“Як выйдзем танцаваць, аж клуб разлягаецца!”

Рэспубліканская навукова-метадычная рада па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны падтрымала прапанову аб прысваенні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці традыцыі выканання кадрылі ў Гродзенскай вобласці. Чым адметны элемент, за што яго ўпадабалі тамтэйшыя жыхары і як ён перадаецца маладому пакаленню?

 

На Панямонні кадрылі належаць да распаўсюджаных і любімых танцаў, якія вылучаюцца маляўнічасцю, характарам выканання, складанасцю пераходаў, прасторавага малюнка ды фігур. Існуе мноства варыянтаў кадрылі, кожны з якіх — адрозны ад іншых, уласцівы толькі пэўнай мясцовасці. Так, назвы відаў танца звязаны з канкрэтнымі вёскамі.

 

КАРАНІ ТРАДЫЦЫІ

Фота- і відэаматэрыялы аб бытаванні кадрыляў былі сабраны Гродзенскім абласным метадычным цэнтрам народнай творчасці. Інтэрв’ю з носьбітамі звычаю запісалі падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый супрацоўнікі ўстаноў культуры Ашмянскага, Зэльвенскага, Карэліцкага і Навагрудскага раёнаў. Прапанову аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці падрыхтавала вядучы метадыст па народных традыцыях, абрадах, фальклоры і этнаграфіі Гродзенскага АМЦНТ Ала Бялькевіч.

Яна адзначае, што, як сведчаць адмыслоўцы, кадрыля мае французскае паходжанне. Танец узнік у канцы XVIII стагоддзя і распаўсюдзіўся па еўрапейскіх краінах пад назвамі экасез, катыльён і лансье. У ХІХ стагоддзі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі пачалося асваенне кадрылі. Нягледзячы на тое, што танец адносіцца да катэгорыі асіміляваных, так званых танцаў-прышэльцаў, у народным асяроддзі ён, пераадолеўшы шлях прыпадабнення, зрабіўся арганічным складнікам традыцыйнай харэаграфіі.

Майстар-клас па выкананні кадрылі

Колькасць пар — цотная. Удзельнікі становяцца па вуглах квадрата або ў два шэрагі. У кадрылі некалькі частак — кален, кожнае мае пэўную назву, мелодыю, парадак рухаў.

 

УСЁ ГАРМАНІЧНА

На мяжы XIX—XX стагоддзяў, калі сялянская моладзь шлюбнага ўзросту збіралася на вячоркі, танцы, якія там выконваліся, былі сродкам працоўнага і эстэтычнага выхавання, а таксама значным момантам зносін між хлопцамі і дзяўчатамі, сімвалічным этапам іх збліжэння. Кадрылі, як і іншыя побытавыя танцы, служылі спосабам выказвання павагі адно да аднаго, да музыкантаў, метадам псіхалагічнай разгрузкі, першым крокам да стварэння сем’яў.

Кадрылі суправаджаюцца ансамблем гармоніка, баяна, скрыпкі, цымбалаў і барабана, што спрыяе захаванню народнай музычнай культуры. Сцэнічнае ўвасабленне не абыходзіцца без беларускіх нацыянальных касцюмаў, якія адлюстроўваюць мясцовыя звычаі. Строі дэкарыруюць арнаментам з уласцівай яму палітрай.

 

Танчым разам!

БАГАЦЦЕ КАДРЫЛЯЎ

Як адзначыў у экспертным заключэнні намеснік дэкана факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Гецэвіч, валовіцкая кадрыля была распаўсюджана ў вёсцы Валовікі Ашмянскага раёна, грабаўская — у Грабаве ля Зэльвы, тудараўская — у Тудараве на Карэліччыне, а масцішчанская — у Масцішчы ў Навагрудскім раёне. Носьбіты традыцыі таксама жывуць у Гальшанах, Граўжышках, Кальчунах, Кракоўцы ды Чурках на Ашмяншчыне і ў Цырыне на Карэліччыне. Менавіта чатыры згаданыя варыянты танца ўзяты за аснову элемента гісторыка-культурнай спадчыны.

