Акцёр — гэта энергія

Апублiкавана: 01 чэрвеня 2026 Стужка Тэатры Мінск На сваім месцы

Аўтар: СЛІЖЭЎСКАЯ Ірына

У 10 гадоў яна ўжо ведала аб сваім прызначэнні, аднак шлях да сцэны быў працяглым і цярністым. Дэкаратар, грымёр, кіраўнік гуртка — і вось нарэшце любоў гледачоў, званне заслужанай артысткі і спектакль-доўгажыхар, які стварала сама. Ала Проліч расказала пра пошук сябе і закуліссе.

 

ЗНАКАВЫ ЖЭСТ

Любоў да сцэны ў Алы Рыгораўны зарадзілася не ў сталічных тэатральных залах, а ў ціхай вёсцы Кашэвічы Гомельскай вобласці. Наша гераіня вяртаецца ў гэты момант зноў і зноў, нібы спрабуючы разгадаць магію той самай “пстрычкі”: у іх школу прыехала дзяўчына з вучылішча культуры.

— Яна пачала распавядаць пра тэатр, — успамінае Ала Проліч. — У канцы лекцыі спытала, хто хоча стаць артыстам. Чамусьці падымаю руку я. Жэст, поўны дзіцячай інтуітыўнай смеласці, аказаўся пунктам незвароту. Ужо ў 14 гадоў, пасля васьмі класаў, з блаславення бацькі будучая зорка адправілася паступаць у мастацкае вучылішча Бабруйска.

 

У ДВУХ СУСВЕТАХ

Гаворачы аб малой радзіме, актрыса беражліва вымаўляе правільную назву — Кашэвічы, хоць у дакументах сустракаецца скажоны варыянт. Сёння вёска знікае, але для Алы Проліч яна назаўжды засталася месцам сілы. Там знаходзіцца старадаўняя Успенская царква, якой больш за 350 гадоў.

— Храм пабудаваны без адзінага цвіка. Цалкам драўляны, — з асаблівым трапятаннем адзначае артыстка.

Яна з цеплынёй згадвае вёску, якую насялялі светлыя людзі, а выпускнікі тамтэйшай школы паступалі ў Маскву, Пецярбург, Мінск.

— Тое — маё былое. Цяпер жыву ў двух розных сусветах, — па-філасофску разважае творца аб кантрасце паміж бурным мінулым і не менш насычанай сучаснасцю.

 

ШКОЛА ЖЫЦЦЯ

Пасля Яраслаўскага тэатральнага вучылішча, якое Ала Рыгораўна скончыла ў 1989 годзе, кар’ера складвалася няпроста. Давялося асвоіць спецыяльнасці дэкаратара, грымёра, кіраўніка гуртка. Гераіня называе гэта не вымушанай неабходнасцю, а пошукамі ўласнага месца.

— Я вясковы чалавек, магу выжываць у любых умовах. Працаваць не баюся, мяне не прыніжае ніякая справа. Ад прыбіральшчыцы да зоркі экрана, — дзеліцца поглядам артыстка.

Пераломным момантам аказалася знаёмства з Уладзімірам Васільевічам Гасцюхіным — таленавітым акцёрам і рэжысёрам, які стаў не толькі настаўнікам Алы Проліч, але і мужам. Праца ў спектаклях “Міленькі ты мой” і “Галасы” — найлепшы майстар-клас.

— Знаходзіцца побач з такой глыбай было нялёгка. Яго энергію на сцэне ніхто не можа пе­райграць, — прызнаецца суразмоўніца.

Менавіта Гасцюхін навучыў яе галоўнаму: “Акцёр — гэта энергія. Гэта майстар, які стварае сусветы”.

 

НА АДНЫМ ДЫХАННІ

Сярод прафесійных вяршынь артысткі — монаспектакль “Айседора. Танец кахання”, прэм’ера якога прайшла 16 чэрвеня 1995 года і які застаецца ў рэпертуары і цяпер. Ідэя належала самой Але Проліч, хоць першапачаткова гэта была “рызыкоўная авантура”, у поспех якой ніхто не верыў. Нашу гераіню прывабіла не столькі пластыка вялікай танцоўшчыцы, колькі жаночы лёс.

— Я не прэтэндавала на тое, каб перадаць менавіта Айседору, — тлумачыць Ала Рыгораўна. — Сумясціла сваё разуменне жанчыны і яе жыцця. Праз гады, убачыўшы архіўныя відэа з танцамі Дункан, са здзіўленнем выявіла, што містычным чынам інтуітыўна прайграю ў некаторых момантах тыя ж рухі, абапіраючыся толькі на фатаграфіі і малюнкі. За гэтую работу ў 2005-м я атрымала спецыяльны дыплом на Міжнародным Славянскім літаратурным форуме “Залаты Віцязь”.

 

ШЧАСЛІВЫЯ СУСТРЭЧЫ

Кажучы пра самыя каштоўныя здабыткі, творца нязменна ставіць над усім не ролі і званні, а чалавека.

— Галоўнае, дзе б ты ні знаходзіўся, — людзі, з якімі знаёмішся, — лічыць актрыса.

І лёс сапраўды з ёй шчодры: Алу Проліч акружаюць моцныя, неардынарныя і таленавітыя асобы, з якімі яна камунікуе дзесяцігоддзямі. Адмысловае месца ў сэрцы Алы Рыгораўны займае Тамара Цацорыя — кінапрадзюсар і рэжысёр. Іх сяброўства доўжыцца больш за 35 гадоў, і гэта той выпадак, калі прафесійны саюз перарос у глыбокую чалавечую сувязь.

Тамара Цацорыя зняла фільм “З дна вяршыні”, у якім артыстка выканала невялікую, але запамінальную ролю жонкі мэра. Саму карціну Ала Проліч горача рэкамендуе, асабліва моладзі. Шчырая ўдзячнасць гучыць у кожным слове пра тых, хто быў побач на пляцоўцы, за кулісамі ці проста ў жыцці. Для суразмоўніцы асяроддзе — не фон, а самая важная дэкарацыя.

 

У ПЛАНАХ І МАРАХ

Сёння наша гераіня працягвае іграць у спектаклях Тэатра-студыі кінаакцёра і шукае матэрыял для новых пастановак.

— Хочацца ўзяць нешта з сэнсам, пра людзей, — дзеліцца планамі Ала Проліч. — Каб гледачы выходзілі з залы і казалі: “Вось наплакалася...” ці “Насмяялася!”, а не “Ай, добры спектакль, але пра што — не памятаю”.

Яна марыць пра работу, якая “закране душы”: не дастукацца да публікі, пераканана Ала Рыгораўна, артыст не мае права.

Ірына СЛІЖЭЎСКАЯ. Фота з архіва гераіні