіль Сідарэнка.
— Ён сам глухі і шмат увагі надаваў навучанню такіх жа дзяцей, арганізоўваў міжнародныя пленэры ў Дзяржынску, — успамінае Аляксандр.
У Акадэміі мастацтваў яго майстрам быў Уладзімір Масленікаў, а потым адбылася сустрэча з заслужаным дзеячам Беларусі Мікалаем Бандарчуком. — Ён па-асабліваму навучыў мяне бачыць колер, складаць гаму.

ЛАСКАВЫЯ КАТЫ, БЕЛАРУСКІЯ ПЕЙЗАЖЫ І РАЗМОВА ДРЭЎ
На пытанне пра любімыя тэмы Аляксандр Анатольевіч адказвае без ваганняў:
— З дзяцінства падабаецца маляваць жывёл, асабліва катоў. Хочацца перадаць іх характары — ласкавасць, хітрасць, адданасць чалавеку. Другая крыніца натхнення — беларускія прасторы. Першыя лісточкі дрэў нібы расказваюць мне пра жыццё.
Яго пейзажы — гэта не проста краявіды, а спроба перадаць абуджэнне прыроды і шырыню родных мясцін.

“НЕ ЗМАЛЁЎВАЦЬ, А ШУКАЦЬ СВАЮ МОВУ”: ЯК БУДУЕЦЦА ПРАЦА
Да прыходу Аляксандра Анатольевіча студыю наведвала мала дзяцей, і малявалі яны “ў рамках плана”. Цяпер галоўная задача — абудзіць фантазію, навучыць назіраць за светам.
— Я падказваю тэму, кірунак, а далей дзеці робяць усё самі. Твор — толькі аўтарскі, змалёўваць забаронена. Мне прыемна, што вучні імкнуцца паказаць свой стыль і мастацкую мову, — падкрэслівае настаўнік. — У калектыве пануе сяброўская атмасфера: усе дапамагаюць адно аднаму незалежна ад узросту. Калі дзіцяці складана ўсвядоміць напрамак, на дапамогу прыходзяць кнігі, знаёмства з працамі іншых мастакоў, інтэрнэт — але выключна для натхнення.

ІНКЛЮЗІЎНАСЦЬ ПРАЗ ПАДЗЕІ: ПРАЕКТ “БЕЛАРУСЬ — АДЗІНАЯ СЯМ’Я”
Прасоўванне інклюзіўнай культуры Аляксандр выбудоўвае праз тое, чым жыве краіна. У Год сям’і нарадзіўся ўнікальны поліптых — калабарацыя студыі “Палітра” і народнай студыі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва. Аўтары — дзеці, падлеткі і дарослыя з рознымі асаблівасцямі здароўя.
— Кожная дэталь выставы мае свой сэнс, месціць у сабе нейкі сакрэтны ключ, — тлумачыць кіраўнік. Традыцыйны вобраз Беларусі як яснавокай жанчыны-маці, якая аб’ядноўвае ўсіх у адзіную сям’ю, стаў лейтматывам праекта.
Па словах настаўніка, студыя дапамагае дзецям глыбей зразумець вытокі і духоўнае багацце Бацькаўшчыны, каб “адштурхнуцца ад гэтага ў сваёй творчасці”.

АД ЧАРНОБЫЛЯ ДА “БЕЛАЙ ВАРОНЫ”: ПРЫЗНАННЕ І ХВАЛЯВАННЕ
Аляксандр Анатольевіч прызнаецца: нядаўняя выстава, прысвечаная Чарнобылю, стала для яго сур’ёзным выпрабаваннем.
— Я хваляваўся, мая праца знаходзілася сярод палотнаў вядомых майстроў. Было вельмі прыемна, што прафесіяналы заўважылі яе і сказалі добрыя словы, — гаворыць наш герой.
А першым поспехам у новым амплуа абярнуўся фестываль-конкурс “Белая варона”:
— Гэта быў мой досвед як карыкатурыста, і спроба аказалася ўдалай — я атрымаў дыплом першай ступені.

ГОРЫ НА ЎЛАСНЫЯ ВОЧЫ І МІЖНАРОДНЫ ПЛЕНЭР “Я + Я”
Адна з самых яркіх падзей — паездка ў Італію — калыску сусветнага мастацтва.
— Запомнілася экскурсія ў горы: чыстае паветра, шчаслівыя і ўражаныя дзеці. Потым яны адлюстроўвалі гэтыя эмоцыі ў малюнках, — распавядае Аляксандр.
А міжнародны пленэр “Я + Я”, які праходзіў у Дзяржынску, Смаленску, Туле, дазволіў глухім мастакам камунікаваць міжсобку і спаборнічаць у творчасці.
ШТО Ў ПЛАНАХ? ВЫСТАВЫ, ВЫСТАВЫ, ВЫСТАВЫ
— Як мастак мару аб выставах у розных гарадах Беларусі. Хачу, каб мая творчасць была знаёмая гледачу, — дзеліцца Аляксандр.
Ужо ў маі ў яго запланаваны майстар-клас для дзяцей і дарослых, акрамя таго творца рыхтуе персанальную выставу.
— Усё, чаго дасягнуў, адбылося дзякуючы маёй любімай маме, якая падтрымлівала пошукі, і настаўнікам, што вераць у мяне.

Аляксандр Пакаціла даводзіць: мастацтва не ведае бар’ераў. Ён пакарае новыя вяршыні і гадуе пакаленне, для якога не існуе перашкод. Такія героі даказваюць, што інклюзіўнасць не моднае слова, а натуральнае асяроддзе, дзе разам узаемадзейнічаюць дзеці і дарослыя.
Жыццё і творы Аляксандра — гэта дыялог без слоў, зразумелы кожнаму, хто гатовы глядзець сэрцам. А пажаданне юным калегам гучыць як творчы маніфест: “Маляваць ад свайго сэрца, не баяцца эксперыментаваць і шукаць сваю непаўторную мову ў жывапісе”.
Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ.
Фота Святланы ЧЭКАЛАВАЙ і з архіва героя