Гродзенская вобласць вылучаецца найбольшай колькасцю кадрыляў. Дзве з іх, дэмбраўская са Шчучынскага раёна і котчынская з Мастоўскага, ужо дададзены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

 

СВАЕ АДМЕТНАСЦІ

Кадрылі Гродзеншчыны маюць шэраг агульных з іншымі характарыстык: колавая форма, змена кален праз музычныя паўзы, дакладныя назвы кален, іх аб’яўленне ў паўзы, завяршэнне кален і фігур паваротамі пар на месцы. Пры гэтым кожны від танца адрозніваецца лакальнымі асаблівасцямі.

Ансамбль “Жытніца” танчыць валовіцкую кадрылю

Валовіцкая кадрыля з Ашмянскага раёна — кампазіцыйнай пабудовай, багаццем малюнкаў і пераходаў, выкарыстаннем пляскання ў далоні і прытупаў.

Танцавальны калектыў “Зальвяначка” захоўвае традыцыю грабаўскай кадрылі

Грабаўская з Зэльвенскага раёна ўключае рысы вальса, а ў выкананні дзяцей — элементы народнай гульні.

Танцавальны калектыў “Спадчына”, які выконвае тудараўскую кадрылю

Тудараўская кадрыля, якую танцуюць шэсць пар, мае чатыры калены, у той час як большасць кадрыляў, пашыраных на іншых тэрыторыях, — пяць-шэсць кален. Лейтматыў — фігура “Пляцёнка” і папераменнае прасоўванне хлопцаў і дзяўчат па коле. Пры пастаянным руху дзяўчаты вяртаюцца да кавалераў, але не да сваіх, а да тых, якія стаяць наперадзе.

Адрозненне масцішчанскай кадрылі — яна не складаецца з кален, а рухі ідуць па крузе.

Рэгіянальныя адметнасці ёсць у кадрыляў па ўсёй краіне. На Міншчыне танец выконваюць весела, яскрава, ён змяшчае прыгожыя малюнкі і перастраенні, у Віцебскай вобласці — больш гульнёва, тэмпераментна, у Гомельскай — вельмі жыва, але асноўны рух — крок з шорганнем і слізганнем.

На Магілёўшчыне часта сустракаецца бег з невялікім падскокам, а ў Брэсцкай вобласці кадрыля выдзяляецца пастукваннем нагамі ў асноўным кроку.

У Гродзенскім рэгіёне яна танцуецца стрымана, простым крокам,
а галоўны элемент — арыгінальныя перастраенні.

 

АШМЯНШЧЫНА І ЗЭЛЬВЕНШЧЫНА

Дзесяцігоддзямі старанна зберагалі сваю кадрылю насельнікі вёскі Валовікі Ашмянскага раёна. Мясцовая жыхарка і былая кіраўніца ўзорнага ансамбля песні “Званочкі” ў Ашмянах Вера Федарэнка ў 1990-х дала штуршок да захавання амаль зніклай на той момант традыцыі. На чале з Ганнай Раманьковай і Марынай Шурбак удалося апісаць кадрылю.

Гэта хуткі парна-гуртавы танец, што выконваецца з шорганнем нагамі і ўключае пяць кален: “Асноўны ход”, “Бег з ударам абцаса”, “Бег з акцэнтам”, “Праходка” і “Пляскі ў далоні”.

Народны ансамбль народнай песні “Жытніца”

Валовіцкая кадрыля працягвае жыццё дзякуючы ўдзельнікам фальклорна-інструментальнага калектыву “Граўжышкоўскія музыкі”, народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” і народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”.

