Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка носіць імя беларускага паэта і перакладчыка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Паўла Кузьміча Пранузы. Грунтоўную работу, прысвечаную яму, установа прадставіла на ХХХІІІ Рэспубліканскі конкурс “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”, дзе атрымала дыплом ІІ ступені ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”.

СЦЕЖКАМІ ПАЭТА
У Нясвіж малады Павел Прануза трапіў пасля Перамогі ў 1945-м. Ён, выпускнік філалагічнага факультэта Гомельскага педінстытута, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў мясцовым педвучылішчы імя Я. Коласа, а потым — у гарадской СШ № 3. Друкавацца пачаў у 1936-м у раённай газеце “Сталінец”. У гады Вялікай Айчыннай — а служыў творца ў зенітнай артылерыі — публікаваўся ў вайсковых і франтавых перыядычных выданнях.
Паўлюк Прануза — аўтар 16 зборнікаў паэзіі. Гэтыя і іншыя цікавыя звесткі пра літаратара можна знайсці ў краязнаўчай зале ўстановы. Там дзейнічае пастаянная экспазіцыя, прысвечаная яму.

— За шматлікія гады, падтрымліваючы сувязь з людзьмі, якія ведалі Паўла Кузьміча, музей папоўніўся рукапісамі, кнігамі з дароўнымі надпісамі, відэа- і аўдыякасетамі, — расказвае дырэктар бібліятэкі Аксана Рыжыкава. — Частку экспанатаў паднёс пры жыцці сам Павел Прануза. Частку перадалі суседзі, знаёмыя, калегі, родныя.
Экспазіцыя, па словах Аксаны Уладзіміраўны, збіралася больш як 10 гадоў. Праца не спыняецца і цяпер.
— Мы сталі дасылаць лісты ва ўстановы, якія маглі мець хоць якую-небудзь інфармацыю пра паэта, — працягвае кіраўніца. — І падчас гэтых пошукаў у 2023-м пашчасціла звязацца з Валянцінай Коцікавай, блізкай сяброўкай Паўла Кузьміча. Валянціна Іванаўна падарыла ўнікальныя матэрыялы, знітаваныя з жыццём і дзейнасцю аўтара: аўдыя з інтэрв’ю, рукапісныя тэксты, фотаздымкі, відэа, газеты. Самымі ж каштоўнымі з’яўляюцца дакументы, якія мы аб’ядналі для выпуску кнігі “Акуніся ты ў крыніцу”. Назву ёй даў аднайменны верш.
ЛІТАРАТУРНАЕ СВЯТА
У дзясяты раз сёлета на базе бібліятэкі пройдзе фестываль, прысвечаны творчасці Паўла Пранузы. Імпрэза праводзіцца пры актыўным удзеле літаратараў, якія былі асабіста знаёмыя з Паўлам Кузьмічом, даследчыкаў яго спадчыны, аматараў прыгожага, педагогаў, навучэнцаў каледжа і школ горада.
— Хочацца падзякаваць дачцэ паэта — Алене Паўлаўне Лявіцкай, якая падтрымлівае ідэю мерапрыемства і штогод узбагачае яго ўспамінамі пра роднага чалавека, а нашу скарбніцу — усё новымі і новымі рэчамі, — падкрэсліла Аксана Уладзіміраўна.
Да фестывалю ва ўстанове арганізоўваюць тэматычныя выставы, якія дапаўняюцца матэрыяламі мясцовага гісторыка-краязнаўчага музея. Вельмі важна, па меркаванні бібліятэкараў, што падзея з кожным разам збірае ўсё больш прыхільнікаў вершаваных радкоў. Да яе далучаюцца і сябры Саюза пісьменнікаў Беларусі. За гады існавання наладжаны творчыя стасункі з Анатолем Бутэвічам, Міколам Маляўкам, Уладзімірам Ліпскім, Ірынай Карнаухавай, Святланай Быкавай, Таццянай Цвірка, Галінай Нупрэйчык, Міхасём Пазняковым, іншымі знакавымі асобамі. У межах свята традыцыйна рыхтуюць рэаліці-шоу “Шанц для нявыдадзенай кнігі”, шматлікія іншыя цікавінкі.

ДЛЯ ДАРОСЛЫХ І ДЗЯЦЕЙ
Фестывальны рух і даследчая праца прыносяць плён. Наведвальнікі ўсё часцей звяртаюцца па работы Пранузы, выступаюць з прапановамі. У бібліятэцы праводзіцца конкурс юных чытальнікаў “Чытаем Паўлюка Пранузу”. Да ўдзелу запрашаюць навучэнцаў адукацыйных устаноў горада і раёна. Аўтарытэтнае журы, у склад якога ўваходзяць чальцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, вызначае пераможцаў. Ім уручаюцца ганаровыя дыпломы і памятныя падарункі.
— Гэты конкурс, як, дарэчы, і іншыя мерапрыемствы, што ладзяцца ў нас для дзяцей і дарослых, выклікае цікавасць і спрыяе развіццю чытання, прыцягваючы новых наведвальнікаў, — распавядае дырэктар.

Па словах Аксаны Уладзіміраўны, хлопцы і дзяўчаты не толькі дэкламуюць прыгожыя радкі, але і прэзентуюць сапраўдныя пастаноўкі! Напрыклад, па матэрыялах, забяспечаных скарбніцай, тэатральная студыя “Раптам” Нясвіжскай школы мастацтваў падрыхтавала спектакль, прысвечаны Паўлу Кузьмічу. Падобныя імпрэзы — добрая традыцыя, і кожны год бібліятэкары запрашаюць моладзь праз творчую працу знаёміцца з кнігамі беларускіх аўтараў.
Арганізоўваюцца конкурсы ілюстрацый да вершаў літаратара. У гэтых спаборніцтвах удзельнічаюць вучні ДШМ і агульнаадукацыйных школ. Па выніках выдаюцца буклеты з найлепшымі работамі юных мастакоў.

— Праекты, якія мы ладзім пад Пранузавай зоркай, заўсёды прывабліваюць землякоў. Мерапрыемствы насычаны музыкай паэтычнага радка і любоўю да кнігі. Дзякуючы ім чытачы спасцігаюць глыбіню вобразаў, адчуваюць гонар за родны край і за тых, хто шмат гадоў таму са зброяй у руках адваяваў наша шчасце жыць пад мірным небам, — падсумоўвае Аксана Рыжыкава.
Ірына СТАНКЕВІЧ. Фота з архіва ўстановы