Як развіваецца фартэпіяннае выканальніцтва? Якія адкрыцці падарыў VII Міжнародны конкурс піяністаў “Мінск-2026”, што праходзіў у сталіцы ў красавіку? Ёсць нагода паразважаць,

АД МІНУСА ДА ПЛЮСА
“Мінск-2026” вылучыўся добрай арганізацыяй. І прадэманстраваў высокі выканальніцкі ўзровень: прафесіяналізм удзельнікаў не выклікаў сумневаў. А гэта значыць, што наш конкурс ужо мае сваё рэнамэ і не страчвае заваяваных пазіцый — наадварот, набірае абароты, даючы новае разуменне віртуознасці, адпаведнае сучаснасці.
Сёння замала мець добрую тэхніку, граць хутка і гучна. Гэта даўно ўжо стала не фінальнай, а стартавай пазіцыяй. Цяперашнія патрабаванні тычацца прыгажосці гучання, тэмбравых магчымасцей інструмента, якія ў кожнага з піяністаў маюць сваю афарбоўку. Але галоўным застаецца сама асоба музыканта — тое, што ён хоча данесці сваім выкананнем.

Зазвычай гэта відавочна ўжо пры першым дотыку піяніста да клавішаў. Існуюць дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі. Адна — усё правільна, дакладна, нават быццам бы дасканала, ды... нецікава. Другая — нягледзячы на магчымыя хібы, хочацца слухаць яшчэ і яшчэ. Быццам перад намі разгортваецца гісторыя ці казка з непрадказальным сюжэтам, нечаканымі паваротамі — са сваёй уласнай логікай у акрэсленай сістэме каардынат.
Вядома, ідэальным варыянтам з’яўляецца гарманічнае спалучэнне тэхнікі і адметнай ідэі. Але дасягнуць найвышэйшай планкі дадзена не ўсім. І што рабіць? Ператварыць мінус у плюс. Адчуць сябе мастаком, у распараджэнні якога толькі пэўныя колеры, а не ўся палітра. І абгрунтаваць выбар менавіта гэтых выразных сродкаў асаблівасцямі канцэпцыйнага рашэння. Тым самым знайсці сваю разыначку. Гэта, вядома, не гарантуе перамогу на конкурсе, але дапаможа выявіць уласную адметнасць — і прыцягнуць сваю публіку.

Першы намеснік міністра культуры Дзмітрый Шляхцін выказаў надзею, што
конкурс адкрые для яго ўдзельнікаў новыя творчыя шляхі і са свайго боку
паабяцаў: у хуткім часе ў лаўрэатаў з'явіцца магчымасць праявіць сябе
на адной з найважнейшых і ганаровых музычных сцэн краіны.
АД ВУЧНЯ ДА АРТЫСТА
Хтосьці іграў настолькі старанна, што адчувалася вучнёўства. Быццам выступаў для выкладчыка, каб атрымаць яго ўхваленне. Іншы працаваў на публіку. Ды так прыўзнята тэатральна, што гэта нагадвала акцёрскія прыёмы нямога кіно.
А былі тыя, якія музыцыравалі таму, што сама душа просіць. Бо іначай немагчыма. І тыя ж самыя эмоцыі выяўлялі ўласна ў музыцы. Гукам. Без аніякай вампукі, залішняй празмернасці — проста, натуральна. Быццам у гэткай “кінаманеры”, адпаведнай сучаснаму тэатральнаму мастацтву. І таму вельмі выразна! Не плакатнай тушшу-гуашшу, а алеем, акварэллю — у залежнасці ад стылю і фактуры.
Шмат казаў пра выканаўцу выбар — асабліва беларускага твора ў першым туры і вольнай праграмы ў другім. Хтосьці звяртаўся да найбольш папулярнай музыкі, а хтосьці шукаў не самыя “раскручаныя”, часам прызабытыя ці, наадварот, новыя опусы — не менш цікавыя і актуальныя. І гэта таксама выяўляла выканальніцкую індывідуальнасць.

АД УДЗЕЛЬНІКА ДА ПЕРАМОЖЦЫ
Кропкі над “і” расставіў трэці тур з аркестрам. Двойчы з рознымі дырыжорамі гучала Рапсодыя Рахманінава на тэму Паганіні. У студэнткі Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Аляксандры Дзедзік (дыпламант) — з падкрэсленнем прынцыпу гульні, але як набор асобных варыяцый-мініяцюр.

Любоў Глазава
У нашай Любові Глазавай (І прэмія) — цэласна, з вельмі лагічнымі пераходамі, шалёнай энергетыкай, унутраным рухам нават у павольных фрагментах, скіраванасцю музыкі ў ХХ стагоддзе (дырыжор Аляксандр Анісімаў).
Студэнт Маскоўскай кансерваторыі Марк Рудэнка (дыпламант) невыпадкова іграў на гала-канцэрце эцюды Пракоф’ева: вельмі ўразіў іх бліскучым выкананнем на другім туры. У Першым канцэрце Ліста зноў скарыў дробнай тэхнікай, выразнай фразіроўкай, казачна-серабрыстымі вярхамі.

Дзмітрый Беразняк
Яшчэ адзін прадстаўнік той жа ВНУ Дзмітрый Беразняк (ІІ прэмія) “зачапіў” яшчэ ў першым туры — прыгажосцю гуку. У другім — дзвюма санатамі: Скарлаці (яе ж ён выканаў на гала-канцэрце) і сучаснага аўстралійскага кампазітара Карла Вайна. У Трэцім канцэрце Рахманінава — кантыленай, палётнасцю дробнай тэхнікі.

Аляксандр Данілаў
Другую прэмію падзяліў з ім наш Аляксандр Данілаў. У яго інтэрпрэтацыі Другога канцэрта Рахманінава была добра выяўлена і данесена драматургія, развіццё думкі. А свежасць выканання добра знаёмай музыкі нагадвала прамень святла, што раптам змяняе ракурс успрымання. Пры ўсёй сваёй тэхнічнай аснашчанасці (у другім туры і гала-канцэрце піяніст граў надзвычай складаную фантазію Балакірава “Ісламей”), творчай крэатыўнасці (пра гэта сведчыла ўласная Прэлюдыя ў вольнай праграме) саліст паўстаў яшчэ і мудрым філосафам, удумлівым даследчыкам. Бо шчырасць, адкрытасць выканання, неверагодныя градацыі гуку ад шквалу да гулкай цішыні нідзе не засланялі аб’ёмнасці сэнсу.

Ганна Валеева
На трэцюю прыступку ўзнялася Ганна Валеева — нядаўняя выпускніца, а цяпер выкладчыца Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, якая абрала Другі канцэрт Шастаковіча і паспрабавала спалучыць у ім малады задор крайніх частак з нечаканым, засяроджана трагічным адценнем сярэдняй. Сімвалічна, што закрыццё конкурсу стала адначасова адкрыццём 41-га фестывалю “Мінская вясна”, прысвечанага сёлета 30-годдзю спецыяльнага фонду Прэзідэнта Беларусі па падтрымцы таленавітай моладзі. Так што наперадзе ў сталічнай філармоніі — безліч выдатных канцэртаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Фота Уладзіміра ШЛАПАКА І Ірыны УЛАСЕВІЧ