Любоў Глазава — уладальніца першай прэміі Міжнароднага конкурсу піяністаў “Мінск-2026” і залатога медаля Першых маладзёжных Дэльфійскіх гульняў ШАС — разважае пра творчасць і выканальніцкае майстэрства, расказвае пра любімых кампазітараў і дзеліцца планамі на будучыню.

— Вы вярнуліся з золатам з Бішкека, а ўжо стартаваў “Мінск-2026”... Такі шчыльны графік — ваша штодзённасць?
— Па шчырасці, гэта хутчэй выключэнне, чым заканамернасць майго жыцця. Падчас вучобы быў адзін год, калі існавала літаральна ад конкурсу да конкурсу. На пяці ці шасці запар пабывала. І ў напружаным рэжыме ёсць плюсы. Можна дасканала адпрацаваць праграму, ды і выканальніцкая форма падтрымліваецца.
— У сталіцы Кыргызстана, дарэчы, гасцявалі ўпершыню?
— Так, але горад толкам і не паспела паглядзець: усе дні правяла ў рэпетыцыях і выступленнях…
— А ў міжнародным конкурсе піяністаў даводзілася ўдзельнічаць раней?
— У 2021 годзе. Месца тады не ўзяла, і вось вырашыла зноў паспрабаваць. Гэта грандыёзная падзея ў культурным жыцці нашай краіны, прапусціць якую проста недаравальна. Да таго ж спаборніцтва ладзіцца дома, а значыць — ніякіх расходаў на дарогу і мінімум стрэсу ад абстаноўкі. Праўда, адказнасць, калі выступаеш на роднай зямлі, адчуваецца нашмат мацней…
— Як уражанні ад “Мінска-2026”?
— Арганізацыя была бездакорнай! Патрабуюцца сапраўды тытанічныя намаганні, каб усё прайшло на такім высокім узроўні. Для заняткаў і рэпетыцый ствараліся неверагодна камфортныя ўмовы, кожны тур праходзіў у Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Нямногія конкурсы сёння прапануюць маладым выканаўцам такую грандыёзную прастору для самавыяўлення! З мноствам удзельнікаў, дарэчы, была даўно знаёмая. Але бліжэй за ўсё сышлася, вядома, з фіналістамі.
— Самы запамінальны момант спаборніцтва — гэта…
— Заключны канцэрт! Такі яскравы і магутны фінал насычанага творчага шляху.
— Раскажыце, калі ласка, пра вашу праграму.
— У першым туры прагучалі творы Вольфганга Моцарта, Фрэдэрыка Шапэна, Сяргея Ляпунова і Галіны Гарэлавай. У другім — Ферэнца Ліста і Сяргея Рахманінава, рапсодыю якога прадставіла і на заключным этапе.
— А страх сцэны пасля столькіх маштабных выступленняў яшчэ застаецца?
— Пакуль ён са мною… І гэта абсалютна нармальна! Мне, наадварот, дзіўна ўяўляць, што хтосьці дзеліцца творчасцю з вялікай колькасцю людзей — і пачуваецца роўна, звыкла ці нават абыякава…
— Не ўзнікала жадання апынуцца “па тым баку” — у ролі суддзі?
— Ацэньванне — такі тонкі працэс… Эмацыйнаму і чулліваму чалавеку часам складана праявіцца ў атмасферы конкурсаў. Нервовая сістэма прыходзіць у падвышаную баявую гатоўнасць, і рэй вядуць, здараецца, унутраныя заціскі... Трэба яшчэ паднабрацца педагагічнага досведу, каб дзейнічаць як мага больш слушна і ўзважана, каб не праглядзець сапраўдны талент.
— Колькі, дарэчы, займаецеся выкладаннем?
— На падрыхтоўчым аддзяленні Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі працую з 2023 года, на кафедры спецыяльнага фартэпіяна — з 2024-га.
— Як пачуваецеся ў прафесіі?
— Магчымасць дзяліцца ведамі, назіраць за маладым музычным пакаленнем — усё гэта прыносіць неверагодную радасць! Часам, праўда, засмучае, калі вучні не разумеюць, колькі намаганняў трэба прыкласці дзеля жаданага выніку.
— А помніце той запаветны момант, калі ўсвядомілі сваё музычнае пакліканне?
— З маленства захаплялася многім… Сур’ёзна задумвалася пра журналістыку і рэжысуру. Нейкі час хацела нават стаць стаматолагам, але ў цэлым больш імкнулася да творчых прафесій. І вось па даўняй сямейнай традыцыі бацькі аддалі мяне ў музычную школу на фартэпіяннае аддзяленне. Дома быў інструмент, і старэйшыя сёстры ўвесь час нешта ігралі, а я назірала і ўбірала кожную мелодыю! Першыя акадэмічныя поспехі з’явіліся хутка, і неўзабаве прыйшло разуменне: хочацца стаць піяністкай.
— Раскажыце, калі ласка, пра вашых любімых кампазітараў.
— Як і многія, напэўна, назаву перш за ўсё Сяргея Васільевіча Рахманінава. Вельмі люблю рамантыкаў. Ферэнца Ліста. З беларускіх аўтараў — Галіну Канстанцінаўну Гарэлаву, з якой блізка знаёмая па акадэміі. Наогул падабаюцца творы, дзе ёсць нейкі ўтоены сюжэт. Цудоўна часам ажывіць яго, напоўніць уласнымі пачуццямі!

— Чым зоймецеся зараз, удалечыні ад конкурсных хваляванняў?
— Буду навёрстваць прапушчаныя заняткі са студэнтамі, развучваць новыя сольныя праграмы. Адну з іх — “Танцавальную рапсодыю” — спадзяюся прадставіць напрыканцы мая. Прагучыць музыка для вальса, мазуркі, паланэза, аргенцінскіх і іспанскіх танцаў. Рэпертуар наўмысна падабраны так, каб завабіць нават непадрыхтаванага слухача.
— Дзе зможам пачуць вас?
— Хутчэй за ўсё, у Лошыцкай сядзібе і духоўна-культурнай прасторы “Каўчэг”. Завітайце! Абяцаю пагрузіць у свет цудоўнай фартэпіяннай музыкі!
Віялета ГРЫНКЕВІЧ. Фота Уладзіміра ШЛАПАКА