Клубныя ўстановы Магілёўшчыны ў эпоху лічбавых тэхналогій

Магілёўскі абласны семінар адкрыў новыя гарызонты для развіцця культуры ў эпоху лічбавых тэхналогій.

 

26 мая ў Магілёўскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці і культурна-асветнай работы адбыўся абласны семінар для спецыялістаў клубных устаноў “Сацыяльныя сеткі – адзін з механізмаў папулярызацыі дзейнасці клубных устаноў вобласці”. Мерапрыемства сабрала 25 спецыялістаў, адказных за вядзенне сацыяльных сетак і інфармацыйную падтрымку культурных падзей, – людзей, для якіх лічбавая прастора стала новым полем для творчасці, прасоўвання і ўмацавання іміджу сваіх устаноў.

Мэтай семінара было не проста абмяняцца вопытам, а павысіць узровень прафесійнай кампетэнцыі ўдзельнікаў, узброіць іх сучаснымі інструментамі прасоўвання і зрабіць культуру даступнай для кожнага праз сацсеткі.

У рамках мерапрыемства выступалі журналісты і блогеры, якія падзяліліся практычнымі парадамі па стварэнні прывабнага і карыснага кантэнту, аператыўнасці пры постынгу і прыцягненню ўвагі да культурных мерапрыемстваў.

Спікеры і ўдзельнікі не толькі абмяркоўвалі тэарэтычныя аспекты, але і дзяліліся ўласным досведам. Вольга Бухалаўцава, рэдактар інтэрнэт-рэсурса аддзела інтэрнэт-праектаў інфармацыйнага агенцтва “Магілёўскія ведамасці”, распавяла ўдзельнікам пра сакрэты стварэння тэксту, які лёгка чытаецца.

Блогер Арцём Клімаўцоў падзяліўся сакрэтамі выкарыстання сацыяльных сетак для прыцягнення ўвагі да культурных мерапрыемстваў, падкрэсліўшы, што правільнае афармленне, рэгулярнасць і ўменне ўзаемадзейнічаць з аўдыторыяй – залог поспеху.

У анлайн-рэжыме падзялілася досведам Ангеліна Сарока, рэдактар інтэрнэт-рэсурсу рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва”. Яна распавяла пра тое, якія публікацыі выклікаюць найбольшы водгук у аўдыторыі, казала пра важнасць аператыўнасці публікацый і спосабы зрабіць нават невялікую ўстанову прыкметнай у інфармацыйнай прасторы.

Таксама важную частку семінара склалі выступленні прадстаўнікоў клубных устаноў, якія падзяліліся вынікамі сваёй працы і практычнымі рэкамендацыямі. Загадчыца аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў раённага Цэнтра культуры ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Чавускага раёна” Алеся Далецкая расказала аб павышэнні іміджу клубных устаноў у сацсетках, прыводзячы канкрэтныя прыклады са сваёй дзейнасці.

Загадчык філіяла Моладзевы Цэнтр культуры і вольнага часу “Міраж” ДУК “Цэнтралізаваная клубная сістэма Краснапольскага раёна” Дзяніс Кустаў рапавёў, як выкарыстанне інтэрнэт-рэсурсаў дапамагае прасоўваць культурныя брэнды Краснапольскага раёна.

Кацярына Далганава, галоўны адміністратар ДУК “Палац мастацтваў г. Бабруйска” падзялілася практыкамі працы сваёй установы ў сацыяльных сетках.

Практычная частка, якая ўключала занятак па стварэнні кантэнту ў Instagram і Telegram, дала ўдзельнікам магчымасць не толькі пачуць тэорыю, але і паспрабаваць свае сілы ў стварэнні відэаролікаў. Гэта быў важны крок да таго, каб спецыялісты маглі аператыўна і цікава асвятляць культурныя падзеі, прывабліваць новых наведвальнікаў.

Завяршэннем мерапрыемства стала абмеркаванне перспектыў далейшага развіцця і ўкаранення сучасных метадаў прасоўвання, а таксама абмен вопытам па выкарыстанні новых платформ і інструментаў. Семінар паказаў, што ў эпоху лічбавых тэхналогій культура мусіць быць жывой, актуальнай і даступнай для кожнага. Выкарыстанне сацыяльных сетак – неад’емная частка сучаснага культурнага развіцця, і Магілёўская вобласць дэманструе прыклад таго, як можна і трэба ісці ў нагу з часам.

Крысціна БАШАРЫМАВА, рэдактар УК “Магілёўскі абласны
метадычны цэнтр НТ і КАР”