Крок за крокам да ўласных вяршынь рухаецца ансамбль народнага танца “Крокі” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. Срэбны медаль Першых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў краін — удзельніц ШАС стаў адным з яскравых дасягненняў на плённым шляху.

З АДВАЖНАГА РАШЭННЯ
Гісторыя калектыву пачалася з адважнага рашэння.
— Выкладаю народны танец у Мінскім дзяржаўным каледжы мастацтваў 15 гадоў, — згадвае кіраўніца ансамбля Таццяна Шчучко. — У 2018-м з таленавітымі выхаванцамі вырашылі паехаць у Маскву на конкурс Folk of Dance — маштабны тэлевізійны праект. Шчыра кажучы, хваляваліся.
На той момант у нас яшчэ не было нават назвы — проста студэнты, якіх набіраю і суправаджаю да выпуску. Назва “Крокі” з’явілася раптам, з самога працэсу навучання. Яна пра рух, паслядоўны і няспынны, дзе кожны этап лагічна вырастае з іншага і адкрывае наступную вяршыню.
Дэбют аказаўся паспяховым: у Маскве гурт атрымаў першае месца. З таго часу творчае жыццё напоўнілася канцэртамі, конкурсамі і паездкамі — і такі рытм захоўваецца.
У ВІРЫ ТАНЦА

Праца ў ансамблі, дзе склад пастаянна абнаўляецца, мае асаблівую дынаміку.
— Курс выпускаецца — і вяртаешся да пачатку, — тлумачыць выкладчыца. — На трэцім студэнты па-сапраўднаму раскрываюцца, на чацвёртым — гэта ўжо каманда, члены якой адчуваюць адно аднаго з паўслова. Яны мацнеюць з кожным годам — і раптам свежы набор… Няпроста. Але для педагога ў тым і магчымасць: новае пакаленне прыносіць досвед. Лепш разумееш сябе, бачыш памылкі, нешта карэкціруеш — і таксама расцеш.
Нягледзячы на змену выканаўцаў, у аснове заўсёды — беларускі танец. Пастаноўкі працягваюць жыццё: захоўваюць сутнасць, знаходзяць чарговае ўвасабленне на сцэне.
— Мы ў актыўнай культурнай прасторы, шмат выступаем. Ва ўсіх мерапрыемстваў — свае патрабаванні. Таму ў рэпертуары ёсць і эстрадныя нумары, — адзначае Таццяна Мікалаеўна.
СВЯДОМЫ ВЫБАР

Стварэнне пастаноўкі — працэс тонкі: тут вырашае не толькі прафесійны разлік, але і ўнутраны імпульс.
— Усё пачынаецца з музыкі. Калі яна “твая”, калі захоплівае — працаваць лёгка. Вельмі важна, каб у дзяцей гарэлі вочы, тады нумар нараджаецца хутка. Як прызнаюцца юныя артысты, гэтае захапленне — натуральны стан. Для кожнага танец — свядомы выбар і справа, якой варта аддавацца поўнасцю.
— У нас ёсць традыцыя: перад выхадам становімся ў круг, кладзём рукі разам і крычым: “Па кайф!” — расказвае пра рытуал удзельніца ансамбля Лізавета Куянічэнка. — Зараджаем адно аднаго — і з такім настроем накіроўваемся на сцэну.
Адчуванне згуртаванасці захоўваецца і па-за выступленнямі.
— Часам здаецца, што яны пастаянна побач — і я з імі. Гэта ўжо другая сям’я, — распавядае Таццяна Шчучко.
КУЛЬТУРНЫ ДЫЯЛОГ

З агульнай сабранасці і вырастаюць вынікі. З году ў год “Крокі” ўпэўнена заяўляюць пра сябе на розных конкурсах. Сёлета прадставілі Беларусь на Першых маладзёжных Дэльфійскіх гульнях у Бішкеку ў намінацыі “Народны танец” — і вярнуліся са срэбным медалём. Ён дае калектыву магчымасць разлічваць на прэмію спецыяльнага фонду Прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі.
Ансамбль ужо быў яе ўладальнікам у 2023 і 2024-м. Аднак галоўнае не зводзіцца да ўзнагарод.
— Бішкек стаў месцам жывых сустрэч і ўзаемнага адкрыцця, — адзначае педагог. — Нас акружалі такія ж зараджаныя, шчырыя, гатовыя дзяліцца сваім людзі. Цікавіла ўсё — ад традыцый і касцюмаў да звычак і манеры камунікацыі. Для замежнікаў беларуская культура — экзатычная: яны ўважліва вывучаюць вышыўку, просяць сфатаграфавацца, распытваюць пра дэталі. І тое, што для нас — натуральная сцэнічная мова, для гледача, які рос у іншым кантэксце, — адметная рыса.
Кожнае выступленне для артыста — заўсёды гутарка, што патрабуе водгуку.
— Вельмі хочацца аддачы. Калі зала жыве разам з намі, гэта ўзмацняе ўражанне ўдвая. А што да конкурснай барацьбы — калі бачым, што нехта лепшы, пытанняў няма. Такія моманты падштурхоўваюць працаваць дакладней, чысцей, каб не пакідаць падстаў для сумненняў, — прызнаецца ўдзельніца калектыву Дар’я Ляшкова.
ДЗЕЛЯ БУДУЧЫНІ

Разважаючы пра ролю народнага танца сёння, моладзь гаворыць проста і трапна:
— Гэта наш ДНК-код, нешта, закладзенае ўнутры. Кожны народ — са сваім характарам, гісторыяй. У танцы захоўваецца тое, што немагчыма штучна паўтарыць, — рытм культуры, яе памяць, дыханне. І, напэўна, галоўнае — здольнасць заставацца пазнавальным.
Крок за крокам — ад выступлення да выступлення, ад сцэны да сцэны — хлопцы і дзяўчаты адкрываюць свет, сябе ў ім і нясуць тое, што нельга страціць. І пакуль гэты рух працягваецца, беларуская традыцыя жыве, развіваецца, узба гачаецца новымі адценнямі і знаходзіць месца ў будучыні.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва калектыву