«Гармонія свету неглюбскіх ткачых»

Апублiкавана: 06 мая 2026 Афiша Музеі Мінск

Аўтар: Служба інфармацыі

З 7 мая ў выставачным корпусе Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, у зале № 2, пачне працу праект «Гармонія свету неглюбскіх ткачых». Экспазіцыя прысвечана традыцыйнаму ткацтву вёскі Неглюбка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці.

9 снежня 2026 года на 20-й сесіі Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА ў Нью-Дэлі было прынята рашэнне аб афіцыйным уключэнні неглюбскай тэкстыльнай традыцыі Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА, які мае патрэбу ў тэрміновай ахове.

Неглюбскае ткацтва ўяўляе сабой унікальную з'яву беларускай народнай культуры, што захавала архаічныя рысы і складаную сімволіку. Традыцыя, якая сфармавалася ў XVII стагоддзі, уключае стварэнне ручнікоў, прадметаў адзення і інтэрʼеру з выкарыстаннем самабытных тэхнік ткацтва і вышыўкі. Цяпер традыцыя працягвае актыўна развівацца.

На выставе будуць прадстаўлены разнастайныя творы мастацкага ткацтва выбітных майстрых, а таксама традыцыйны касцюм вёскі Неглюбка і розныя аўтэнтычныя рэдкія аксесуары.

У рамках выставачнага праекта «Гармонія свету неглюбскіх ткачых» музей знаёміць наведвальнікаў з роляй неглюбскіх ткачых у культурным жыцці Беларусі. Ткацтва ў дадзенай лакальнай традыцыі выступае не толькі як рамяство і крыніца бытавых тканін, але і як механізм захавання памяці, мастацкай мовы і пераемнасці ведаў.

Асаблівай увагі заслугоўвае мастацкі бок рамяства. Тэкстыль у Неглюбцы – носьбіт арнаментальнай сістэмы: адны з найбольш архаічных і старажытных узораў, узрост некаторых з якіх складае ад 3 да 5 тысяч гадоў, дайшлі да нашых дзён на ручніках і прадметах побыту як асаблівае зашыфраванае апавяданне пра светабудову і фундаментальныя каштоўнасці чалавецтва.

На выставе прадстаўлена каля 50 твораў тэкстылю з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыю традыцыйнага ткацтва вёскі Неглюбка дапаўняюць шэраг інструментаў для апрацоўкі лёну, прадметы тэкстылю, прадастаўленыя партнёрам праекта – Беларускім Дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, а таксама рэдкія элементы касцюма, аксесуары і фотаматэрыялы з фондаў партнёра праекта – Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф.Р. Шклярава.

Выстава працуе да 27 ліпеня 2026 года.