Дакрануцца пэндзлем да гісторыі

Студэнцкая рамантыка звычайна не суадносіцца з адукацыйным працэсам, але ў гэтым выпадку ўсё супала. Будучыя мастакі-манументалісты з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў правялі пару тыдняў у барочным палацы, аброслым цікавай гісторыяй і вусцішнымі легендамі. Студэнты змаглі спрычыніцца да рэстаўрацыі насценнага жывапісу, якому болей за 200 гадоў.

 

СВЯЦКАЯ ДЖАКОНДА

Яшчэ не так даўно ў шыкоўным палацава-паркавым ансамблі ў Свяцку панавала запусценне, але цяпер адноўлены помнік спадчыны актыўна прымае турыстаў. Паралельна ў інтэр’ерах працягваюцца рэстаўрацыйныя работы. Прычым іх аб’ёмы толькі павялічваюцца — па меры прасоўвання даследаванняў.

Гэтак напрыканцы 2025-га адразу ў трох залах палаца былі выяўленыя невядомыя раней роспісы ў тэхніцы грызайль, якія шмат гадоў таіліся пад слаямі тынкоўкі і фарбы. Знаходку адразу назвалі сенсацыйнай: бадай нідзе ў Беларусі свецкі насценны жывапіс мяжы XVIII і XIX стагоддзяў не ацалеў у такім аб’ёме!

Тую ж выяву старажытнарымскай багіні Мінервы недарэмна ахрысцілі “беларускай Джакондай”. Імёны аўтараў роспісаў даследчыкам яшчэ належыць выявіць. Згодна з папярэдняй гіпотэзай, мастакі былі з нашых краёў, а іх настаўнікі яўна паходзілі з таго ці іншага цэнтра сусветнага мастацтва. Вось вам прыклад пераемнасці традыцый.

— Калі ўпершыню пабачыла такія фрэскі, у мяне ажно дыханне заняло, — прызнаецца мастачка і выкладчыца БДАМ Елізавета Янкова. — Найперш адчула вялізны гонар за родны край — з той прычыны, што ў нас ёсць мастацкія каштоўнасці такога высокага ўзроўню. Гэта выкшталцоны жывапіс, зроблены сапраўднымі майстрамі!

 

УКЛЮЧАНАСЦЬ У ПРАЦЭС

Цяпер кваліфікаваныя мастакі-рэстаўратары рупліва і няспешна шчыруюць над тым, каб аднавіць колішняе хараство інтэр’ераў палаца ў максімальна аўтэнтычным выглядзе. Гэтай зімой вось ужо ў другі раз ім на дапамогу выправіліся студэнты БДАМ.

— Такія “палявыя” выезды для навучальнага працэсу вельмі карысныя. У студэнтаў хутка з’яўляецца разуменне, дзеля чаго і як ім далей вучыцца, на што рабіць акцэнты, — перакананая Елізавета Янкова. — Адна справа, калі мастак-манументаліст у майстэрні распрацоўвае праекты для нейкай уяўнай прасторы, і зусім іншая — калі прыязджае на рэальны аб’ект, дзе ёсць канкрэтныя задачы, аб’ёмы, тэрміны, свая дысцыпліна…

Вельмі важна, каб, прыступаючы да выканання задачы, студэнт адразу разумеў, з якім матэрыялам і з якімі прасторавымі ўмовамі давядзецца сутыкнуцца. Ухіл на практыку ў навучанні манументалістаў рабіўся заўсёды, і гэта правільна. Зразумела, на такім каштоўным аб’екце сур’ёзную работу пачаткоўцам не давяраюць. Яны выконваюць функцыю свайго кшталту чаляднікаў — размяшаць фарбы, памыць пэндзлі…

Аднак добрай узнагародай за дапамогу становіцца магчымасць стасункаў з кваліфікаванымі мастакамі-рэстаўратарамі, удумлівае назіранне за іх працай — і, адпаведна, трансляцыя карыснага досведу, лепшая за любыя майстар-класы.

 

СКЛАДАНЕЙ ЗА ТВОРЧАСЦЬ

Стварэнне арыгінальных манументальных твораў і рэстаўрацыя набыткаў тваіх папярэднікаў — гэта прынцыпова розныя рэчы. У першым выпадку аўтарскі падыход толькі вітаецца, а ў другім ён цалкам залішні. Тут “законы гульні” дыктуе арыгінал, патрабуючы ад сучасніка максімальна дакладнага аднаўлення. На пытанне, які з гэтых падыходаў вымагае больш высілкаў, Елізавета Янкова адказвае адназначна: рэстаўрацыя разоў у дзесяць складанейшая.

— Фрэска, якую давялося аднаўляць непасрэдна мне, — гэта лірычны італьянскі пейзаж, свайго кшталту імітацыя прарыву ў неба, — распавядае яна. — Ад яго ацалеў хіба невялікі фрагменцік з кронай дрэва. На шчасце, захаваўся фотаздымак 30-х гадоў — чорна-белы і не надта выразны. І вось, абапіраючыся на гэтыя дзве крыніцы, мне належала аднавіць роспіс цалкам, патрапіўшы ў стылістыку і танальнасць арыгінала. Фактычна ўхапіць “руку” таго мастака, які жыў болей за два стагоддзі таму. Гэта для мяне стала сапраўдным прафесійным “чэленджам”.

Магчыма, для кагосьці са студэнтаў удзел у працах у Свяцку зробіцца лёсавызначальным: чэленджы-рэстаўрацыі многіх натхняюць. Балазе попыт на такіх спецыялістаў, мяркуючы па ўсім, будзе высокім, ды і поле для іх дзейнасці ў Беларусі немалое.

Зрэшты, далёка не факт, што кожны звяжа сваю прафесійную будучыню менавіта з рэстаўрацыяй звяжа сваю прафесійную будучыню менавіта з рэстаўрацыяй — без сумневу, працы для манументалістаў хопіць і на сучасных аб’ектах. Аднак знаёмства з метадалогіяй аднаўлення старадаўніх фрэсак у кожным разе будзе для маладзёнаў карысным — хаця б для пашырэння светапогляду, што для творцы немалаважна.

— Рэстаўрацыя — гэта цікавы і захапляльны працэс, — перакананая Елізавета Янкова. — Ты нібы ўласнай асобай уступаеш у дыялог з мінулымі вякамі ды іншымі пакаленнямі мастакоў, атрымаўшы магчымасць літаральна сваімі рукамі, сваім пэндзлем дакрануцца да гісторыі беларускага мастацтва. Моладзь гэта інтрыгуе і матывуе. Таму сваёй выправай у Свяцк студэнты былі вельмі задаволеныя, нават з’язджаць не хацелі.

Ілья СВІРЫН. Фота з архіва гераіні і NewGrodno.by