Грабаўская кадрыля з Зэльвеншчыны была перанята супрацоўнікамі раённага метадычнага Цэнтра народнай творчасці ў 1986 годзе ад носьбітаў, а ў 2006-м да вывучэння скарбу далучыўся харэограф Зэльвенскага дома культуры Цімафей Жукоўскі. Дзякуючы наладжанай пераемнасці сёння кадрылю можа выканаць кожны трэці насельнік краю, а гэта больш за некалькі тысяч чалавек розных узростаў.

Танцавальны калектыў “Зальвяначка” выконвае грабаўскую кадрылю

Яна танцуецца чатырма-васьмю парамі і налічвае восем кален: “Кадрыля грабаўская завадная”, “Круг і шэн”, “Хустачка”, “Цалаванне”, “Мышка”, “Абэрак”, “Вяночак” і “Варотцы”.

Прывядзём успаміны Марыі Сліж з Грабава, якая нарадзілася ў 1929 годзе: “Пачалі танцаваць у клубе, мы яшчэ былі малыя, ад таго пакалення мы танцавалі. Як выйдзем танцаваць, аж клуб разлягаецца!.. Кожная свайму хлопцу кідае хустачку. Калі чужы зловіць, яна тады танцуе з чужым”.

 

КАРЭЛІЧЧЫНА І НАВАГРУДЧЫНА

Тудараўская кадрыля ў Карэліцкім раёне вядомая з зафіксаваных у сярэдзіне XX стагоддзя расповедаў мясцовай жыхаркі Ксеніі Шэўка.

Фальклорны калектыў “Спадчына”

Сёння пераемнік традыцыі — фальклорны калектыў “Спадчына” тутэйшага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Танец выконваецца з аб’яўленнем кален “Выхад”, “Спатканне”, “Праваджанне” і “Лявоніха”, якія адасабляюцца адно ад аднаго музычнымі паўзамі.

Заснавальнік гурта Васіль Чартко згадвае: “Інспектар аддзела культуры мне падказала, што ў вёсачцы Тударава ёсць цудоўная кадрылька. Яна танцавалася на вечарынках, не выносілася на сцэну. Гэтая кадрыля стала візітоўкай нашага раёна. Аднойчы ў Гродне праходзіў фестываль сельскай мастацкай самадзейнасці. На яго тагачасны міністр культуры Юрый Міхневіч сам адбіраў нумары для заключнага канцэрта. І наша кадрыля трапіла”.

Ансамбль “Свіцязь”

Масцішчанская кадрыля з Навагрудчыны запісана ў 1974-м ад Міхаіла Ката і Канстанціна Валенцюкевіча. Загадчык аддзела культурна-масавай работы і народнай творчасці Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Сяргей Ліннік пераняў уменні ад ранейшага дырэктара Масцішчанскага СДК Соф’і Грынько яшчэ ў школьныя гады, калі быў удзельнікам танцавальнага гуртка. Цяпер кадрыля — у рэпертуары ансамбля “Свіцязь” Навагрудскага РЦК і НТ.

На адкрыцці свята "Ганненскі кірмаш"

Пашырэнню нематэрыяльнага скарбу спрыяюць абласныя і раённыя мерапрыемствы, канцэпцыя якіх прадугледжвае актыўнае далучэнне гасцей да выканання кадрыляў. Гэта фестываль “Танцуем па-даўнейшаму” ў Дзітве на Лідчыне, святы “Ганненскі кірмаш” у Зэльве і “Па сцежках спадчыны” ў Вялікіх Азёрках Мастоўскага раёна.

Сёння ў Гродзенскай вобласці традыцыя імкліва развіваецца, танцавальныя калектывы папаўняюць людзі рознага ўзросту, у тым ліку — падлеткі і дзеці, і такім чынам досвед перадаецца з пакалення ў пакаленне.

Антон РУДАК. Ілюстрацыі з прэзентацыі,
прадстаўленай на пасяджэнні рады, і з архіва "К"