Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр упершыню запрасіў гледачоў далучыцца да “Падарожжа месье Перышона”. Сціпла пазначаны як музычная камедыя, спектакль аказаўся сапраўдным мюзіклам нашага кампазітара і аранжыроўшчыка Аляксандра Гембіцкага ў пастаноўцы Аляксандра Бародкі.

Прэм’ера трымалася на трох кітах — музыцы, харэаграфіі, сцэнаграфіі. І акцёрскіх працах, што свядома пазбаўлены паслядоўнага псіхалагічнага развіцця і часам вырашаныя як гэткія... тантамарэскі, калі пэўны артыст пастаўлены ў не залежныя ад яго ўмовы.
МЮЗІКЛ!
Творчы тандэм рэжысёра з кампазітарам запомніўся раней па абсурдысцкім спектаклі РТБД “Вось я і прыйшла!”, дзе было багата песень і выбітнай музычнай полістылістыкі. У “Падарожжы...” намяшана ўсяго яшчэ больш: джаз, поп, квазірэп, водгулле дэтэктыўна-акадэмічнага авангарду, поліфанічныя прыёмы, разнастайнасць камп’ютарна-інструментальных тэмбраў, што выступаюць не толькі ў аркестравым спалучэнні, але і сольна — ударныя, духавыя, фартэпіяна.

Музычная драматургія ўтрымлівае лейтматывы, шыкоўна шматслойную фінальную сцэну, фрагменты меладэкламацыі, калі песенныя нумары чаргуюцца з размоўнымі дыялогамі на фоне музыкі. Па-рознаму вырашаны ансамблі. Але што ні мелодыя — патэнцыйны хіт. Ці з арыгінальнымі інтанацыйнымі абаротамі, як, напрыклад, у любоўным дуэце, ці з постмадэрнісцкімі стылёвымі спасылкамі на бліскучыя музычныя стужкі 1970—1980-х. Апошняе — своеасаблівая падказка гледачам. Бо новы спектакль, зроблены па аднайменнай п’есе Эжэна Лабуша, вядомага сваім “Саламяным капялюшыкам”, мае некаторыя паралелі і з фільмам “Падарожжа месье Перышона” — у асобных сюжэтных адгалінаваннях і колькасці дзейных асоб.

Скарачэнне арыгінальнага драматургічнага матэрыялу, з якога пакінуты хіба асобныя фразы, далучэнне яркіх вершаваных тэкстаў Настассі Мірончыкавай, як таго патрабуе мюзікл, спрыяюць агульнаму імкліваму тэмпарытму. Усё дзеянне пранізвае добрая эстрадная харэаграфія Ганны Ляпо і Кірыла Балтрукова — не тыпова шараговая, а з цікавымі прыдумкамі, выкарыстаннем прадметаў сцэнаграфіі. Тут задзейнічана і частка балетнай трупы тэатра, якой даводзіцца перакідвацца рэплікамі, і драматычныя акцёры, якія ў гэтай пастаноўцы выступаюць як заўзятыя артысты музычнага тэатра — іграюць, спяваюць, танчаць. І скараюць вяршыні калі не сапраўднага, дык уяўнага Манблана — не столькі як альпіністы, колькі як камічна-цыркавыя гімнасты.
ГУЛЬНІ
Справа ў тым, што сцэнаграфія Таццяны Мацэвіч складаецца з сямі крэслаў рознага памеру — ад дзіцячага да вялізнага, між ножкамі якога можна вольна прайсці, бы праз арку. Цягам дзеяння тыя крэслы на колцах, паварочваючыся рознымі бакамі ў кружэнні-карагодзе фантастычных танцаў, адыгрываюць ролю любога рэквізіту: білетнай касы, даведкі на вакзале, цягніка з вагончыкамі, горных відарысаў (разам са светлавымі лініямі на задніку), хатняга інтэр’еру, дзвярэй. Як у дзіцячых гульнях! Ножкі ж самых вялікіх крэслаў нагадваюць апоры вежы — Татліна, Эйфелевай, іншых металічных канструкцый. І дазваляюць артыстам узлазіць на любую вышыню, потым павольна спускацца ці скакаць адтуль.

Апроч гэтага, вісіць яшчэ вялікі круглы гадзіннік без стрэлак, на якім намалявана мапа свету. Змяняючы колер адпаведна сітуацыі, ён становіцца не толькі сонейкам ці поўным месяцам, але і сімвалам доўгачаканай вандроўкі карэтніка Перышона з жонкай і дачкой. Не толькі ў прамым сэнсе, але і ў абагульненым — як падарожжа па таямніцах загадкавай чалавечай душы, асабліва самога галавы сямейства.
Свае падказкі ўтрымліваюць і касцюмы, прыдуманыя Кацярынай Герасіменка. Адмоўны Даніэль (Мікалай Варабей) апрануты ў чорны строй з тонкімі светлымі палоскамі. Станоўчы Арман (Дзмітрый Стасюк) — цалкам у крэмава-бэжавы. Сукенка Анрыеты (Яна Шынкарова) ператварае гераіню ў гэткі падарунак, перавязаны бантам. І даводзіць нам, што яна і татава дачка, і адначасова матчына. Ад Перышона (Сяргей Марговіч) — хай і празрыста-паветраныя, але вельмі пашыраныя “плечы” яе сцэнічнага строя. Ад маці — аголеныя хударлявыя плечукі, што надаюць абліччам абедзвюх гераінь асаблівую кранальнасць, безабароннасць. Але мадам Перышон (Любоў Пукіта) — у спадніцы-штанах, што пры ўсёй яе жаноцкасці намякае на моцны характар. Адсутная ў п’есе і ўведзеная ў стужку і цяперашні спектакль Аніта (Дар’я Ізмайлава) — у чаравіках на велічэзных шпільках і такой жа платформе. Падобна катурнам, гэта ўзвышае гераіню да багіні ў вачах закаханага ў яе Маёра (Андрэй Гладкі) і адначасова сведчыць пра здольнасць ракавой жанчыны ціснуць-душыць партнёра сваімі прыхамацямі.

Сімвалічны пасыл маюць афіша з праграмкай. На вялізным крэсле, абрысы якога нагадваюць Эйфелеву вежу, Перышон падобны да маленькага хлопчыка, ногі якога яшчэ не хутка дастануць да падлогі. Тая ж мізансцэна ёсць і ў спектаклі. Паўтараючыся ў розных варыяцыях, яна параўноўвае героя з эгаістычным дзіцем, якое шчыра хоча быць героем, любіць ухваленні і далёка не заўжды бывае ўдзячным за тое, што для яго робяць іншыя. Фінальнае ж пераўтварэнне адбываецца бы па ўзмаху чароўнай палачкі. І ўспрымаецца не столькі як асэнсаванне персанажам сваіх памылак, колькі як чарговае “хачу”, бо “я так сказаў”, толькі вымаўленае крыху мякчэй, чым звычайна.

Яшчэ адным вечным дзіцем застаецца Маёр. Але ж ён на тым вялізным крэсле запамінаецца ў поўны рост. А самым “дарослым” застаецца Даніэль, што выступае ў ролі гэткага Мефістофеля. Спачатку ён імкнецца прычараваць мадам Перышон, ды хутка разумее, што ўздзеянне на яе мужа — куды больш просты шлях да шлюбу з дачкой. Такія вось дзіцяча-недзіцячыя гульні! Але са шчаслівым фіналам.
Надзея БУНЦЭВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА