Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны — фактар развіцця краіны. Што робіцца апошнім часам у гэтым найважнейшым кірунку?
Пра здабыткі і здзяйсненні распавялі адмыслоўцы падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры.
.jpg)
Падчас прэс-канферэнцыі (злева направа Альгерд Чарняўскі,
Станіслаў Валюк, Павел Трубчык, Наталля Вярэніч)
Начальнік аддзела па арганізацыі навукова-праектнага і метадычнага забеспячэння ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Альгерд Чарняўскі падкрэсліў, што гісторыка-культурная спадчына забяспечвае нацыянальную ідэнтычнасць, таму яе захаванне важнае для перадачы назапашанага ўнікальнага досведу продкаў наступным пакаленням. Яна фарміруе духоўныя каштоўнасці, выхоўвае павагу да гісторыі, прадухіляе разбурэнне нацыянальнага багацця і выклікае пачуццё гонару за сваю Радзіму.
Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі сёння налічвае 5696 аб’ектаў.

У Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку
Апошнім часам былі завершаныя рэстаўрацыйныя работы ва ўнікальным Спаса-Праабражэнскім храме — помніку архітэктуры ў Полацку. Такога аб’ёму жывапісу XII стагоддзя, які захаваўся ў інтэр’еры, ужо няма нідзе ў нашых суседзяў.

Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў у Закозелі
Таксама скончаныя работы ў палацава-паркавым ансамблі Булгакаў у Жылічах Кіраўскага раёна, на шэрагу аб’ектаў Свята-Успенскага Жыровіцкага мужчынскага манастыра ля Слоніма, у капліцы-пахавальні роду Ажэшкаў у Закозелі Драгічынскага раёна і ратушы ў Чачэрску.
Пасля завяршэння першай чаргі рэстаўрацыі і кансервацыі не спыняюцца работы ў Крэўскім замку: цяпер у распрацоўцы праект аднаўлення ўнутрыдваровых пабудоў з магчымасцю экспанавання старажытных падмуркаў, выяўленых падчас археалагічных даследаванняў.

Рамонтна-рэстаўрацыйныя работы
на будынках Нацыянальнага мастацкага музея
Актыўна ідуць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на будынках Нацыянальнага мастацкага музея, Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, у Мінскім турэмным замку, сядзібе Патоцкіх у Беразіне і Старым замку ў Гродне.

Парк Палацава-паркавага ансамбля Булгакаў у Жылічах
У Жылічах пасля завяршэння рэстаўрацыі палаца працягнулі аднаўляць парк.
А калі скончылася рэстаўрацыя фасадаў касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, пачалася рэстаўрацыі інтэр’ера.
Выкананне і завяршэнне работ на многіх аб’ектах стала магчыма дзякуючы фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Помнікі гісторыі і культуры робяцца пунктамі прыцягнення для турыстаў і садзейнічаюць развіццю лакальнай інфраструктуры.

Стравы з таркаванай бульбы
У Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА ад нашай краіны ўключана сем элементаў, у сакавіку 2026 года дасье “Стравы з таркаванай бульбы: традыцыі прыгатавання і спажывання ў Беларусі” накіравана ў Сакратарыят Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. А ў 2027 годзе на пасяджэнні Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны плануецца абарона элемента “Культура беларускай дуды”.

Брацкая магіла савецкіх воінаў-вызваліцеляў
і помнік землякам, в. Ласіцк
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай і сацыяльна-культурнай работы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Станіслаў Валюк распавёў, што пад апекай прафсаюзных арганізацый Беларусі знаходзяцца болей за 9600 гістарычных аб’ектаў па ўсёй краіне. Асаблівая ўвага надаецца захаванню памяці, прадухіленню спробаў скажэння гістарычнай праўды і грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню моладзі.

Ніхто не забыты, нішто не забыта!
Вялікая праца праводзіцца па ўтрыманні ў належным стане, аднаўленні і рэканструкцыі мемарыялаў, брацкіх магіл, воінскіх пахаванняў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной.

Мемарыял "Загінуўшых чакаюць вечна"
ў аг. Доры ў Валожынскім раёне
Работнікі і актывісты Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі бяруць удзел у аднаўленні, рэканструкцыі і добраўпарадкаванні такіх аб’ектаў.

Праект “Захаваем гісторыю”
Сумесна з рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Патрыёты Беларусі” з 2022 года рэалізуецца праект “Захаваем гісторыю”, асноўная ідэя якога заключаецца ў алічбоўцы і агучванні звестак пра памятныя мясціны Вялікай Айчыннай вайны. Ва ўсіх райцэнтрах краіны ўстанаўліваюцца інфармацыйныя шыльдачкі з QR-кодамі, адсканаваўшы якія можна праслухаць аўдыязапіс. Ён распавядае аб гісторыі таго ці іншага месца, дазваляе азнаёміцца з падзеямі, якія там адбываліся, і нават паглядзець гістарычныя кадры. За апошнія чатыры гады алічбаваныя ўжо каля 3618 памятных месцаў.

Моладзевы форум прафсаюзных актывістаў
“Спадчыннікі Вялікай Перамогі”
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі таксама ладзіць мерапрыемствы, накіраваныя на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне маладога пакалення. Летась адбыўся моладзевы форум прафсаюзных актывістаў “Спадчыннікі Вялікай Перамогі”, удзел у якім узялі прадстаўнікі ўсіх гарадоў-герояў Беларусі і Расіі. Сёлета гэты праект атрымаў развіццё ўжо ў Расійскай Федэрацыі, дзе ў канцы лютага ў горадзе Сочы прайшоў міжнародны прафсаюзны патрыятычны форум моладзі “Памяць пакаленняў — залог адзінства”; у яго рамках прадстаўнікі прафсаюзаў Беларусі, Расіі і Кыргызстана надалі вялікую ўвагу захаванню агульнай гістарычнай памяці.
Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Павел Трубчык падкрэсліў, што ў гады Вялікай Айчыннай вайны стаяла пытанне аб захаванні беларусаў як нацыі. Гэта дае адказ на пытанні “Ці патрэбна нам такая колькасць памятных мясцін?” і “Наколькі важна захаванне гістарычнай памяці?”
Ніводная дзяржава ў свеце не пацярпела ад той вайны так, як Беларусь. Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук пастаянна выдае заключэнні на рэканструкцыю памятных знакаў і мемарыяльных комплексаў, прычым гэта не проста работы для паляпшэння іх візуальнага ўспрымання, а яшчэ і ўдакладненне інфармацыі, калі з’яўляюцца свежыя звесткі. Усё гэта знаходзіць адлюстраванне на адноўленых памятных знаках, паколькі значная іх частка была ўстаноўленая яшчэ ў савецкі перыяд.
Таксама Павел Трубчык нагадаў, што Нацыянальная акадэмія навук выступіла з ініцыятывай правядзення акцыі “Народны летапіс Вялікай Айчыннай вайны: успомнім усіх!”, па выніках якой ужо выйшлі пяць кніг і рыхтуецца выпуск шостай.

Сайт letopіs.by
Створаны спецыялізаваны сайт letopіs.by, куды трапляе інфармацыя аб гістарычных падзеях і асобах: такім чынам любы чалавек можа даслаць інфармацыю і захаваць памяць пра сваіх сваякоў, якія былі ўдзельнікамі тых падзей і зрабілі асабісты ўнёсак у Перамогу.
Начальнік аддзела мастацтваў упраўлення культуры Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта Наталля Вярэніч распавяла, што на тэрыторыі сталіцы знаходзіцца больш за 90 воінскіх пахаванняў, дзе спачывае больш за 696 тысяч чалавек. Адно з пахаванняў адносіцца да перыяду вайны 1812 года, па два — да Першай сусветнай і Грамадзянскай, 46 — да Вялікай Айчыннай і 43 — да лакальных войнаў.
Шэраг воінскіх пахаванняў у Мінску маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці: Брацкія воінскія могілкі часоў Першай сусветнай на Старавіленскім тракце, Вайсковыя могілкі на вуліцы Казлова, заснаваныя ў ХІХ стагоддзі, брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, партызан і мірных жыхароў у парку Чалюскінцаў, мемарыял “Масюкоўшчына”, месца масавага пахавання вязняў канцлагера “Дразды” і мемарыяльны комплекс “Трасцянец”.

Мемарыяльны комплекс “Трасцянец”
Летась у Трасцянцы адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, прысвечанага ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
На дзяржаўны ўлік у 2025-м было пастаўлена воінскае пахаванне, размешчанае на Чыжоўскіх могілках. Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні ў месцах пахаванняў праводзяцца замацаванымі прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі адукацыі горада Мінска на пастаяннай аснове, у тым ліку і ў рамках месячнікаў па навядзенні парадку напярэдадні адпаведных дзяржаўных свят і памятных дат.

Мемарыял “Масюкоўшчына”
У снежні 2025 года пры падтрымцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, пракуратуры горада Мінска, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Мінгарвыканкама былі падрыхтаваныя матэрыялы для павышэння катэгорыі мемарыяла “Масюкоўшчына” да гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння.
Воінскія пахаванні ўтрымліваюцца ў парадку і знаходзяцца ў здавальняючым стане, маюць пашпарты і дзяржаўныя знакі ў адпаведнасці з устаноўленай формай.
Летась прайшоў конкурс на стварэнне праектаў памятнага знака, прысвечанага ўдзельнікам Мінскага падполля ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якое было адным з самых буйных і актыўных у акупаванай Еўропе і ўключала ў сябе некалькі напрамкаў: антыфашысцкую барацьбу, выратаванне насельніцтва і дапамогу партызанам. Адкрыць знак плануюць у скверы 80-годдзя Перамогі непадалёк ад станцыі метро “Фрунзенская” да 9 Мая. Па выніках конкурсу эскізных праектаў аўтарамі памятнага знака сталі Сяргей Логвін і Анастасія Сіпач. Замоўцам скульптурнай экспазіцыі выступіў Беларускі культурны цэнтр духоўнага адраджэння, стварэнне памятнага знака ажыццявілі за кошт сродкаў гарадскога бюджэту.

Стары замак у Гродне
Помнікі архітэктуры і гістарычныя мясціны захоўваюць бясцэнныя веды пра мінулае, побыт і норавы нашых продкаў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Культурная спадчына неабходная для развіцця краіны і грамадства, а доступ да яе аб’ектаў павышае ўзровень адукаванасці насельніцтва.
Акрамя таго, помнікі і славутасці прывабліваюць турыстаў, якія папаўняюць бюджэт. Каштоўнасці мінуўшчыны паўсюль, яны атачаюць нас штодзень — і ў нетрах зямлі, і на вуліцах вёсак ды гарадоў, і ў памяці людзей, што былі сведкамі даўніх падзей. Варта толькі кожнаму больш пільна ставіцца да слядоў гісторыі, разам берагчы нашу агульную спадчыну не адно для сябе, але і з думкай аб новых пакаленнях.
Антон РУДАК. Фота аўтара, Святланы Чэкалавай,
з архіва "К" і Нацыянальнага прэс-цэнтра