Нагрудным знакам Міністэрства культуры “За ўклад у развіццё культуры Беларусі” ушанавана Майя Рубель — кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля народнай музыкі “Верхнядзвінскія музыкі”, вакальна-харэаграфічнага ансамбля “Ярыца” Верхнядзвінскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Што стаіць за ўзнагародай, даведаемся ў размове з нашай гераіняй.

— Майя Генадзьеўна, віншуем вас з высокай галіновай адзнакай!
— Дзякуй вялікі. Атрымаць нагрудны знак было вельмі хвалююча і крыху нечакана. Прымаючы яго, я поўнілася пачуццём гонару. І не столькі за сябе, колькі за наш Верхнядзвінск, за нашы калектывы, за людзей, з якімі працую. Бо за кожным вынікам стаіць не адзін чалавек, а каманда, аднадумцы: яны вераць, падтрымліваюць, ідуць побач.
— Адкуль вытокі вашага захаплення творчасцю?
— Напэўна, як і ў многіх — з дзяцінства. Я родам з Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. У сям’і спявалі і дзядуля, і мама. Гэта была натуральная частка жыцця, якая, відаць, недзе глыбока ўва мне і засталася. Потым музычная школа — вучылася ігры на баяне, пасля — Наваполацкі дзяржаўны музычны ка- ледж, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры.
З кожным этапам прыходзіла разуменне: музыка не проста захапленне, а нешта значна большае. Тое, без чаго сябе ўжо не ўяўляеш.
Памятаю момант, які, напэўна, шмат у чым вызначыў маю далейшую дарогу. Убачыла выступленне заслужанага калектыву “Пазер’е” ў Паставах. Глядзела на сцэну і думала: як было б добра калісьці стварыць нешта падобнае. Тады гэта здавалася марай. Цяпер разумею: тое была мэта, якая чакала свайго часу.
— І яна пачала набываць канкрэтныя формы? Як гэта адбывалася?
— У 1996-м прыехала працаваць па размеркаванні ў Верхнядзвінскую школу з музыкальна-харавым ухілам. Малады спецыяліст, поўная ідэй… Вельмі хутка з’явілася магчымасць іх рэалізаваць: паставілі задачу падрыхтаваць канцэрт да 9 Мая. Сабраліся такія ж маладыя і захопленыя — выкладчыкі, музыканты, танцоры. Вырашылі не абмяжоўвацца звыклым фарматам і звярнуліся да народнай творчасці — песні, танца, жывой музыкі. Падрыхтавалі некалькі нумароў, выступілі ў гарадскім парку. І адразу адчулі водгук. Нас прымалі цёпла, шчыра, з сапраўднай цікавасцю.
Пасля гэтага мяне запрасілі працаваць у Верхнядзвінскі цэнтр культуры і народнай творчасці. Там і нарадзіўся вакальна-харэаграфічны ансамбль “Ярыца”. З яго пачаўся мой асэнсаваны творчы шлях — з канцэртамі, фестывалямі, конкурсамі, паездкамі і пастаянным пошукам уласнага аблічча.
— Раскажыце, калі ласка, падрабязней пра ансамбль.
— Ён з самага пачатку быў шматгранным: вакал, харэаграфія, інструментальная група. Кожны кірунак жыў сваім жыццём, але разам яны стваралі адзінае цэлае. Вера Іванаўна Новікава — чалавек, які здолеў згуртаваць нас і даць адчуванне, што мы сапраўды можам.
Спярша я працавала як акампаніятар, з цягам часу прыйшла да кіраўніцтва. Імкнуліся да таго, каб кожны нумар быў маленькай гісторыяй — з настроем, ідэяй, нечаканымі рашэннямі. Заўсёды хацелася здзіўляць і кранаць.

Яшчэ, што адметна, большая частка ўдзельнікаў — аматары. Людзі розных прафесій, з рознымі рытмамі жыцця, са сваімі клопатамі. Усіх аб’ядноўвае любоў да песні, музыкі, танца. Ансамбль стаў прасторай, дзе можна адпачыць душой, адчуць сябе часткай чагосьці большага.
— “Верхнядзвінскія музыкі” — іншы кірунак. У чым яго адметнасць?
— Хацелася сабраць музыкантаў, га- товых эксперыментаваць, шукаць новыя фарбы — і ў 2011-м такі калектыў з’явіўся. Усяго сем чалавек, але кожны — яркая асоба са сваім характарам і музычным мысленнем. Цымбалы, гармонік, дудкі, саксафон, укулеле...
Часам уключаем у выступленні звычайныя побытавыя рэчы, напрыклад, чыгункі. Гэта выклікае шчырую эмоцыю, ажыўляе залу.
Таксама актыўна ўдзельнічаем у фестывалях і конкурсах, шмат выступаем. Летась калектыву прысвоілі званне “Заслужаны”. Безумоўна, гэта гонар — але разам з тым і вялікая адказнасць. Бо ўжо іншы ўзровень, які трэба пацвярджаць кожным выхадам на сцэну. Калі пасля выступлення гучаць шчырыя апладысменты — разумееш: усё не дарэмна.
— Ці складана народнай творчасці заставацца ў сучасных умовах цікавай?
— Народнае — гэта аснова, душа. Безумоўна, можна і трэба шукаць новыя формы, але нельга губляць сутнасць. Важна захаваць тую самую мелодыку народнай песні, адчуваць мяжу, за якой эксперымент ужо не ўзбагачае, а разбурае. Калі ўсё зроблена асцярожна, шчыра, якасна — гэта знаходзіць водгук. І ў дарослых, і ў моладзі, што асабліва радуе.
— Як удаецца аб’ядноўваць калектыў і захоўваць згуртаванасць з году ў год?
— Адзінства не ўзнікае само па сабе — яно будуецца праз працу, добразычлівую, здаровую атмасферу і праз сумесны адпачынак. Таму развіваем жыццё па-за сцэнай. У нас ёсць свае традыцыі, якія ўжо — неад’емная частка нашай гісторыі. Праводзім навагоднія, калядныя святы, сустрэчы з элементамі абраду, адзначаем дні нараджэння — заўсёды творча, з невялікімі сцэнарыямі, жартамі, нумарамі.
Часам збіраемся абмеркаваць канцэрт за кубкам кавы, пасмяяцца. Здавалася б, дробязі — але менавіта яны ствараюць тую атмасферу, у якой хочацца застацца.

Аднак, вядома, галоўная сіла — любоў да справы. Калі ідзеш на працу з радасцю — вялікае шчасце. Калі бачыш вынік, калі вакол людзі, у якіх гараць вочы, — гэта натхняе і дае сілы рухацца далей.
— Наперадзе шмат планаў?
— Безумоўна. Хочацца, каб была пераемнасць. Мая мара — стварыць дзіцячыя калектывы, каб традыцыя ішла далей. Каб былі маленькія “музычкі”, маленькія “ярычкі”, якія працягнуць тое, што мы пачалі. Важна развіваць уласную адметнасць. Бо толькі так жыве душа. Жыве культура.
Ганна КАЛІНІНА. Фота з архіва гераіні