Бессмяротны прыклад мужнасці

Апублiкавана: 01 мая 2026 Стужка Кіно Мінск Кінапрагляд

Аўтар: ГРЫНКЕВІЧ Віялета

У шырокі пракат выйшаў нацыянальны фільм “Адно на дваіх”. Стужка, прысвечаная подзвігу Герояў Беларусі гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка і гвардыі лейтэнанта Мікіты Куканенкі, з’явілася на экранах краіны 30 красавіка.

 

Андрэй Нічыпорчык быў лётчыкам-інструктарам. Нарадзіўся ў сям’і ваеннага лётчыка-снайпера, вучыўся на авіяцыйным факультэце Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. З 2016-га рыхтаваў маладых пілотаў. Андрэя ведалі як цярплівага і ўважлівага інструктара, які любіў неба і курсантаў.

Мікіта Куканенка таксама скончыў Ваенную акадэмію. У дзяцінстве часта бываў у дзядулі ў гарадскім пасёлку Баравуха, дзе знаходзілася верталётная база. Завітаўшы туды, вырашыў стаць пілотам і паступіў у Полацкае кадэцкае вучылішча.

Лёсы двух маладых людзей трагічна абарваліся 19 мая 2021 года падчас трэніровачнага палёту. Вучэбна-баявы самалёт Лідскай штурмавой авіябазы Як-130 пацярпеў крушэнне пад Баранавічамі. Да апошняга Мікіта і Андрэй спрабавалі адвесці борт ад дамоў. Ахвяр сярод мясцовага насельніцтва афіцэры пазбеглі цаной уласных жыццяў.

 

ДАКЛАДНАСЦЬ УВАСАБЛЕННЯ

Пра фільм, вядомы цяпер пад назвай “Адно на дваіх”, загаварылі ў 2022-м. За працу над карцінай узяўся айчынны рэжысёр Іван Паўлаў, які стварыў стужкі “Падрыў”, “Час вярнуцца” і “Полымя пад попелам”. Здымкі стартавалі 12 чэрвеня 2025 года на авіяцыйным факультэце Ваеннай акадэміі. У ліку першых запісалі сцэну, дзе курсант Мікіта Куканенка адточвае лётныя навыкі з дапамогай спецыяльнага трэнажора. Дзяцінства і юнацтва, вучоба — на экране выяўлены ўсе значныя моманты жыццяў.

— Дакументальная праўда тут пераважае, але ў фільме ёсць не толькі яна. Вельмі істотны і лірычны складнік. Таму некаторыя сцэны, у прыватнасці знаёмства з жонкамі, выдуманыя, — расказаў рэжысёр. — Па жанры стужка — баёпік, але даволі нетыповы: ні канфліктаў паміж героямі, ні антаганістаў тут няма.

Былі і творчыя выклікі. Складаней за ўсё, па прызнанні здымачнай групы, далося рэалістычнае адлюстраванне палётаў. Выйсце знайшлі дзякуючы камп’ютарнай графіцы. Як растлумачыў аператар Вячаслаў Дунаеў, раней сучасныя тэхналогіі ў такіх маштабах на кінастудыі не ўжывалі.

 

ПРАФЕСІЙНЫЯ НЮАНСЫ

Значную падтрымку праекту аказаў палкоўнік Эдуард Жмакін, намеснік камандуючага па ідэалагічнай рабоце — начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Герояў ён ведаў асабіста, таму дапамагаў карэкціраваць сцэнарый з улікам біяграфічных і прафесійных нюансаў.

— У момант трагедыі працаваў намеснікам камандзіра авіяцыйнай базы па ідэалагічнай рабоце, і гісторыя хлопцаў прайшла скрозь мяне, — распавёў Эдуард Мікалаевіч. — Падчас здымак шмат размаўлялі з лётчыкамі, якія служылі з Мікітам і Андрэем. Паўдзельнічалі ў вытворчасці і бацькі афіцэраў, што дапамаглі больш шырока раскрыць характары.

Адна з галоўных місій фільма, на думку кансультанта, — паказаць моладзі сілу сапраўдных каштоўнасцей, заклікаць да глыбокага разважання аб тым, дзеля чаго насамрэч жыве чалавек.

— Хочацца атрымаць зваротную сувязь ад калег з Расіі, што ў 2021-м падрыхтавалі стужку “Неба”, таксама заснаваную на рэальных падзеях. У пэўным сэнсе яна стала стандартам, ад якога мы адштурхоўваліся, — паведаміў Эдуард Жмакін.

 

ЭМОЦЫІ І ДЫНАМІКА

Андрэя Нічыпорчыка ўвасобіў акцёр Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага Аляксей Качан.

— На здымках пазнаёміўся з калегамі і блізкімі Андрэя. Казалі, што па характары і гумары я падобны да яго. У карціне паўдзельнічаў і сын лётчыка, і гэта адна з найбольш эмацыйна складаных падзей, — падзяліўся ўражаннямі артыст. — Раней здавалася, што людзі нараджаюцца героямі. Быццам яны з самага пачатку прызначаны для подзвігу. А потым зразумеў: гераізм праяўляюць звычайныя хлопцы, якія жадаюць проста працаваць, кахаць, гадаваць дзяцей…

Сваякі Андрэя ўспаміналі, што ён быў вельмі жыццялюбным чалавекам. І ўсё роўна ў вырашальны момант ахвяраваў сабой, здзейсніўшы вечны ўчынак.

Бацьку Андрэя, палкоўніка запасу Уладзіміра Нічыпорчыка, які таксама дапамагаў праекту ў якасці кансультанта, сыграў Віктар Рыбчынскі. Акцёр упершыню перадаў на экране вобраз чалавека, з якім знаёмы асабіста.

— Імкнуўся паказаць Уладзіміра Мікалаевіча так, каб ён не ўбачыў неадпаведнасці сваім глыбокім унутраным адчуванням, — растлумачыў артыст. — Да здымак мы шмат камунікавалі, расказвалі адзін аднаму важныя жыццёвыя рэчы.

Ролю Мікіты Куканенкі выканаў малады мінчанін — інжынер Ягор Чубакоў.

— Характары ў нас падобныя. Ён быў надзейным, лёгкім, вясёлым, прыязным, — распавёў Ягор. — З Андрэем Мікіту звязвалі сяброўскія і часткова саперніцкія пачуцці. Разам яны раслі і станавіліся лепшымі. Каб дакладна перадаць гэтую дынаміку, стараўся ўважліва слухаць рэжысёра. Хачу падзякаваць усёй камандзе за цудоўную атмасферу на пляцоўцы, за дапамогу, якая мне, чалавеку без досведу, была так патрэбна.

Музыку да стужкі, у тым ліку і трэк “Трымайся вышыні”, напісаў кампазітар Леанід Шырын.

— “Адно на дваіх” — даніна павагі подзвігу нашых герояў, — падкрэсліў генеральны дырэктар Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” Дзмітрый Сямёнаў. — Вялікі дзякуй Міністэрству культуры, Міністэрству абароны і ўсёй творчай камандзе за такую дакладную і зладжаную працу. Усе ўклалі ў карціну нешта сваё, глыбока асабістае і важнае.

Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота з архіва кінастудыі
і Telegram-канала Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь